Бухта Новарасійска гарыць пасля выбухаў і стральбы
11- 9.12.2023, 14:42
- 43,024
Нядаўна туды былі эвакуяваныя караблі Чарнаморскага флоту РФ.
Жыхары Новарасійска Краснадарскага краю РФ паскардзіліся на гукі выбухаў днём 9 снежня. Пасля іх пачаліся аўтаматныя чэргі, а на беразе Новарасійскай бухты расейцы заўважылі пажар.
Мясцовыя ўлады запэўніваюць, што гукі, якія напалохалі жыхароў Новарасійска, нібыта «звязаныя з вучэннямі».
Падрабязнасці паведамляе расейскае выданне ASTRA.
«Блізу 11.55 былі чуваць выбухі, прыкладна да 12.20 яны спыніліся, але пачаліся аўтаматныя чэргі, а цяпер на супрацьлеглым беразе бухты нешта вельмі падобнае на пажар. Пажар толькі разгараецца», – працытавалі журналісты словы жыхара Новарасійска.
Агонь, заўважаны мясцовымі, яны знялі на відэа.
Пры гэтым улады запэўніваюць, што «нічога такога ў Новарасійску не адбылося».
«З 11:00 да 13:00 стрэльбы ў НВМБ (Новарасійская ваенна-марская база) будуць праводзіцца кожную суботу», – заявіў мясцовым СМІ кіраўнік Управы ГА і НС Новарасійска Ігар Васільеў.
Як удакладняюць журналісты, загадзя жыхароў горада пра «вучэнні» не папярэджвалі.
Нагадаем, што пасля ўдараў марскіх дронаў УСУ па Севастопалі Расея перакінула караблі Чарнаморскага флоту ў Новарасійск..