24 лютага 2024, Субота, 16:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Многія былі ў шоку»: украінка ў TikTok расказвае праўду пра Беларусь сваім суайчыннікам

153
«Многія былі ў шоку»: украінка ў TikTok расказвае праўду пра Беларусь сваім суайчыннікам

Інтэрв'ю з Крысцінай Кафкай, якая ведае пра беларусаў больш, чым шмат палітыкаў у Кіеве.

Відэа ўкраінкі Крысціны Кафкі пра Беларусь у TikTok набіраюць дзясяткі тысяч праглядаў. У іх блогерка тлумачыць украінцам, што насамрэч адбываецца ў нашай краіне.

«Калі вы думаеце, што беларусы такія ж, як і расейцы, «хаўруснікі ў спецаперацыі», то вы як мінімум тупыя», — звяртаецца да сваіх суайчыннікаў Крысціна ў адным з відэа.

Выкраданні апанентаў Лукашэнкі ў канцы 90-х, Плошча-2006, рэвалюцыя ў 2020-м, беларускія добраахвотнікі - гэта не поўны спіс тэм, на якія яна запісвае відэа.

Чаму Крысціна Кафка выбрала для сябе ролю «адваката беларусаў»? Пра гэта і не толькі яна расказала ў інтэрв'ю сайту Charter97.org.

«Украінцы чытаюць пра чачэнцаў, а пра Беларусь нічога не ведаюць»

@hrystynakafka Заливаю старі відео, шоб не загубились #білорусь #білорусьукраїна #славаукраїні #жывебеларусь ♬ оригінальний звук - Шановна

- Вы ў сваім TikTok шмат увагі надаяце Беларусі. Адкуль такая зацікаўленасць?

- Гэта звычайная цікавасць да актуальных падзей, якія ўзніклі ў 2020-м годзе. Я проста назірала за тым, што адбываецца, асабліва не ўнікала ў дэталі, усё дастаткова павярхоўна ўспрымала. А ўжо ў 2022-м, пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання, сутыкнулася з тым, што некаторыя ўкраінцы не разумеюць, што адбываецца ў Беларусі, не ведаюць, што было ў 2020-м годзе.

У Нямеччыне сустрэла людзей (ва Украіне ні разу не сустракала), якія крытыкавалі мяне за тое, што я вучу беларускую мову. Яны сказалі: «Як гэта так, ты вучыш беларускую мову ў той час, калі з Беларусі ва Украіну ляцяць ракеты». Зразумела, што ніякай сувязі паміж беларускай мовай і расейскімі ракетамі няма. Адпаведна, я пастанавіла, што мне трэба такім людзям расказаць, што адбываецца, раз яны не ў курсе і не могуць самастойна выбудаваць лагічны ланцужок.

У той час я пачынала здымаць відэа для свайго TikTok і науважыла адразу пасля тых падзей на эмоцыях запісаць ролік. Ён набраў больш за 200 тысяч праглядаў, і я ўбачыла, што беларусы маюць патрэбу ў такім кантэнце ад украінцаў, бо ім патрэбная маральная падтрымка. У такі час нам усім патрэбная маральная падтрымка. Украінцы таксама маюць патрэбу ў такім кантэнце, бо шмат людзей былі ў шоку, яны не разумелі, адкуль увогуле можа быць цікавасць да Беларусі ва ўкраінкі, чаму нам трэба разумець, што там адбываецца. Яны не разумелі, што пытанне свабоднай Беларусі - гэта і пытанне нацыянальнай бяспекі Украіны.

Пасля гэтага відэа я ўсё больш унікаю ў актуальную сітуацыю і разумею, наколькі гэта зараз важна. Гэта важна для перамогі Украіны ў вайне, каб Расея прызнала сваю віну перад усімі прыгнечанымі народамі, каб імперыя распалася. Ад таго, ці будуць украінцы разумець, што адбываецца ў іншых прыгнечаных народаў, залежыць нашая незалежнасць і незалежнасць усіх астатніх.

Таму, зразумела, у мяне ёсць матывацыя нешта пра Беларусь даследаваць. Калі ўкраінцы, напрыклад, пра крымскіх татар нешта чытаюць, пра картвэлаў (саманазва грузінаў — рэд.), пра чачэнцаў, пра Беларусь ніхто нічога не ведае. Бачу дэфіцыт інфармацыі і хачу паспрабаваць яго запоўніць.

«Украінцы глядзяць на беларусаў вачыма расейскай прапаганды»

- Чаму, на вашую думку, украінцы так мала ведаюць пра беларусаў? Бо гэта найбліжэйшыя народы.

- Відавочна, што гэта ў інтарэсах расейскай прапаганды, каб беларусы і ўкраінцы сварыліся, канфліктавалі, каб яны не разумелі, што адбываецца адзін у аднаго. Інакш беларусы і ўкраінцы могуць аб'яднацца супраць Расеі і разваліць гэтую імперыю. Расейцы гэта цудоўна разумеюць, таму спускаюць розныя прапагандысцкія наратывы ў нашы інфармацыйныя прасторы.

Гэта можна пабачыць на прыкладзе таго, як беларусы не разумелі, што адбывалася на Майдане. А ўсё праз тое, што ў беларускіх навінах тыя падзеі асвятлялі зусім па-іншаму, была такая дэманізацыя Рэвалюцыі Годнасці. Некаторыя беларусы не спецыяльна, але павёўшыся на наратывы гэтай прапаганды, казалі: «Мы не хочам як на Майдане». То бок, такія наратывы прысутнічалі, але не таму, што беларусы не хацелі, каб было так як на Майдане, яны не хацелі так, як ім Майдан паказвала Расея.

Пазней гэта вылілася ў такую фразу, якую кажуць украінцы, што «беларусы выходзілі толькі з кветачкамі», «здымалі абутак на лавачках», што гэта ўся сутнасць пратэстаў 2020-га года. Мы ведаем, што гэта не так, але ўкраінцы не ведаюць, што было інакш, бо расейская прапаганда ўплывала і на ўкраінскія СМІ. Крыніцы расейскай прапаганды - гэта ж не толькі выданні ў РФ, але і ў іншых краінах, на якія Крэмль непасрэдна ўплывае. Расейская прапаганда ёсць нават у Амерыцы. Адпаведна, расейская прапаганда ўплывала і на ўкраінскія СМІ, украінцы даведваліся пра Беларусь ад расейцаў. Украінцы глядзелі і глядзяць зараз на Беларусь вачыма расейскай прапаганды. Менавіта таму і ўзнікаюць такія непаразуменні.

«Не было такога прэзідэнта Украіны, які не ціснуў бы руку Лукашэнку»

@hrystynakafka #білорусьукраїна #лукашенко #славаукраїні #жывебеларусь ♬ The Champion - Lux-Inspira

- Ці падзяляюць зараз ва Украіне беларусаў і рэжым Лукашэнкі?

- Тыя, хто разумее, што адбываецца ў Беларусі, падзяляюць рэжым і народ. Яны разумеюць, што беларускі народ з'яўляецца ахвярай лукашэнкаўскага рэжыму, гэты рэжым арыентаваны на Расею, ён не прадстаўляе волю народа, а толькі яе душыць.

Украінцы, якія ніколі нічога не чулі пра Беларусь, не разумеюць, і, на жаль, з імі трэба працаваць. Але праблема ў тым, што сярод такіх людзей ёсць і медыйныя асобы, якія ўплываюць на інфармацыйную прастору Украіны. Украінцы да іх прыслухоўваюцца. Адпаведна, яны далей распаўсюджваюць гэтае меркаванне. Гэта можна назіраць сярод блогераў, вядомых валанцёраў, вядомых палітыкаў.

Зразумела, што ва Украіне ёсць пэўныя медыярэсурсы, ёсць людзі, якія выказваюцца ў падтрымку Беларусі, але гэтага мала ў параўнанні з тым, як пра гэта гаворыць, напрыклад, Міхаіл Падаляк. Таму што яго словы супраць слова якога-небудзь адміністратара пабліка ў Telegram з некалькімі тысячамі падпісчыкаў – гэта каласальная розніца.

Мне падаецца, што разумныя і адукаваныя ўкраінцы, якія разумеюць, што адбываецца, яны і так падтрымліваюць беларусаў. Але ёсць яшчэ адна праблема. Украінцы, якія падтрымліваюць беларусаў, звычайна не ўступаюць у канфлікты ў інтэрнэце, яны звычайна не выказваюцца.

Бачыла, як украінцы пішуць штосьці ў падтрымку беларусаў, але я таксама ведаю людзей, якія падтрымліваюць, але робяць гэта ціха, яны не выказваюцца, гэтага няма ў публічнай прасторы. Але ў публічнай прасторы ёсць шмат крыкаў пра тое, што «беларусы самі вінаватыя ў тым, што ў іх дыктатура». Людзі, якія любяць канфліктаваць, вельмі актыўныя ў сацсетках, таму можа скласціся ўражанне, што многія ўкраінцы не разумеюць, што адбываецца.

Можа скласціся ўражанне, што нават большасць гэтага не разумее. Трэба якія-небудзь сацыяльныя даследаванні правесці, было б цікава даведацца, колькі насамрэч адсоткаў украінцаў падзяляюць Лукашэнку і беларусаў.

- Чаму, на вашую думку, да 2020-га года Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне?

- Гэта ўплыў расейскай прапаганды і наступствы палітыкі ўкраінскіх уладаў. Я ў гэтым не спецыялістка і не моцна разбіраюся, але як простая назіральніца бачыла, як той жа самы Пятро Парашэнка ціснуў руку Лукашэнку. Мне падаецца, што не было такога прэзідэнта Украіны, які не ціснуў бы руку Лукашэнку.

Магчыма, гэта такая цынічная пазіцыя - пакуль зло на нас не нападае, пакуль зло нам не шкодзіць, мы стараемся з ім неяк дружна жыць. А калі зло ўжо датычыцца нас, калі мы непасрэдна праз яго пакутуем, тады мы пачынаем нешта рабіць. Мне падаецца, што гэта якраз наступствы агульнай абвесткі, калі нам Лукашэнку паказвалі як гаспадарчага дзядулю, які прыязджае на поле і пытаецца пра ўраджай, як бульбачка вырасла. Гэта поўны абсурд, але, на жаль, ён працуе.

Гэты абсурд можа прывесці чалавека да ўлады, і гэты абсурд лёгка вядзе за сабою масы. Вось ім падабаўся, напрыклад, Алег Ляшко (лідар украінскай «Радыкальнай партыі» - рэд.), бо ён з віламі хадзіў. Але я сумняваюся, што нехта чытаў яго перадвыбарчую праграму. Ці наўрад наогул хтосьці цікавіўся, чым займаецца Алег Ляшко, усе вяліся на вілы. Гэтак сама і з Лукашэнкам, ён папуліст, ён умее шмат гаварыць, вешаць локшыну на вушы. І ўкраінцы глядзелі на гэтую локшыну і дзівіліся: «Божа, як хораша гэты хлопец кажа, дайце і нам такога».

У гэтым ёсць уплыў уладаў. Калі ўкраінская ўлада сябруе з Лукашэнкам, гандлюе з ім, вядзе перамовы ў Менску, дзе «Лукашэнка - гарант бяспекі і добры сябар Украіны» (неяк так казаў Парашэнка), то зразумела, што ўкраінцам здаецца, што Лукашэнка насамрэч робіць штосьці добрае для Украіны. Таму рэйтынг Лукашэнкі быў такі высокі.

А зараз я прачытала ў сваім TikTok цікавы каментар ад адной жанчыны (дзякуй Богу, гэта не масавая з'ява). Яна напісала, што Лукашэнка «ўдарыў нас нажом у спіну». Гэтая жанчына не чакала, што ён у 2022-м годзе пусціць расейскія войскі праз тэрыторыю Беларусі. Гэта рэальныя людзі, якія такога не чакалі. Пры гэтым жанчына сцвярджае, што жыла ў Беларусі. Бывае ўсялякае, але, хутчэй за ўсё, гэта ўсяго толькі ўплыў прапаганды.

Можна сказаць, што Беларусь - гэта краіна, захопленая тэрарыстамі. Калі ўкраінец выказваецца, што Беларусь як дзяржава з'яўляецца хаўрусніцай Расеі, то гэта як мінімум некарэктна. Лукашэнка з'яўляецца хаўруснікам Расеі, лукашэнкаўскі рэжым разам з яго спецслужбамі, разам з міліцыяй, разам са сваім войскам з'яўляецца хаўруснікам Расеі. Але гэтая меншасць, якая не мае пад сабой нейкага ідэалагічнага падмурка. Гэта людзі ці апрацаваныя прапагандай, ці ў якіх адсутнічаюць маральныя прынцыпы. Чалавек, здольны здзекавацца з іншых людзей, відавочна не кіруецца нейкімі маральнымі прынцыпамі, нейкай ідэяй. Ён кіруецца або грашыма, або нейкімі нездаровымі тараканамі ў галаве.

«Свабодная Украіна і свабодная Беларусь дапамогуць расейцам пераасэнсаваць сваю культурную спадчыну»

- Якімі будуць стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі ў будучыні?

@hrystynakafka Я знаю, що вас бісить поєднання цих кольорів, вибачте. #білорусьукраїна #славаукраїні #українськізмі #російськапропаганда #жывебеларусь ♬ Piano sonata in the style of 18th century classical music ... - kenapo

- Магу сказаць толькі тое, на што спадзяюся. У маім ідэальным свеце Украіна і Беларусь - добрыя сябры і суседзі. Гэта краіны, якія ў будучыні, пасля перамогі Украіны, будуць разам працаваць над тым, каб Расея прызнала сваю віну, як гэта было з Нямеччынай пасля Другой сусветнай вайны.

Для мяне гэта павінна выглядаць так: свабодная Украіна і свабодная Беларусь дапамагаюць расейцам пераасэнсаваць сваю культурную спадчыну. Калі прааналізаваць расейскую культуру, літаратуру, мастацтва, то мы бачым, што гэтая прапаганда («расейскага свету» - рэд.) стварае сама сябе. Мы можам узяць якога-небудзь умоўнага аўтара расейскай літаратуры, які не ставіў сабе за мэту напісаць прапагандысцкія творы, але ў іх усё адно будзе гэтаяабвестка. Гэтая прапаганда, гэтыя імперыялістычныя ідэі, яны цягнуцца ўжо стагоддзямі. Адпаведна, нам трэба гэтае імперыялістычнае мысленне, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне, выкараняць, рэфармаваць, дапамагаць расейцам пераасэнсаваць рэальнасць. Не з прычыны таго, што мы ўсе такія добрыя і хочам расейцам дабра, не, мы хочам дабра ў першую чаргу сабе.

Мы хочам, каб нашыя нашчадкі больш не ваявалі, таму, спадзяюся, што пасля перамогі Украіны і зрынання злачыннага рэжыму ў Беларусі, мы будзем разам працаваць над гэтым пытаннем. Калі мы пакінем Расею проста так у спакоі, не будзе Лукашэнкі, а будзе нехта іншы, а Украіна проста верне свае тэрыторыі, то мы рызыкуем праз гадоў 30-50 атрымаць новую вайну. І мы не ведаем, на чыёй тэрыторыі яна будзе: на тэрыторыі Беларусі ці Украіны. Гэта будзе залежаць ад таго, што расейская ўлада сабе надумае.

@hrystynakafka Так шо перш ніж обсирати білорусів, почитайте про них в інтернетах! #білорусьукраїна #славаукраїні #жывебеларусь ♬ Birds and sparrows (environmental sounds / natural sounds)(322163) - somosomowhat

Напісаць каментар 153

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках