Стала вядомая дата новага суда над Сяргеем Ціханоўскім
3- 1.02.2023, 9:54
- 6,854

Палітвязень адмовіўся выконваць незаконныя патрабаванні турэмнай адміністрацыі.
Суд у Жодзіне разгледзіць 14 лютага новую крымінальную справу ў дачыненні да палітвязня Сяргея Ціханоўскага, які ўжо адбывае 18-гадовае зняволенне. Інфармацыя пра гэта размешчаная ў раскладзе судовых пасяджэнняў, піша тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу».
Ціханоўскага будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы». Санкцыя артыкула прадугледжвае да двух гадоў пазбаўлення волі.
Як заявілі раней у Следчым камітэце, Ціханоўскі, «знаходзячыся на турэмным рэжыме, нібыта парушаў парадак адбывання пакарання, не рэагаваў на законныя патрабаванні супрацоўнікаў адміністрацыі, грубіў ім, правакаваў сукамернікаў на канфлікты».
Нагадаем, у снежні 2021 года Сяргея Ціханоўскага незаконна асудзілі на 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У ліпені палітвязень быў этапаваны ў калонію № 15 у Магілёве.