1 траўня 2024, Серада, 5:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вольны казак Васіль Кухарскі

8
Вольны казак Васіль Кухарскі
ВАСІЛЬ КУХАРСКІ

Памяці вядомага актора і сапраўднага героя Украіны.

Калі Васіль Кухарскі пасля цяжкага ранення патрапіў у шпіталь, яго наведаў вядомы амерыканскі актор Шон Пен, які ў гэты час быў ва Украіне. Ён стаў перад ім на калені і сказаў: «Я таксама актор, як і ты. Але ты сапраўдны герой, бо абараняеш радзіму».

Гэтую гісторыю я пачула ад Наталлі Гордзій-Кухарскай, жонкі Васіля, якая амаль чатыры месяцы неадлучна была побач з мужам пасля ранення. Мы ўсе, ягоныя блізкія і сябры, спадзяваліся, што Васіль выжыве, бо ён такі моцны, заўсёды быў скалой, апорай, падтрымкай усім, хто побач: і ў мірным жыцці, і на вайне. Здавалася, для яго моцнай волі і магутнага духу не можа быць ніякіх перашкод. Але 7 снежня Васіль сышоў...

Цяжка знайсці патрэбныя словы, каб перадаць якім чалавекам быў Васіль Кухарскі, але я ўсё ж паспрабую.

Вядомы ўкраінскі актор нарадзіўся 2 снежня 1981 года ў горадзе Радамышль Жытомірскай вобласці. Васіль любіў жартаваць, што ён крыху беларус, бо ў мясцовай гаворцы сустракаецца шмат беларускіх слоў (як і ў беларускіх памежных раёнах часта чуеш украінскую мову). З 2005 года Кухарскі выступаў у знакамітым кіеўскім «Театрі на Подолі» (спектаклі «Сто тысяч», «Пастка», «Механічны апельсін», «Нажніцы», «Прываротнае зелле»), быў лаўрэатам нацыянальных тэатральных прэмій.

КАДР З ФІЛЬМА: «МАКСИМ ОСА: ЗОЛОТО ПЕСИГОЛОВЦЯ»
КАДР З ФІЛЬМА: «МАКСИМ ОСА: ЗОЛОТО ПЕСИГОЛОВЦЯ»

Выканаў дзясяткі роляў на тэлевізіі і ў кіно, а таксама галоўную ролю ў фільме «Максим Оса: золото Песиголовця». Гэты фільм мае вялікае значэнне для Украіны, бо ён аб сіле казацкага духу, аб пераможцах і аб тым, што за сваю свабоду трэба змагацца.

Калі пачалася вайна, Васіль Кухарскі з жонкай і маленькім сынам жылі ў Бучы. Расейскія танкі ўжо былі ў горадзе, калі актор з сям'ёй эвакуіраваліся ў Кіеў. Іх дом быў захоплены акупантамі. Васіль не стаў чакаць павесткі і пайшоў добраахвотнікам на фронт. Быў малодшым сяржантам стралковага кулямётнага ўзвода. Спачатку браў удзел у баявых дзеяннях пад Кіевам, потым – на Бахмуцкім і Аўдзееўскім кірунках. Узнагароджаны Залатым крыжам УСУ – узнагародай галоўнакамандуючага Валерыя Залужнага.

ВАСІЛЬ КУХАРСКІ

Пабрацімы вельмі любілі Васіля: «актор», як яны яго называлі, ніколі не хваліўся сваёй славай ці статусам, валодаў унутранай інтэлігентнасцю, абаяннем і харызмай. І галоўнае: заўсёды захоўваў спакой, нават у самых складаных умовах бою, калі ў кожную секунду можа здарыцца непапраўнае. Наадварот, не будучы фармальна камандзірам, рашуча спыняў паніку, калі яна раптам узнікала, супакойваў, абʼядноўваў і настройваў на зладжаныя камандныя дзеянні. Заўсёды абавязкова маліўся перад боем, бо быў чалавекам набожным.

У адным з апошніх інтэрвʼю Васіль Кухарскі казаў:

«На вайне многія няверуючыя становяцца вернікамі... Я сустракаў людзей, якія казалі: «Так, што ты мне расказваеш, які там Бог! Толькі УСУ і мы. Ты што думаеш, што Бог танчыкам страляе ці яшчэ што-небудзь такое?!». Але калі прыязджаеш на пазіцыю і прылятае блізка, я заўважаў, як некаторыя байцы ў хованцы, недзе ў кутку, пачыналі раптам звяртацца да Бога. І там, у акопе, пачыналі верыць у сілу, якая, накрываючы іх, пакінула ў жывых.

ВАСІЛЬ КУХАРСКІ
КАДР З ФІЛЬМА: «МАКСИМ ОСА: ЗОЛОТО ПЕСИГОЛОВЦЯ»

На вайне ўсе баяцца, але страх не павінен паралізаваць чалавека, ён павінен стаць сілай для развязання тых ці іншых задач...

Малітвы дораць дзіўную сілу. Перад тым як ісці ў бой, хлопцы чытаюць малітву. Таму што Бог – гэта сіла. І я бы казаў спачатку «Слава Богу!», а потым ужо – «Слава байцам!». Таму што Божая воля, любоў і святло акрыляюць тых байцоў, якія ідуць на знішчэнне ворага. Слава УСУ залежыць ад сілы Божай».

Васіль Кухарскі выдатна спяваў. Да вайны ён удзельнічаў у папулярным украінскім праекце «Х-Фактар», дзе выканаў кампазіцыю з оперы «Notre Dame de Paris» – «Le temps des cathédrales». Гэтую песню Васіль і спяваў байцам у рамках «Культурнага дэсанта» за дзве гадзіны да фатальнага ранення на перадавой Запарожскага кірунку...

Васіль зняўся ў кліпе песні Святаслава Вакарчука «Трымай!». З лідарам «Акіяна Эльзі» ў актора былі добрыя стасункі, спявак наведваў яго ў шпіталі і прысвяціў гэтую песню памяці сябра.

Апошняя роля Васіля Кухарскага – роля Анёла ў кароткаметражнай стужцы «Гісторыя аднаго Анёла» яго жонкі Наталлі Гордзій-Кухарскай. Там яго герой кажа, што некаторыя людзі прыходзяць на зямлю, каб «перафарматаваць мараль чалавецтва».

Васіль Кухарскі быў менавіта такім чалавекам. Імкнуўся несці святло і дабро. Абараняў сваю радзіму ад зла. Дапамагаў шматлікім людзям. Ён адназначна зрабіў свет больш добрым і справядлівым.

Васіль свята верыў, што:

«Нішто не зменіць ідэі, час якой надышоў! Мы павінны жыць у любові і святле, і мы павінны радавацца жыццю. Бо такім нас зрабіў Бог, такімі мы прыйшлі на гэтую зямлю: рабіць яе яшчэ лепшай. Свет павінен прыйсці да разумення, што жыць трэба з любоўю і ў радасці. Пазітыў і дабро – гэта аснова Божай волі. Таму дзякуй Богу, што мы рухаемся далей, робім добрыя справы і чысцім планету ад зла. Вызваляем нашу Украіну ад тых цёмных сіл, якія існавалі даўно і існуюць сёння. А калі чалавек пераходзіць на бок свету, то цемры ўсё менш. Таму пабольш бы людзей святла, якія дзейнічаюць на карысць».

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

ВАСІЛЬ КУХАРСКІ

Развітанне з Васілём Кухарскам пройдзе ў Кіеве заўтра, 10 снежня:

10-00 у «Театрі на Подолі» (Андріївський узвіз, 20Б)

13-00 ва Уладзімірскім саборы (бул. Тараса Шаўчэнкі, 20)

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках