«Расея распадзецца трэці раз»
22- 9.12.2023, 20:57
- 25,226
У канструкцыі закладзеная велізарная «міна».
Расейцы пачынаюць стамляцца ад вайны і ўсё часцей пытаюцца Уладзіміра Пуціна, калі яна скончыцца. Аднак у краіны-агрэсаркі не існуе механізму, якім можна канвертаваць незадаволенасць, раздражненне і стомленасць людзей у пэўных дзеяннях.
Такое меркаванне «24 Каналу» выказаў расейскі апазіцыйны журналіст Ігар Якавенка, адзначыўшы, што ўсе структуры, якія маглі б узначаліць гэты рух, знішчаныя. Людзі, якія прэтэндавалі на ролю палітычных лідараў, знаходзяцца альбо ў турме, альбо ў эміграцыі.
Хто можа запусціць працэс распаду Расеі
У краіны-агрэсаркі ёсць унутранае войска, накіраванае на знішчэнне любога пратэсту. Гаворка ідзе пра ФСБ, Расгвардыю, паліцыю – усе гэтыя структуры гатовыя знішчыць любую колькасць пратэстоўцаў, валодаючы для гэтага сілай і патэнцыялам. У таталітарных дзяржавах пратэсты ніколі не заканчваюцца поспехам.
Што да таго, хто можа справакаваць працэс распаду, то варта ўзгадаць гісторыю СССР. Бо 8 снежня 1991 года было падпісанае Белавежскае пагадненне, якое стала другім этапам распаду Расейскай імперыі ў форме Савецкага Саюза.
Першым этапам быў 1917 год. Паводле словаў Якавенкі, падчас Першай сусветнай вайны салдаты стаміліся ваяваць незразумела за якія мэты, бо ўдзел Расеі ў гэтай вайне не меў ніякага сэнсу. Правёўшы 4 гады ў акопах, яны выйшлі адтуль і ўваткнулі штык – хто ў зямлю, а хто ў свайго камандзіра.
«У выніку Расейская імперыя ўпершыню распалася, але потым зноў сабралася. Роўна 32 гады таму яна распалася другі раз. Я думаю, што ў выніку гэтай вайны распадзецца трэці раз і ўжо канчаткова. Далакопам Расеі стане Уладзімір Пуцін, які сваімі рукамі падрыхтаваў усё да распаду», – падкрэсліў Ігар Якавенка.
Якія чыннікі могуць паўплываць на распад
Ёсць некалькі адчувальных момантаў, якія могуць гэтаму спрыяць. Узгадваючы першы распад Расеі, трэба ведаць, з чаго пачалася Лютаўская рэвалюцыя. Тады гэта называлі «хлебныя бунты». Жанчыны выйшлі на дэманстрацыю і сярод іх пайшла чутка, што не стае хлеба, таму пачаўся стыхійны жаночы бунт. Людзі ўрываліся ў хлебныя крамы, так узнік штучны дэфіцыт.
«Далей праз шэраг падзей бунт пачаў разрастацца, узнік беспарадак, які ў Расеі не змаглі спыніць. У выніку адбылася сапраўдная Лютаўская рэвалюцыя, а потым і Кастрычніцкі пераварот. Існавала балючае месца, на якое націснулі, і ўсё пачало рассыпацца», – заўважыў расейскі апазіцыйны журналіст.
Ён дадаў, што ў канструкцыі СССР і цяперашняй Расеі закладзеная вялізная «міна». Яна створаная штучна і сілай. Гэтая энэргія распаду схаваная ў цэнтрабежных тэндэнцыях, гаворыцца пра нацыянальныя рэспублікі, напрыклад пра Паўночны Каўказ, Татарстан, Башкартастан.
«Усе яны ўтрымліваюцца сілай, таму што нішто не сумяшчае, напрыклад, Чачню і Екацерынбург. Няма логікі, якая тлумачыць, чаму гэтыя дзве тэрыторыі павінны быць у складзе адной дзяржавы. У іх няма нічога супольнага. Трэба толькі аслабнуць сілавым структурам і адразу прыйдзе энэргія распаду», – падкрэсліў Якавенка.
Пасля распаду СССР пераважна ўсе краіны, акрамя Расеі, набылі свабоду. Падобныя тэндэнцыі, якія былі некалькі дзесяцігоддзяў таму, змогуць разваліць краіну-агрэсарку, як некалі развалілі Савецкі Саюз.