У Екацерынбурзе ў беларускіх тралейбусаў сталі раптоўна адвальвацца «рогі»
9- 4.12.2023, 16:53
- 7,438

Тэхніку давялося зняць з маршруту.
Эпідэмія паломак захліснула новыя беларускія тралейбусы ў Екацерынбурзе, піша мясцовае выданне Е1.ru.
У мінулыя выходныя як мінімум у дзвюх машынаў раптам адваліліся штангі токапрыёмнікаў (у народзе іх яшчэ завуць рогамі ). Праз гэта тралейбусы давялося зняць з маршруту і выправіць у парк.
– Факт паломкі пацвярджаем, – паведамілі ў Гартрансе Екацерынбурга. – Разбіраемся, чаму гэта адбылося.
Крыніца выдання, знаёмая з сітуацыяй, удакладніла, што паломка новых тралейбусаў магла адбыцца праз дрэнна закручаныя ніты: «Іншыя машыны ў той дзень заганялі ў парк, каб працягваць штангі».
У 2023 годзе Екацерынбург атрымаў партыю новых беларускіх тралейбусаў. Кожны такі тралейбус каштаваў гораду 30 мільёнаў расейскіх рублёў.
Нагадаем, у жніўні ў расейскім Санкт-Пецярбургу пастанавілі адмовіцца ад беларускіх аўтобусаў МАЗ праз непаладкі, якія могуць прывесці да пажараў. Летась было не менш за шэсць такіх выпадкаў. Апошні выпадак загарання адбыўся 1 снежня сёлета. А ў лістападзе ў Самары загарэўся трамвай, які збіралі на заводзе «Белкамунмаш».