Шайба і дзве перадачы Шаранговіча дапамаглі «Калгары» падолець «Далас»
- 25.11.2023, 10:02
- 1,642

Беларускі нападнік вызначыўся ў гасцявым матчы НХЛ.
Хакеісты «Калгары Флэймз» здабылі выязную перамогу над спаборнікам з «Далас Старз» у трэцім матчы выязной серыі гульняў рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, паведамляе sportnaviny.com.
Паядынак, які адбыўся ў Даласе на лёдзе «Амерыкан Эйрлайнс-цэнтр», завяршыўся валявой перамогай «Калгары Флэймз» з лікам 7:4 (1:2, 2:2, 4:0).

Лік у матчы адкрылі гаспадары лёду, дзякуючы намаганням цэнтрфорварда «Далас Старз» Уайта Джонстана, які «распячатаў» браму швецкага галкіпера «Калгары Флэймз» Якаба Маркстрэма ўжо на 2-й хвіліне першай дваццаціхвілінкі.
Праз сем хвілін нападнік «агнёў» Эй Джэй Грыр зраўноўвае лічбы на табло, засмуціўшы брамніка «зорак» Джэйка Отынджэра на дзявятай хвіліне.
Аднак, да перапынку «Далас» выйшаў наперад, дзякуючы дакладнаму кідку Джэйсана Робертсана, які адзначыўся голам на 12-й хвіліне.
У другой трэці паядынку беларускі нападнік Ягор Шаранговіч ураўноўвае шанцы абедзвюх каманд на перамогу, адзначыўшыся сваёй пятай шайбай у сезоне на 21-й хвіліне супрацьстаяння. На 25-й хвіліне Уайат Джонстан зноў выводзіць «Далас» наперад, а праз чатыры хвіліны цэнтрфорвард Джо Павелскі падвойвае перавагу сваёй каманды. Госці здолелі скараціць адставанне ў ліку на 34-й хвіліне, пасля дакладнага кідка славацкага нападніка Адама Ружычкі.
У трэцім адрэзку сустрэчы «Калгары Флэймз» адгрузіў чатыры шайбы ў адказ «Далас Старз». Перш, форвард «Калгары Флэймз» Блэйк Коўлман параўноўвае лік на 42-й хвіліне. Затым, праз імгненне Эліяс Ліндхольм выводзіць «агнёў» наперад, замкнуўшы перадачу беларуса Ягора Шаранговіча і Эндру Манджыпані на 43-й хвіліне. Шведскі цэнтрфорвард «Калгары» Мікаэль Баклунд падвойвае перавагу каманды гасцей на 48-й хвіліне, а пераможную кропку ў супрацьстаянні дзвюх каманд ставіць Назем Кадры, які адправіў шайбу ў пустую браму з перадачы беларускага форварда Ягора Шаранговіча за паўтары хвіліны да фінальнай сірэны.
Беларускі нападнік «Калгары Флэймз» Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 14 хвілін і 11 секунд, вызначыўшыся 1 закінутай шайбай, 2 дзейснымі перадачамі, 5 кідкамі ў створ брамы, завяршыў матч з каэфіцыентам карыснасці «+2». Для Шаранговіча – гэта пятая закінутая шайба ў бягучым сезоне НХЛ, да 5 асістэнцкіх балаў у 20 згуляных матчах рэгулярнага чэмпіянату.
Усяго на рахунку беларускага форвард 225 паядынкаў у наймацнейшай паўночнаамерыканскай лізе, у якіх Шаранговіч вызначыўся 58 закінутымі шайбамі і 58 дзейснымі перадачамі.
Такім чынам, хакеісты «Калгары Флэймз» здабылі другую перамогу ў трох матчах выязной серыі гульняў НХЛ і з 19 набранымі баламі займаюць дзявяты радок у турнірнай табліцы Заходняй Канферэнцыі. «Далас Старз» саступіў другі матч запар і з 26 баламі на балансе размяшчаюцца на шостай пазіцыі ў той жа Канферэнцыі.
У наступным паядынку рэгулярнага чэмпіянату НХЛ, хакеісты «Калгары Флэймз» завершаць выязную серыю з «Каларада Эвеланш», а «Далас Старз» адправіцца ў госці да «Вініпег Джэтс».