2 траўня 2024, Чацвер, 22:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знайшліся невядомыя лісты Кастуся Каліноўскага да Марысы Ямант

11
Знайшліся невядомыя лісты Кастуся Каліноўскага да Марысы Ямант

Захавалася мінімум пяць лістоў героя Беларусі.

У Расеі апублікавалі невядомыя лісты Кастуся Каліноўскага, якія ён пісаў з турмы сваёй нявесце Марысе Ямант. Як паведамляе «Белсат», дапамог гэтаму расейскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, які апошнія гады імкнецца выкрасліць імя Каліноўскага з гісторыі Беларусі.

Польскамоўныя лісты апублікаваныя ў часопісе «Сшыткі кансерватызму» № 3 за 2023 год. Яны напісаныя на падобных лістах, падобным чарнілам і ў той самай манеры, што і беларускамоўны ліст з-пад шыбеніцы, які сёння захоўваецца ў Варшаве. (Маецца на ўвазе той самы ліст, які заканчваецца словамі: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе»).

Лісты напісаныя па-польску. «Любімая, дарагая мая Марылечка!» – так пачынаецца ліст, датаваны 19 сакавіка 1864 года, за тры дні да павешання Каліноўскага ў Вільні.

Пра лісты Каліноўскага да Марысі Ямант было вядома і раней: лісты згадваліся ва ўспамінах Людвікі Радзевіч – сястры Марысі. Але беларускія гісторыкі не ведалі зместу гэтых лістоў. Як высвятляецца, пяць з іх (а магчыма, і больш) захаваліся – чатыры ў Маскве і адзін у Вільні. Усе яны патрапілі ў рукі царскай паліцыі ў 1866 годзе, калі сям'ю Ямантаў, сасланую ў Сібір за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, яшчэ і арыштавалі пасля замаху на расейскага імператара Аляксандра II.

Каліноўскі адмовіўся на следстве даваць вусныя паказанні, заявіўшы: «Шпіёнства апаганьвае чалавека». Ён папрасіў паперу, каб пісьмова «акрэсліць характар руху» на тэрыторыі Беларусі і Літвы. А сам 10, 14, 18 і 19 сакавіка пісаў лісты Марысе Ямант, называючы яе «годнай дачкой Літвы».

Вось такі ліст Каліноўскі напісаў ёй 10 сакавіка 1864 года, за 12 дзён да смерці:

«Дарагая Марылька.

На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць табе. Жудасная рэчаіснасць, тым больш пасля тых надзей, якія луналі ў нашых юнацкіх сэрцах, поўных узаемнага кахання. Падпарадкоўваючыся, аднак, сіле абставінаў, прымі са светлым тварам хоць і з параненым сэрцам, лёс, які выпаў на тваю долю. Час загойвае раны, а ўспамін аб мінулых хвілінах, калі нараджаецца смутак у тваёй душы, няхай усё ж не атручвае твайго жыцця. Жыццё тваё не табе належыць, яно дадзена табе, каб ты кожную хвіліну несла дабро і праўду. Узнагарода за працу не на гэтым свеце людзей чакае. Калі годна выканаеш мэту жыцця – сустрэнемся на небе.

Твой і за магілаю (хоць, магчыма, у мяне яе і не будзе), Канстанцін».

У сваіх перадсмяротных лістах Каліноўскі ні разу не згадвае ні Польшчу, ні палякаў, не піша слова «польскі»:

«Марылька, мая дарагая, яшчэ сонейка свеціць нада мною, яшчэ я магу глядзець, думаць і жадаць. Праз маю фортачку бачу Віленьку, тую Віленьку, якая такая дарагая душы кожнага літвіна, жыллё грозных Альгердаў, думкамі дзей у Богу і праўдзе пачатак якія бяруць. Гледзячы на Вільню, сэрца перапаўняецца, б'ецца з гонарам. А там далей наколькі вока, наколькі думка дастае, наш бедны народзік, які ў поце твару, страшнай няволі, Бога і праўды забыцца не ўмее. Ды хіба не будзе гонарам прынесці жыццё для яго ў ахвяру, для нашай зямлі роднай, засланай магіламі гераічных продкаў нашых. Гэта слава для нас, гэта гонар наш».

У Беларусі апошнім часам ідзе сапраўдная ідэалагічная вайна супраць постаці Кастуся Каліноўскага. Са школьнай праграмы выкінулі раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», у якім быў станоўчы вобраз Каліноўскага. А ў Свіслачы перайменавалі гімназію, у якой ён вучыўся.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках