1 траўня 2024, Серада, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што ж далей?

40
Што ж далей?
Наталля Радзіна

Давайце задамо сабе гэтае пытанне.

Ведаеце, што такое надзея? Не, гэта не спадзяванне на тое, што свет стане ідэальным, выключна добрым і ідылічна цудоўным. Надзея - гэта павялічаная ў шмат разоў версія цікаўнасці.

Гэтае азначэнне я прачытала ў кнізе «Дар» Эдыт Евы Эгер — выдатнай амерыканскай спецыялісткі ў клінічнай псіхалогіі, былой зняволенай канцлагера Аўшвіц. Менавіта пытанне "Што ж далей?" дапамагло 16-гадовай Эдыт перажыць гібель бацькоў, вынесці жахлівыя, бесчалавечныя катаванні ў лагеры і здзекі ката Ёзэфа Менгеле.

Так, гэты год быў цяжкі. Ва Украіне працягвалася вайна, у Ізраілі яна пачалася, у Беларусі шалее дыктатура. Падводзіць вынікі ў такой сітуацыі складана. Бо гэта быў яшчэ адзін год барацьбы. І ў кожнага гэтая барацьба была свая: у беларусаў, ва ўкраінцаў, у ізраільцаў, у грамадзян іншых краін свету.

Тое, што адбываецца сёння ў нашых краінах - працэсы, ад якіх нікуды не схаваешся і нікуды не ўцячэш. Многія мае знаёмыя ўцякалі пасля 2020 года з Беларусі ва Украіну, многія - у Ізраіль. Вайна ўсё адно здагнала іх. Сотні тысяч беларусаў, якія выехалі ва ўсе краіны свету, застаюцца шчыльна звязанымі са сваёй радзімай, таму што там — родныя, блізкія, сябры.

Мы, беларусы, таксама, як злучаныя судзіны, пераліваем адзін аднаму наш боль і нашу сілу. І як бы ні было складана, якім бы ні было расчараванне ад адсутнасці хуткіх вынікаў, нельга здавацца, ізалявацца, заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца навокал, таму што парушыцца ўся сістэма жыццезабеспячэння. Ніхто не будзе шчаслівы ў самоце.

У нашых краінах працягваюць гінуць героі: ва Украіне і Ізраілі вайскоўцы, добраахвотнікі і мірныя грамадзяне, у Беларусі палітвязні. Іх жыцці і смерць павінны шмат значыць для чалавецтва, яны не павінны быць марнымі.

А гэта ўжо наша задача - тых, каму ўдалося ацалець. Мы павінны рабіць усё, што ў нашых сілах, каб дапамагчы жывым і захаваць памяць пра тых, хто пайшоў, каб дабіцца мэтаў, якія ставілі разам — свабода і незалежнасць нашых краін, дэмакратыя, бяспечны дом, лепшая будучыня для нашых дзяцей.

І дапаможа нам у гэтым надзея і поўнае цікаўнасці пытанне: "Што ж далей?". Калі мы разважым, што ўсё бескарысна ці немагчыма, дык яно і будзе так. Але калі мы дзейнічаем, дык хто ведае, што з гэтага выйдзе?

Далей, я ўпэўнена, будзе і шмат добрага, і шчаслівага, і радаснага. Бо калі мы распалім агонь, то святло абавязкова пераможа цемру.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках