1 траўня 2024, Серада, 2:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хартыя душы маёй

6
Хартыя душы маёй
Ірына Халіп

Не толькі перажытыя рэпрэсіі, але і створаныя сем'і.

25 гадоў таму, калі я пачула аб стварэнні сайта “Хартыі’97”, мне ў галаву не магло прыйсці, што гэтая гісторыя расцягнецца на чвэрць стагоддзя і, мяркуючы з усяго, яшчэ на многія чвэрці стагоддзя ў будучыні. Тады я думала, што сайт - гэта будзе проста старонка з тэкстам і подпісамі, не больш за тое. А што яшчэ? Нават прасунутыя кампаніі заняліся стварэннем уласных сайтаў у 2002 годзе. А ў 1998-м пра гэта не было і гаворкі.

І раптам - сайт "Хартыі". Ну добра, няхай будзе, нам ад гэтага ні горача, ні холадна. Пасля раптам з'явіліся размовы аб тым, што на сайце павінны быць навіны і артыкулы на актуальныя тэмы, што ён павінен абнаўляцца пастаянна, кожны дзень. Вось тады мне здалося, што гэта зусім бязглуздая і бессэнсоўная ідэя. Сайт не можа быць сродкам масавай інфармацыі. Вось газета - гэта так. Гэта папера, гэта старонкі, якія можна гартаць. Гэта прадукт: "бярэш у рукі - маеш рэч". А сайт - гэта нейкая незразумелая штуковіна. Ды і каму патрэбныя навіны недзе на нейкім сайце, калі толькі адзінкі маглі сабе дазволіць інтэрнэт у дамах. Навіны, да якіх няма пастаяннага доступу, - гэта так, нечы капрыз, Бябенін дзівачыць.

А потым – неяк спакваля, паступова, незаўважна – наступіў момант, калі, прыходзячы на працу ў рэдакцыю “Белорусской делавой газеты”, я перш за ўсё кідалася чытаць навіны на “Хартыі”. Пётр Марцаў, галоўны рэдактар і выдавец, раўніва пытаўся: "Мала табе БДГ?" А мне не тое каб мала было - проста ў "Хартыі" усё было неяк асабліва, не па-газетнаму. Гэта зараз я разумею, што “Хартыя” тады стала першым незалежным электронным мэдыям і інтуітыўна, не ведаючы правілаў, сама іх стварала. І станавілася нумарам адзін, нягледзячы на мізэрнае фінансаванне. Потым з'яўляліся новыя сайты навін з вялізнымі бюджэтамі, але пасунуць “Хартыю” не ўдалося нікому. Месца вольнага, рэзкага, хвосткага медыя засталося за ім і сёння. Варыянты "цяпер мы пра гэта не пішам, нельга, трэба пачакаць" там немагчымыя.

Журналістка Любоў Лунёва днямі прыгадала ў сваім фэйсбуку, як аднойчы летам у Паланзе зайшла ў інтэрнэт-кавярню і ўбачыла ў куце Наталлю Радзіну, якая зацята бразгала па клавіятуры. Спытала: Наталля, ты што, спякота на дварэ, чаму не на пляжы? Тая адказала: сайт трэба абнаўляць увесь час, чытачоў не хвалюе, у адпачынку я ці не. А я памятаю, як ужо ў выгнанні Наталля 31 снежня ўставала а пятай раніцы, каб пачаць публікаваць навіны, таму што розніца ў часе з Менскам дзве гадзіны, а значыць, там ужо цэлых сем гадзін, і чытачы чакаюць навін. Чытачы чакаюць Новага года, казала я ёй, чытачы ці спяць, ці ля пліты стаяць, ці на рынак збіраюцца. Яны і не заўважаць, калі навіны ў апошні дзень года з'явяцца на гадзіну пазней. Але ніякія аргументы не дзейнічалі. Чытачы, можа, і не заўважаць, казала Наталля, але я заўважу.

А яшчэ я памятаю камеру СІЗА КДБ, снежань 2010 года. Нам толькі-толькі выставілі абвінавачанне, і Наталля з нецярпеннем чакала выкліку на допыт, каб убачыць адваката і спытаць, ці абнаўляецца сайт. Таму што калі не абнаўляецца - гэта катастрофа. Перспектыва правесці да 15 гадоў у калоніі ёй катастрофай не здавалася, але вось калі сайт не абнаўляецца - гэта трагедыя. Потым, седзячы пад падпіскай аб нявыездзе, Наталля працягвала працаваць. І ў глыбокім падполлі, седзячы без дакументаў у Маскве, - таксама. І сёння - як заўсёды. І заўтра.

Да 2010 года Наталля адчувала сябе пад абаронай Алега Бябеніна. Ён браў усю адказнасць на сябе, дапамагаў і абараняў - трымаў над ёй парасон. Пасля яго гібелі яна засталася адна, з поўнай адказнасцю за сайт і з амапаўцамі, якія выбівалі дзверы рэдакцыі. Усё, што адбылося з незалежнымі медыя ў 2020-2021 гадах, з "Хартыяй" здарылася значна раней. І разгром, і арышт рэдактара, і блакаванне, і праца ў выгнанні. І голас, які гучыць усё гучней. І новыя маладыя журналісты, якія любяць свабоду і праўду.

Не ведаю, ці варта нагадваць, што менавіта на прэзентацыі "Хартыі" шмат гадоў таму я пазнаёмілася са сваім мужам Андрэем Саннікавым. Так што ў актыве Хартыі - не толькі перажытыя рэпрэсіі і мільёны чытачоў па ўсім свеце, але і створаныя сем'і, і народжаныя дзеці. А значыць, жыццё.

З днём нараджэння, Хартыя душы маёй!

Ірына Халіп, адмыслова для Charter97.org

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках