Як ВКЛ гуляла лёсам Масковіі
- 9.12.2023, 19:42
- 3,148
Гісторыя бяскроўнай перамогі вялікага князя Вітаўта.
У канцы XIV стагоддзі лёс Маскоўскага княства знаходзіўся на шалях гісторыі. Пачынаецца новая эпоха. У маскоўскім княстве памірае вялікі князь Дзмітрый, вядомы мянушкай Данскі. Улада пераходзіць да Васілія, сына Дзмітрыя, але толькі хан Тахтамыш, гаспадар маскоўскага улуса, мог зацвердзіць ягоныя паўнамоцтвы, піша «Ліцвін».
Паслабленне ўлады вялікага князя ў Маскве магло быць на руку князю Вітаўту. Літвіны ўжо здалелі дамагчыся немалых поспехаў у павелічэнні тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага на ўсходзе. Змену ўлады на маскоўскім пасадзе можна было лёгка выкарыстоўваць для ўмацавання ўплыву Літоўскай дзяржавы. Балазе ў Вітаўта склаліся неблагія стасункі з ханам Тахтамышам, які па-ранейшаму трымаў кантроль над Масквой.
Аднак у татарскіх улусах было неспакойна. Хан Тахтамыш увязаўся ў жорсткую барацьбу з самім Тамерланам, рабіў наезды ў Сярэднюю Азію. Тамерлан спрабаваў утаймаваць ханаў Залатой Арды. Урэшце доля Тахтамыша сталася незайздроснай. Ягоныя войскі пацярпелі паразу, і полчышчы эміра Цімура пераследавалі татараў аж да маскоўскіх земляў. У жніўні 1395 года войскі Цімура ў пагоні за Тахтамышам выйшлі нават да Разанскага княства, ледзь не атакаваўшы Маскву.
Вітаўт паслаў свае палкі для адбіцця войска Тамерлана. Але раптам вораг сышоў у Азію, так і не крануўшы маскоўскія ўдзелы. Тахтамыш мог падняць галаву і ўпарадкаваць свае тумены. Але жыць яму заставалася нядоўга.
У 1406 годзе ён гіне на Іртышы ў бітве са сваім спаборнікам Шадыбекам.
Дагэтуль Вітаўт працягваў умацаванне сваіх пазіцый на ўсходзе. А ў 1399 годзе, падтрымліваючы Тахтамыша, ён нават атакаваў на рацэ Ворскле ягонага супраціўніка эміра Цімура Кутлуга, ад якога і зазнаў страшэнны разгром. У 1401 годзе гэтая параза адгукнулася стратай Смаленскай зямлі, а ў 1401 годзе давялося ўкласці Віленска-Радамскія ўмовы, якія замацоўвалі сюзэрэнітэт Польшчы ў дачыненні да Літвы, прадугледжаны Крэўскім актам.
Пачатая Вітаўтам вайна 1405 года супраць Пскоўскай рэспублікі пацягнула вайсковыя дзеянні супраць маскоўскага князя Васілія. У 1406 годзе маскоўцы абвясцілі вайну літвінам, якая так і не прывяла да генеральнай бітвы.
Пасля кароткага замірэння Вітаўт наважыў нанесці ўдар па Маскве. Ягоныя планы сталі вядомыя князю Васілію. У 1408 годзе на службу да Васілія перайшоў князь Свідрыгайла, які марыў узяць уладу ў Літве. Зацікаўлены ў разгроме Вітаўта Свідрыгайла пераконваў Васілія не ўкладаць з літвінамі замірэння.
Супраціўнікі сустрэліся на берагах ракі Угры. Водная перашкода спыніла варожыя стораны. Адчуўшы, што супрацьстаянне будзе працяглым, войскі заняліся будаўніцтвам абарончых збудаванняў.
Васілій і Вітаўт не важыліся расчацца з адкрытым сутыкненнем. Не ведаючы сапраўднай сілы ворага, яны выяўлялі гранічную асцярожнасць, і асноўную ўвагу надавалі выведным манэўрам, імкнучыся выявіць адзін у аднаго ўсе схаваныя людскія рэзэрвы і прыхаваныя гарматы. Конніца абедзвюх старон наносіла лёгкія ўдары, а пешыя лучнікі вялі абстрэл. Начамі выведнікі сачылі за ворагам.
Фінал супрацьборства, якое трапіла ў стан застою, наспяваў. Прадстаўнікі князёў неаднаразова прымалі спробы развязаць канфлікт мірным шляхам. І ў канчатковым выніку перамогу атрымала дыпламатыя. Вынік перамоў, здаецца, задаволіў усіх. Тэкст пагаднення раніцой зачытаў вяшчальнік з маскоўскага берага.
Галоўным вынікам перамоў стала ўкладанне міру паміж двума княствамі. Некалькі местаў, раней узятых нашымі продкамі, адышлі Маскве, а рака Угра з тых часоў стала лічыцца мяжой паміж старанамі, якія пагадзіліся. Праз семдзесят два гады на гэтай мяжы войска Маскоўскага княства сустрэнецца з татарскім войскам. З гэтага новага супрацьстаяння, паводле афіцыйнай расейскай гісторыі, і закончыцца татарска-мангольскае ярмо на Маскве.
Маскоўскі князь Васілій I паводле Угорскай умовы пагадзіўся спыніць дапамогу збегламу князю Свідрыгайлу. ВКЛ атрымлівала Смаленскую зямлю і Вярхоўскія княствы. Стаянне на Вугры 1408 года стала вялікай і параўнальна бяскроўнай перамогай князя Вітаўта, бо Літоўскае княства змагло ўзмацніць уплывы на Ноўгарод і Пскоў. Гэта значна палегчыла збор сіл для барацьбы з тэўтонцамі напярэдадні Грунвальдскай бітвы 1410 года.
Аб росце ўплыву Вітаўта ў Маскве сведчыў і той факт, што пасля смерці Васілія I у 1425 годзе вялікі князь літоўскі стаў апекавацца над ягоным малалетнім сынам Васіліем II (дачка Вітаўта Соф'я была жонкай Васілія I).