Для лукашыстаў у Гомельскай вобласці набываюць крэсла «Бюракрат», здольнае вытрымаць 181 кг.
6- 9.12.2023, 13:33
- 7,690
Назва і характарыстыкі мэблі гавораць самі за сябе.
Камітэт ідэалагічнай працы і справаў моладзі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта набывае офісныя крэслы для кіраўніцтва. Купля робіцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту ў працэдуры закупкі з адной крыніцы, у сувязі з чым цяпер можна даведацца якія крэслы будуць набытыя, паведамляе «Флагшток».
У камплект закупкі ўваходзіць крэсла кіраўніка «Бюракрат T-9950 Leather» коштам 970 рублёў. Крэсла расейскай вытворчасці выкананае з натуральнай скуры, што надае яму прэстыжны выгляд. Крэсла здольнае вытрымліваць нагрузку да 181 кілаграма, у сувязі з чым падыходзіць для кіраўнікоў рознага целаскладу.
У камплект таксама ўваходзяць 4 крэслы «Metta Samurai Comfort-1.01». Гэтыя расейскія мадэлі таксама пазіцыянуюцца як мэбля для кіраўнікоў. Набываецца крэсла коштам 955 рублёў, выкананае са штучнай скуры. Ягоная асаблівасць – магчымасць разгойдвання чалавека, які сядзіць. Акрамя таго крэсла здольнае вытрымліваць нагрузку да 150 кілаграмаў, у выніку чаго гэтая мадэль карыстаецца папулярнасцю ў кіраўнікоў буйнога целаскладу.