1 траўня 2024, Серада, 9:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы павінныя быць гатовыя перахапіць уладу

9
Беларусы павінныя быць гатовыя перахапіць уладу
Зміцер Бандарэнка

Як Плошча-2010 стала фактарам геапалітыкі.

Мінула 13 гадоў з моманту легендарнай Плошчы-2010. Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава і арганізатарам адной з самых масавых акцый пратэсту ў гісторыі краіны. Апазіцыйны палітык падзяліўся з Telegram-каналам «Баста!» успамінамі пра «снежаньскую рэвалюцыю»:

- 19 снежня 2010 года - гэта дзень, якім, безумоўна, могуць ганарыцца ўсе беларусы. Калі мы падыходзілі да Кастрычніцкай плошчы, мне падалося, што людзей было менш, чым на Плошчы-2006. Калі калона рушыла ў бок дома ўраду праспектам Незалежнасці, то падавалася, што людзей сапраўды можа быць прыкладна пад сто тысяч чалавек. Менск асвяціўся такім цудоўным святлом і духам свабоды. Я думаў, што гэта пачатак рэвалюцыі.

Неабходна сказаць, што ў гісторыі важныя менавіта дзеянні, праявы сілы народа, сілы пратэстуючых людзей. Калі гэта не ваенныя дзеянні, то гэта такія проксі-ўчынкі - масавыя акцыі. Гэта адбіваецца нават на геапалітыцы краіны. Пасля Плошчы-2010 навіны аб падзеях у Менску, гераізме беларусаў, якія выйшлі на вуліцы, а таксама жорсткасці ўладаў, паказвалі па ўсіх вядучых сусветных тэлеканалах шмат дзён.

У свой час на адной з канферэнцый па дэмакратыі я размаўляў з актывістамі з арабскіх краін. Яны казалі, што на іх паўплывалі тэлевізійныя карцінкі з Беларусі. Мы памятаем, што ў пачатку 2011 года пачалася «арабская вясна», калі згінулі дыктатарскія рэжымы ў Лібіі і Тунісе. Рэвалюцыі пракаціліся па многіх краінах. Сапраўды, можна сёння падняць келіх за гэты дзень, бо ён наблізіў вызваленне Беларусі ад дыктатуры.

Было смешна, калі мы выйшлі з турмаў, прайшоў нейкі час, а шмат у якіх псэўданезалежных беларускіх СМІ нас абвінавачвалі ў тым, што ў нас «не было планаў» і «мы падставілі маладзёнаў, якія пацярпелі».

Мы бачым на прыкладзе Украіны, што свабода і незалежнасць не даюцца самі сабой. За свабоду трэба плаціць вельмі-вельмі вялікую цану, і акурат 19 снежня быў такім днём, Днём Годнасці беларусаў, калі людзі выступілі супраць фальсіфікацыі выбараў.

Мы ведалі па інфармацыі з участкаў, што ў нас было больш за 20% галасоў, з розных гарадоў былі звесткі аб рэальных выніках выбараў. Дык вось, нават улічваючы тое, што 30% галасоў было адразу сфальсіфікавана на датэрміновым галасаванні (іх прыпісалі Лукашэнку), другое месца займаў Андрэй Саннікаў, лідар «Еўрапейскай Беларусі», ён набраў тады колькасць галасоў, якая дазваляла яму выходзіць у другі тур. Саннікаў набраў больш галасоў, чым усе астатнія альтэрнатыўныя кандыдаты разам узятыя. Пра гэта вельмі шмат хто не хоча гаварыць, але гэта факт. Калі б не было датэрміновага галасавання, Саннікаў перамог бы на выбарах адназначна.

Які ў нас быў план? Мы разлічвалі, што Лукашэнка не будзе разганяць у першы дзень дэманстрацыю, хаця рыхтаваліся да ўсяго. Нашая задача была стаяць да раніцы, а потым праводзіць вялікую прэс-канферэнцыю і звярнуцца да беларусаў, каб працягнуць пратэсты як у сталіцы, так і па ўсёй краіне. Тады рэальна ўжо ўлады зразумелі, што падзеі набіраюць вельмі магутнае абарачэнне, таму Лукашэнка ў страху і істэрыцы аддаў загад разганяць людзей. На жаль, ім гэта ўдалося.

Варта ўлічваць, што тады не было Telegram, а з незалежных сайтаў найбольш дакладную пазіцыю займаў рэсурс «Хартыя-97», журналісты якога той ноччу былі арыштаваныя. Тады былі арыштаваныя больш за тысячу чалавек, больш за сто чалавек зазналі крымінальны пераслед, сотні людзей прайшлі тады «хрышчэнне Акрэсціным», частка сядзела ў Жодзінскай і іншых турмах, адбываючы арышт.

Усё гэта дало моцны штуршок, наша каманда «Еўрапейскай Беларусі» на чале з Андрэем Саннікавым, а таксама каманда Беларускага нацыянальнага кангрэса на чале з Мікалаем Статкевічам, рыхтавалі рэвалюцыю 2020 года. Праводзілі таксама пратэстныя акцыі і ў 2016, і ў 2017 і 2019 гадах. Важна разумець, што рэвалюцыі не адбываюцца самі сабой, яны вырастаюць на нейкай прасвяднай глебе, толькі тады гэта дае вынік.

Калі казаць пра нашы перспектывы, сёння ўсё залежыць ад агульнай рэгіянальнай сітуацыі. Ад таго, як зможа супрацьстаяць расейскай агрэсіі Украіна, наколькі Захад будзе паслядоўна праводзіць санкцыі супраць расейскай эканомікі.

Я веру, што Расея абрынецца. Яна абрынецца так, як абрынуўся Савецкі Саюз, бо сёння гэта значна больш слабая краіна і дэмаграфічна, і эканамічна, і ў вайсковым плане, чым быў калісьці СССР. А нам трэба будзе рыхтавацца хутка перахапляць уладу і будаваць новую Беларусь, якая будзе чальцом Еўрапейскага Звязу і блока NATO.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках