Юозас Алекас: Патрабую неадкладна падаць інфармацыю пра месцазнаходжанне і самаадчуванне Міколы Статкевіча
12- 9.12.2023, 14:56
- 14,434
Адсутнасць звестак пра лідара беларускай апазіцыі больш за 300 дзён непрымальная.
Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента датычна Беларусі, еўрадэпутат, экс-кіраўнік Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя Літвы Юозас Алекас запатрабаваў ад рэжыму Лукашэнкі неадкладна падаць інфармацыю пра месцазнаходжанне і самаадчуванне лідара беларускай апазіцыі Міколы Статкевіча.
«Я патрабую ад беларускіх уладаў неадкладна падаць інфармацыю пра месцазнаходжанне і самаадчуванне Міколы Статкевіча.
Адсутнасць інфармацыі пра Статкевіча больш за 300 дзён непрымальная.
Не было ні лістоў, ні званкоў ад яго, ні кантактаў з адвакатам, ні спатканняў з жонкай», – напісаў Юозас Алекас у сацсетцы X (Twitter).
Раней галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна запатрабавала ад беларускіх уладаў аспрэчыць атрыманую ад некалькіх крыніцаў інфармацыю пра магчымую смерць у турме лідара беларускай апазіцыі Міколы Статкевіча.
«Пакажыце Міколу Статкевіча, калі ён жывы, ягонаму самаму блізкаму і роднаму чалавеку – Марыне Адамовіч. Дазвольце ім спатканне ці хоць бы відэазванок!
У адваротным выпадку ваша маўчанне будзе азначаць, што крыніцы маюць рацыю і на сумленні Лукашэнкі і ягоных карнікаў смерць яшчэ аднаго палітвязня», – заявіла Наталля Радзіна.