У Егіпце паставілі банкамат, які выдае замест грошай залатыя зліткі
15- 28.11.2023, 21:01
- 9,254

Відэа.
У час трэцяй Міжнароднай выставы золата і ювелірных вырабаў (NEBU) у Егіпце быў прэзентаваны першы ў краіне банкамат для выдачы залатых зліткаў. Як ён працуе і колькі золата выдае, расказвае выданне Egypt Independent са спасылкай на Міністэрства забеспячэння і ўнутранага гандлю Егіпта.
«Банкамат працуе кругласутачна і дазваляе кожнаму пры куплі здымаць залатыя зліткі. Для гэтага трэба ўставіць у банкамат сваю карту, а потым выбраць любы з 8 прапанаваных варыянтаў набыцця зліткаў вагой ад 1 да 100 грамаў. Курс кошту грама золата будзе вызначацца аўтаматычна і адпавядаць актуальным расцэнкам на егіпецкім рынку», – расказалі ў міністэрстве.
Там адзначылі, што наяўнасць такіх банкаматаў «павінна дэмакратызаваць і спрасціць доступ звычайных грамадзянаў да каштоўных металаў».
Усяго «залатых» банкаматаў, паводле звестак міністэрства, будзе некалькі штук па ўсёй краіне.
Варта адзначыць, што прэзентаваны на днях у Егіпце банкамат з залатымі зліткамі не з'яўляецца нечым новым. Наватарства тут належыць Аб'яднаным Арабскім Эміратам, дзе ў 2010 годзе запусцілі першы свайго кшталту «залаты» банкамат са зліткамі.