На змену снежнаму «Філу» ў Беларусь прыйшоў новы цыклон
4- 28.11.2023, 8:23
- 18,408

Снегу 27-30 лістапада менш не стане.
У Беларусь спяшаецца новы цыклон, які разам са снежным “Філам” нейкі час будуць фармаваць надвор'е ў краіне. Сіноптыкі папярэдзілі, што снегу 27-30 лістапада менш не стане. А што з тэмпературай?
Са звестак эксперта канала Nadvorie, новы цыклон падыдзе да паўднёвага захаду Беларусі а 20:00-22:00 гадзіне 28 лістапада, у аўторак. Ён будзе рухацца на поўнач краіны, каб ужо да гадзіны ночы дасягнуць Менска, а да 7-8 раніцы накрыць усю Беларусь.
“Гэты цыклон не такі суровы, як “Філ”, які зладзіў шторм у Чорным моры, на тэрыторыі Украіны, а зараз засыпае снегам усход Беларусі. Гэты будзе мякчэйшым”, - запэўніў сіноптык.
Тэмпература ў сераду, 29 лістапада будзе трымацца на ўзроўні -3..-7°С, вецер не перавысіць 12 м/с, а снег і завіруха могуць знізіць бачнасць да 600-1000 метраў.
"Да 9 раніцы серады ў паўднёвай палове РБ павінна выпасці 8-15 см снегу", - выказалі здагадку на тг-канале пра беларускае надвор'е Nadvorie.
А ў дзяржаўным ведамстве надвор'я папярэдзілі аб тым, што 28 лістапада, у аўторак, "на асобных адцінках дарог чакаецца галалёдзіца, ноччу месцамі захаваецца ўзмацненне ветру парывамі 15-20 м/с". З-за чаго там аб'явілі жоўты ўзровень небяспекі.
Тэмпература паветра ў аўторак будзе вагацца ад -4..-10°С уначы да -1..-7°С удзень.
“Уначы і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны чакаецца снег, днём месцамі, а па паўднёвым захадзе краіны ў многіх раёнах - снег, мокры снег. На асобных адцінках дарог галалёдзіца”, - папярэдзілі ў Белгідрамеце.
На 29 лістапада, сераду, у ведамстве пацвердзілі, што ў краіне будзе ўплываць на надвор'е новы цыклон з поўдня. Ён прынясе, як сцвярджаюць у Белгідрамеце, снег, мокры снег, днём па паўднёвым усходзе краіны з дажджом, а месцамі чакаюцца моцныя ападкі.
Пры гэтым тэмпература будзе моцна вагацца. Уначы чакаюць ад -4°С па поўдні да -12°С па поўначы краіны, а на паўночным усходзе пры праясненнях паветра астыне да -13..-16°С. пры гэтым днём максімальная тэмпература можа нават стаць плюсавай -6..+1°С.
А вось у чацвер, 30 лістапада, паабяцалі воблачнае з праясненнямі надвор'е са снегам і слабай завеяй. Тэмпература можа дасягаць нават -13°C уначы, але ў сярэднім будзе вагацца ў межах -5..-10°С, а ўдзень "вырасце" 0..-7°С.