1 траўня 2024, Серада, 6:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сабачае сэрца

8
Сабачае сэрца
Ірына Халіп

Пра палітвязняў і іх гадаванцаў.

Учора немагчыма было адарвацца ад сацыяльных сетак: у свеце, як заўсёды ў апошні дзень восені, адзначалася самае ўтульнае свята - сусветны дзень свойскіх жывёл. Знаёмыя і незнаёмыя публікавалі ў стужцы фатаграфіі сваіх гадаванцаў, і ад замілавання немагчыма было закрыць фэйсбук і пачаць нарэшце працаваць.

Коцікі і сабакі, пухнатыя і гладкашэрстыя, маленькія і вялікія - і ўсе аднолькава задаволеныя жыццём у абдымках чалавека. Таго самага, які любіць, корміць, гладзіць, выводзіць на шпацыр і абавязкова дурным голасам з мультфільма кажа што-небудзь накшталт "а хто гэта ў нас тут такі добры?". У свеце, які ляжыць у руінах, такія фатаграфіі і ды іх гісторыі здабыцця адзін аднаго, несумненна, дапамагаюць трымаць баланс і не звальвацца ў бездань безнадзейнасці. Вось сыты тоўсты кот, вось вытанчаны паляўнічы сабака, вось падабранае на памыйніцы кацяня, падобнае да чорціка. А потым я ўспомніла Эрыка.

Вы таксама напэўна яго памятаеце - гэта сабака праваабаронцы Насты Лойка, якога яна забрала з сабачага прытулку ў Гатаве. Дарэчы, пазнаёміла іх Марфа Рабкова, якая была валанцёркай не толькі ў “Вясне”, але і ў тым прытулку. У Эрыка быў складаны характар праз перажытае, і ён не давяраў людзям. Але далікатная Наста не пабаялася ўзяць вялікага сабаку з параненай псіхікай. Яны ахоўвалі адзін аднаго і разам супраціўляліся цяжкасцям - датуль, пакуль Насту не вывялі з дому злыя агрэсіўныя людзі. На час ператрусу яна зачыніла Эрыка ў ваннай, а ён рыкаў і кідаўся на дзверы, так што сілавікі спалохаліся і падперлі дзверы крэслам.

А потым Наста напісала Эрыку развітальны ліст з СІЗА. Яму павінна было споўніцца сем гадоў, а ёй, тлумачыла яна ў гэтым лісце, трэба знаходзіцца ў палоне гадоў сем-восем, так што яны ўжо сапраўды не сустрэнуцца. Праваабаронца-профі, яна з дакладнасцю спрагназавала ўласны прысуд. І развіталася з улюбёным сабакам, пажадаўшы яму пражыць пакінутыя гады спакойна і радасна. «Бо на сваім жыцці я ўжо паставіла пакутніцкі крыж», - горка напісала Наста. Па-мойму, уся Беларусь плакала над гэтым лістом, як плакала ў дзень арышту сама Наста, калі яе вывелі з кватэры, а Эрык застаўся.

Яшчэ я ўспамінаю маламута Басю, сабаку Максіма Вінярскага. І маму Басі Штыю, сабаку Яўгена Афнагеля. Бася і Штыя - не проста паўночная парода, гэта сапраўдныя апазіцыйныя сабакі: яны паспелі перажыць нямала ператрусаў і знікненняў сваіх гаспадароў на 15 дзён, перш чым тыя зніклі на гады. Басю яшчэ і затрымлівалі разам з Максімам, і аднойчы яна на знак пратэсту зрабіла лужыну проста на падлозе Цэнтральнага РУУС. Дарэчы, Бася і нарадзілася падчас ператрусу: у 2017 годзе, пасля “дармаедскіх” пратэстаў, да Афнагеля чарговым разам прыйшлі. І пакуль сілавікі гойсалі па доме ў пошуках хоць чаго-небудзь (што менавіта шукаць, яны і самі не ведалі), Штыя нарадзіла Басю. І гэта было так натуральна для Яўгена - падарыць шчанюка менавіта Максіму Вінярскаму, сябру і паплечніку. Праз тры гады яны, Максім і Яўген, разам апынуліся ў СІЗА, потым на лаве падсудных - і раз'ехаліся па розных калоніях з тэрмінамі напяць і сем гадоў.

У доме Мікалая Статкевіча і Марыны Адамовіч да нядаўняга часу жылі тры каты і сабака, а зараз ужо пяць катоў і сабака. Перадапошні кот заскочыў да Марыны ў аўто, а апошняя котка проста прыйшла да іх дадому і пасялілася там, не пытаючыся дазволу. Яны як цімураўцы, якія ведалі, дзе жывуць сем'і вайскоўцаў, і беглі туды цягаць ваду і калоць дровы. Так і тут – коцікі быццам ведаюць, што менавіта тут жыве жонка палітвязня, і бягуць да яе адаграваць, весяліць, вуркатаць, ляжаць цёплым каўняром на плячах, запаўняць сабой час і прастору. Каб гэтая прастора і час сталі не такімі адчайна страшнымі для Марыны, якая ўжо дзесяць месяцаў жыве без адзінай вестачкі пра мужа.

Я пішу пра гэтых катоў і сабак не для таго, каб адзначыць сусветны дзень свойскіх жывёлін. Проста асірацелыя ў адсутнасць гаспадароў гадаванцы і іх свята - гэта яшчэ адна нагода ўспомніць пра палітвязняў. Уласна, кожны дзень - святочны ці будны, выходны ці працоўны, летні ці зімовы, - гэта нагода ўспомніць пра палітвязняў. Дакладней, памятаць.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках