18 лiстапада 2024, панядзелак, 5:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал-маёр СБУ: У Крамлі ёсць людзі, якія працуюць на заходнія выведкі і Украіну

3
Генерал-маёр СБУ: У Крамлі ёсць людзі, якія працуюць на заходнія выведкі і Украіну
ВІКТАР ЯГУН

У свой час вынік будзе ашаламляльным.

Былы палкоўнік вайсковай выведкі Мінабароны РФ (ГРУ), старшы інструктар ПВК «Вагнер» і адзін з камандзіраў ПВК «Рэдут» Ігар Салікаў наважыўся даць паказанні аб ваенных злачынствах Расеі ва Украіне ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС) у Гаазе.

Якія могуць быць матывы і чаму менавіта зараз ён пайшоў на такі крок? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з экс-намеснікам кіраўніка Службы бяспекі Украіны, генерал-маёрам у запасе Віктарам Ягуном:

- Ёсць некалькі версій, першая - што гэта чалавек вельмі разумны. Ён разумее, што перспектывы ў Расеі вельмі складаныя для вайскоўца. Калі РФ саступіць, то гэты палкоўнік застаецца ля разбітага карыта, магчыма - нават без пенсіі. У гэтага выведніка, як я разумею, і адукацыя ёсць нейкая нармальная, таму ён вельмі дакладна пралічыў: яму 60 гадоў, перспектывы вельмі туманныя, а тут ён будзе ў святле сафітаў. Усе будуць вакол яго трэсціся, арганізуюць ахову, нейкае тамака жыццёвае забеспячэнне. Пры гэтым расейскі палкоўнік не толькі будзе забяспечаны на найбліжэйшыя гады, але і дасць перспектыву сваім дзецям і сям'і ў Еўропе. Сам узрост, 60 гадоў, падказвае, што ён пайшоў акурат у той момант, калі да яго ўжо з боку вайсковых уладаў Расеі няма прэтэнзій, напэўна, палкоўнік аформіў сабе нейкую пенсію і пайшоў.

А другое пытанне - можа, ён наогул на заданне пайшоў у Еўропу. Па-мойму, Расеі ўвогуле паралельна, ёсць там які-небудзь сведка, не, яна наогул не звяртае ніякай увагі на такія рэчы на гэтым этапе. А мець свайго чалавека ў гэтым усім, які можа знутры расказваць, што там адбываецца, якія пытанні задаюцца, як працэс развіваецца — гэта вельмі цікава. Такое ўкараненне з боку Расеі таксама цалкам магчымае.

- Салікаў сцвярджае, што можа даць суду ў Гаазе паказанні аб ваенных злачынствах Расеі і расказаць, як прымаліся пастановы аб іх учыненні. Наколькі могуць быць каштоўнымі паказанні?

- Глыбока сумняваюся, што ён ведае, як прымаліся пастановы. Прынамсі, пастанова аб уваходжанні ва Украіну ў 2022-м годзе прымалася вельмі абмежаваным колам людзей, і ён дакладна не ўваходзіў у іх лік. Вы ж бачылі, якая прапаганда была, што яны нікуды не ўваходзяць і гэтак далей. Самі войскі, якія заходзілі на тэрыторыю Украіны, не маглі зразумець, куды яны ідуць. У самы першы момант яны проста ішлі, а куды, якая стаіць задача, гэта яны зразумелі толькі праз некалькі гадзін пасля ўварвання ва Украіну.

Па-другое, мяне здзівіла фраза, калі Салікаў казаў, што «з Кіеўскай вобласці вывозіліся дзеці». З Кіеўскай вобласці не вывозіліся дзеці, вось гэты момант мяне вельмі насцярожыў, бо дзеці вывозіліся з тых абласцей Украіны, дзе акупацыя была ўжо ўстояная. Вывозіліся дзеці з дзіцячых дамоў, дамоў дзіцяці, на другім этапе вывозіліся дзеці нібыта на адпачынак на мора, яшчэ некуды. Гэтыя катэгорыі дзяцей былі дэпартаваныя ў Расею. Але дакладна ніхто не хадзіў па дамах, не адбіраў дзяцей і не вывозіў асобнымі аўтамабілямі кудысьці, тым больш у Беларусь.

Альбо ён не разумее, пра што гаворыць, альбо проста хоча, каб ім зацікавіліся і апыталі менавіта па гэтай лініі, па лініі дзяцей. Ён разумее, што гэта цікавая рэч, ёсць ужо міжнародны ордэр на затрыманне Пуціна, менавіта гэты нюанс зацікавіць Міжнародны крымінальны суд.

- Ці чакаць новых перабежчыкаў з вялікімі пагонамі ў будучыні?

- Я ў гэтым нават не сумняваюся. Думаю, некаторыя з іх ужо працуюць на заходнія выведкі, у тым ліку - і на ўкраінскую. Чаму ўкраінская выведка так актыўна пачала працаваць? Бо некаторыя (не толькі з вайскоўцаў, але і нават з адміністрацыі Пуціна), зразумелі, што перспектывы ў гэтым усім вельмі туманныя. Натуральна, яны не зусім ужо і неразумныя, яны пачалі працаваць на заходнія выведкі.

Розныя звесткі, якія дасць такі чалавек, усё адно правяраюцца, ніхто не возьме іх за чыстую манету, пакуль не будзе пацверджання. Аднак наяўнасць такіх звестак толькі ў плюс, таму пры ўсім скептыцызме ўсяго таго, што адбываецца з ім, я думаю, што па кропельцы ўсе справы, якія вядзе зараз Міжнародны крымінальны суд па гэтай вайне, усё адно будуць назапашвацца. У свой час вынік будзе ашаламляльным. Дарма некаторыя персанажы думаюць, што ім усё сыдзе з рук.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках