18 лiстапада 2024, панядзелак, 5:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Мы перажываем апошнюю фазу распаду імперыі

7
Андрэй Саннікаў: Мы перажываем апошнюю фазу распаду імперыі

У нашым рэгіёне знаходзіцца ключ да бяспекі свету.

Якім быў год для Беларусі і свету? Хто галоўныя героі 2023-га? Чаго чакаць у 2024-м?

Пра гэта і не толькі сайт Charter97.org спытаў лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

– У гэтым годзе ўсе гаварылі пра глабальнае супрацьстаянне свабоднага свету і «восі зла». Асабліва моцна пра гэта загаварылі пасля пачатку вайны на Блізкім Усходзе. Хто ў гэтым супрацьстаянні можа запісаць сабе ў плюс 2023-і год: вольны свет або «вось зла»?

– Год быў трагічны: загінула велізарная колькасць людзей ва Украіне, у Ізраілі, катуюць і забіваюць палітвязняў у Беларусі. Гэтыя ахвяры – вынік наступу «сілаў зла». Але які ж гэта плюс? Гэта склад злачынства.

Трагедыі загінулых людзей застануцца з намі назаўжды, нават пасля помсты. Мы не маем права забывацца.

Свабодны свет вельмі доўга не хацеў заўважаць злачынстваў постсавецкіх рэжымаў, гандляваў з імі, падтрымліваў з выгадай для сябе – вось і атрымалі вайну ў Еўропе.

Мы бачым, як беспрэцэдэнтна абвастрылася супрацьстаянне дабра і зла па ўсім свеце. Калі гаварыць пра наш рэгіён, то, на мой погляд, мы цяпер перажываем апошнюю фазу распаду савецкай імперыі.

Рознымі аскепкамі гэтай імперыі кіруюць нават не спадчыннікі позняга Брэжнева, і ўжо дакладна не Гарбачова, а ідэйныя прадаўжальнікі выканаўцаў «чырвонага тэрору» часоў грамадзянскай вайны ў Расеі. Тых самых, якія адчувалі жывёльную нянавісць да культуры, адукацыі, гісторыі сваёй краіны, а, такім чынам, да людзей, для якіх гэта было каштоўнасцю.

Цяпер іх паслядоўнікі знішчаюць тое, што было здабытае працай цэлых пакаленняў і коштам жыцця нашых продкаў. Мы доўга ўжо жывем пад гэтым ярмом, але гэта не значыць, што мы маем права прымаць гэтую калгасную ўладу. І мы яе не прымаем.

Што ў нас, што ў Расеі да ўлады прыйшлі якраз тыя, пра каго спявалася ў камуністычным гімне «Інтэрнацыянал»: «Мы наш, мы новы свет збудуем, хто быў нікім, той стане ўсім!»

Звярніце ўвагу, як там вызначаецца змест новага свету – «хто быў нікім, той стане ўсім!». Гэта сёння і адбываецца, прычым як ва ўладзе, так і ў апазіцыі. У гэтым галоўны корань сённяшніх бедаў: ніхто дарваліся да ўлады.

Гаварыць пра нейкія перавагі аднаго ці іншага боку не варта, проста трэба рабіць усё для знішчэння зла. На сёння мірнае суіснаванне дабра і зла проста немагчымае.

– Вы кажаце, што не трэба гаварыць пра перавагі нейкага боку, але апошнім часам узмацніўся наратыў, які можна прасачыць у тым ліку і на Захадзе, і ў заходніх СМІ: «Расея ўстала на вайсковыя рэйкі», «Крэмль паспяхова абыходзіць санкцыі», «Пуцін можа прадаўжаць вайну гадамі». Колькі ў гэтым праўды, а колькі расейскай прапаганды і блефу Крамля?

– Гэта добрае пытанне і сур'ёзная праблема. Той, хто мяркуе, што стаіць на баку дабра, павінен разумець, што гэтыя наратывы ўкідваюцца злом: Крамлём, Лукашэнкам, «карыснымі і бескарыснымі ідыётамі», якія сёння спрабуюць адбельваць Пуціна на Захадзе. Дапушчэнне таго, што Расея можа перамагчы, у корані няслушнае.

Пастаноўка пытання павінна быць адна – што мы можам зрабіць для таго, каб знішчыць крамлёўскую ўладу, усе пракрамлёўскія рэжымы (вакол Крамля і на далёкіх подступах)?

Сёння гаворка ідзе пра захаванне чалавечай цывілізацыі, і падобныя ўкідкі не што іншае, як гібрыдная вайна супраць гэтага чалавецтва.

– Андрэй Алегавіч, якім гэты год быў для Беларусі?

– Вельмі цяжкім. Значна дадалося палітвязняў. Сёння рэжым Лукашэнкі, карыстаючыся тым, што ўвага свету адарваная на вайну супраць Украіны, тэрарыстычную вайну ХАМАС супраць Ізраіля, проста перайшоў усе бачныя і нябачныя межы ў сваіх здзеках з палітвязняў.

На вачах ва ўсіх забілі нашага цудоўнага мастака Алеся Пушкіна, знакавую фігуру для Беларусі, забілі палітвязня Мікалая Клімовіча. Я баюся думаць, пра колькі яшчэ смерцяў мы можам даведацца.

Гэты год быў вельмі няпросты, але тым не менш заўважна, што нянавісць да рэжыму не аслабла, а толькі ўзмацнілася. Таму Лукашэнка і патрабуе штодзённых ахвяраў, каб самому сабе даказаць, што ён усё кантралюе. Вядомы метад кіравання дыктатураў у розных краінах, які неўнікнёна прыводзіў да забойства дыктатара.

– Хто ці што вас сёлета пазітыўна здзівіла, а хто ці што расчаравала?

– Пазітыўна здзіўляюць, вядома ж, нашы героі, якіх трымаюць за кратамі ў нечалавечых умовах, а яны яшчэ і нас падбадзёрваюць, просяць не маркоціцца.

Напрыклад, напярэдадні Калядаў ад Паліны Шарэнды-Панасюк прабілася віншаванне мужу і сынам. Гэта сапраўдны цуд! Ад Паліны даўно не было вестачак. І гэта віншаванне ўсім нам.

Па-ранейшаму расчароўвае, нават засмучае, што мы яшчэ не вярнуліся ў Еўропу. Вельмі шкада страчанага часу. Але іншай дарогі ў нас проста няма, і будучыні няма іншай, акрамя еўрапейскай. Так што – не збіваемся са шляху.

– Зыходзячы з тэндэнцый, якія мы ўбачылі ў гэтым годзе, якім будзе 2024-ы год для Беларусі і свету?

– Свет сцяўся. Гаварыць, што свет узаемазвязаны сталі даўно, з развіццём прагрэсу. Са з'яўленнем інтэрнэту свет увогуле стаў сціскацца з касмічнай хуткасцю. Калі з'явіліся сацсеткі, то мы адчулі сябе ледзь не ў адной кватэры. Падзеі ў розных краінах усё мацней уплываюць адна на адну.

Цяпер галоўнае, каб выстаяла Украіна. Яна намацвае новую тактыку супраць Расеі. У гэтым годзе мог бы здарыцца пералом, але не здарыўся таму, што неяк вельмі дабрадушна Захад паставіўся да небяспекі ўсёй сітуацыі з вайной Расеі супраць Украіны. Не даў Украіне ў патрэбны момант тое, што ёй было вельмі неабходна і нават абяцана.

Украіна выстаяла, а па ўсім свеце абазначылася лінія фронту супраць дыктатураў і аўтарытарных рэжымаў, супраць тэрарызму…

Тое, што фальшывыя каштоўнасці цьмянеюць і што з'явілася лінія фронту вайны са злом, усяляе надзею, што нарэшце будзе знойдзеная эфектыўная стратэгія ў барацьбе за «вашу і нашу свабоду».

– Хто для вас самы галоўны герой года?

– Беларусы, украінцы, ізраільцяне. Усе тыя, хто сёння знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы са злом. Калі гаварыць пра наш рэгіён, то ў ім сёння знаходзіцца ключ да бяспекі, росквіту, і нармальнага жыцця ўсяго свету. Мы пра гэта даволі выразна гаворым ужо шмат гадоў, але на гэта не звярталі ўвагі. Цяпер жа пачалі патроху прыслухоўвацца, бо сітуацыя абвастрылася да мяжы.

Мы знаходзімся на лініі агню, на рэзка абазначаным фронце барацьбы дабра і зла. Героі якраз у такіх умовах і праяўляюцца.

Я гаварыў пра цяжкія часы для таго, каб мы не забываліся на высокі кошт свабоды. Так, свабода даецца нялёгка, больш за тое, нават пасля яе здабыцця давядзецца штодня яе абараняць. Яна патрабуе мужнасці і самаахвярнасці ад усіх і ад кожнага. Але свабода – гэта паветра, якое дазваляе чалавеку дыхаць на поўныя грудзі. Мы хутка ў гэтым пераканаемся.

А пакуль – з Новым годам. Цеплыні, дабрыні, надзейных людзей побач.

З Новым годам, які пад бел-чырвона-белым сцягам будуць сустракаць беларусы па ўсім свеце: ад Японіі да Канады, ад Нарвегіі да Аўстраліі. Сустракаць і зычыць сваёй краіне найхутчэйшага вызвалення.

Няхай гэтыя пажаданні як найхутчэй спраўдзяцца!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках