18 лiстапада 2024, панядзелак, 5:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: Рэакцыя беларускіх ядзершчыкаў выклікае шмат пытанняў

11
Андрэй Ажароўскі: Рэакцыя беларускіх ядзершчыкаў выклікае шмат пытанняў
Андрэй Ажароўскі

Што напраўду адбылося на БелАЭС?

Агенцтва Bloomberg са спасылкай на ўнутраныя дакументы "Расатама" паведаміла, што ў лютым 2022 года на БелАЭС выявілася сур'ёзная праблема — у першы контур другога энергаблока прасочвалася іонаабменная смала, пагражаючы заклінаваць крытычна важныя кампаненты.

Наколькі гэта сур'ёзная пагроза? Пра гэта сайт Charter97.org спытаў інжынера-фізіка, экспэрта праграмы "Бяспека радыеактыўных адкідаў" Андрэя Ажароўскага:

- Bloomberg напісаў аб здарэнні, якое адбылося даўно, перад пускам у эксплуатацыю другога энергаблока БелАЭС. Нагадаю, што тады адбылася дзіўная падзея. Беларускія атамшчыкі абяцалі, што блок будзе запушчаны вясной 2022 года. Гэтага не адбылося, адбылася затрымка прыкладна на год. Толькі ў 2023 годзе энергаблок быў запушчаны і ніхто не разумеў, а што ж у іх пайшло не так.

Тады ў СМІ было паведамленне ад супрацоўнікаў атамнай станцыі, якія звярталіся і да экалагічных актывістаў таксама, а потым з'явілася паведамленне літоўскай выведкі, што прычына затрымкі з уводам у эксплуатацыю ўжо пабудаванага энэргаблока - забруджванне першага контуру смоламі.

Можна сказаць, што Bloomberg гэта верыфікаваў. Проста Bloomberg - магутнае міжнароднае інфармацыйнае агенцтва і яны, заўважце, спасылаюцца не на літоўскую выведку, не на звесткі работнікаў самай атамнай станцыі, а на дакументы, якія змаглі атрымаць у «Расатаме».

Такім чынам, размова ідзе не пра нешта новае, а пра пацвярджэнне таго, пра што прыкладна год таму ўсе і пісалі, калі чакалі: запусцяць ці не энергаблок вясной 2022-га года. Паўтаруся, яго не запусцілі

Што новага ўдалося высветліць Bloomberg?

Важна тое, што выданне ўказала, што гэта іонаабменныя смолы. Гэта значыць частка сістэмы падтрымання якраз абсалютнай чысціні вады першага контуру.

- У чым небяспека прысутнасці старонніх рэчываў у вадзе першага контуру?

- Гэта, безумоўна, пазаштатная сітуацыя, пры якой блок не можа працаваць. Гэта, найперш, звязана з тым, што парушаецца цеплаабмен паміж ядзерным палівам і тымі самымі стрыжнямі, у якіх знаходзіцца уранавае паліва і вада, якая павінна выносіць цяпло.

Калі ж парушаецца цеплаабмен, то могуць узнікнуць умовы для частковага расплаўлення паліва ці, прынамсі, страце герметычнасці цеплавыдзяляльных элементаў. Гэта, канечне, вельмі нядобра.

Дарэчы, добра, што Bloomberg умяшаўся ў сітуацыю, паколькі пытанне было завіслым. Жадаю сказаць, што рэакцыя расейскіх і беларускіх атамшчыкаў і тады, і цяпер, якія ўсё адмаўляюць, маўляў, “вы ўсе хлусіце”, выклікае да іх больш пытанняў, чым адказаў.

- Як вы думаеце, што трэба рабіць? Ці патрэбна ўмяшанне МАГАТЭ? Допуск міжнародных спецыялістаў?

- У сувязі з тым, што і расейскія, і беларускія атамшчыкі абралі тактыку ўсё адмаўляць, а я нагадаю, што Пяскоў казаў пра “паклёп”, то мне здаецца, што ў гэтай сітуацыі дыялог з імі немагчымы.

Ні МАГАТЭ, ні іншыя міжнародныя арганізацыі не дапамогуць. У артыкуле Bloomberg, дарэчы, указваецца, што Bloomberg запытаў не МАГАТЭ, а САА АЭС (Сусветная асацыяцыя арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі). Гэта такі клуб ядзершчыкаў, якія вельмі любяць рабіць "узаемныя праверкі". Калі з адной АЭС прыязджаюць на іншую і ўсім кажуць, што там усё добра. Калі ж усё дрэнна, то гэтыя арганізацыі абсалютна бескарысныя.

На жаль, "Расатам" поўны гаспадар і на БелАЭС, яны выбудавалі сабе сістэму, у якой карыстаюцца ўмовамі закрытасці, адсутнасці грамадскага кантролю.

Беларускія ўлады выціснулі з краіны экалагічныя арганізацыі. Прызналі "Экадом", які актыўна ўдзельнічаў у наладжванні дыялогу з гэтымі ж атамшчыкамі, "экстрэмісцкім фармаваннем".

Беларускія ўлады дакладна паказалі, што яны абсалютна не зацікаўлены ні ў дыялогу, ні ў грамадскім кантролі. Выпадак з Bloomberg гэта пацвярджае. Але калі ж сваю грамадскасць можна неяк зневажаць, уносіць у ганебныя спісы і дыскрымінаваць, то з журналістамі міжнародных выданняў так не атрымаецца.

Думаю, што ў Bloomberg будуць яшчэ расследаванні аб тым, як нашкодзіў “Расатам” на БелАЭС. Трэба проста пачакаць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках