Вайсковы экспэрт: Ва Украіне знішчана амаль 70% баяздольных расейскіх танкаў Т-90
2- 1.02.2023, 16:30
- 10,914

Расейскае танкабудаванне адстае ад сучасных метадаў вядзення вайны на пакаленні.
На сёння ва Украіне было задакументаванае (фота/відэа) знішчэнне, пашкоджанне, трафеі 45 расейскіх танкаў Т-90А/С/М "Прарыў". Паводле не задакументаваных звестак гэтая колькасць перавысіла 70 адзінак, піша ўкраінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка.
І ў гэтым кантэксце цікава вось што. Паводле ўсё тых жа задакументаваных звестак, ва Украіне было знішчана 940 танкаў Т-72 з 2030, якія знаходзіліся ў страі, 380 танкаў Т-80 з 550 баяздольных і выходзіць, што 45 з… А вось тут цікавае пытанне, з колькіх?
Мяркуецца, што ў Расеі на ўзбраенні знаходзіцца да 450 танкаў Т-90. Але ўзнікае пытанне, калі ў Расеі дастатковая колькасць баяздольных танкаў Т-90, то чаму з восені 2022 у зоне баявых дзеянняў ва Украіне сталі з'яўляцца экспартныя версіі Т-90С, а не Т-90А/М, якія стаяць на ўзбраенні УС РФ?
З 2010-х танкі Т-90 у расейскім войску выводзіліся са складу і адпраўляліся на захоўванне. На момант пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў расейскага войска баяздольных танкаў Т-90 было не больш, увага, за сотню! Усе астатнія альбо знаходзіліся на кансервацыі, альбо патрабавалі капітальнага рамонту.
Гэта значыць, зыходзячы з наяўных на сёння задакументаваных звестак, ва Украіне было знішчана амаль 50% баяздольных Т-90, «якія не маюць аналагаў у свеце»? Але гэта менавіта, калі мы гаворым пра «задакументаваныя звесткі», а згодна з не задакументаванымі? Выходзіць - 70%?
Менавіта такая катастрафічная колькасць страт баяздольных Т-90 тлумачыць тое, што Расея змушаная заводзіць ва Украіну экспартныя версіі гэтых танкаў, у тым ліку якія прызначаліся Індыі – «Bhishma».
Вынік? А вынік просты. «Т-90, якія «не маюць аналагаў у свеце», у колькасці знішчаных адзінак ані не лепшыя за Т-72 і Т-80. Гэта значыць, мала чым адрозніваюцца ад класічнай савецкай школы танкабудавання, якая адстае ад сучасных метадаў вядзення вайна на пакаленні, з прычыны чаго ў іх і настолькі нізкая выжывальнасць на полі бою.