1 траўня 2024, Серада, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ваенна-патрыятычная ўсушка і ўтруска

14
Ваенна-патрыятычная ўсушка і ўтруска
ІРЫНА ХАЛІП

Лепш ужо гарэлка ў падваротні.

Падчас нядаўняй паездкі ў Чарнагорыю мне спатрэбіўся трансфер. Шукала, як прынята, у мясцовых чатах. Знайшла. Кіроўца – Алег, вельмі сімпатычны чалавек, масквіч. Дакладней, ужо былы масквіч. У дарозе нам трэба было правесці больш за гадзіну, так што разгаварыліся.

– Вы, мусіць, пасля пачатку вайны з'ехалі?

– Не, – кажа, – літаральна за пару месяцаў да яе пачатку. Пашанцавала.

Высветлілася, што Алег – не проста рэлакант або ўцякач ад мабілізацыі. Ён шмат гадоў вырошчваў патэнцыйных «мобікаў»: працаваў у кадэцкай вучэльні афіцэрам-выхавальнікам. А за некалькі месяцаў да вайны жонка сказала: адчуваю, нічога добрага тут не будзе, давай з'едзем. «Куды ж нам з'язджаць? – здзіўляўся тады Алег. – У нас нармальнае жыццё: ёсць праца, кватэра, машына, дзеці выраслі». А жонка ўсё настойвала: давай з'едзем хоць перазімаваць для пачатку, а там паглядзім.

Напярэдадні Новага года-2022 Алег узяў адпачынак за свой кошт на тры месяцы. Чарнагорыя для расейцаў не проста бязвізавая – яны там могуць без легалізацыі жыць гадамі. Галоўнае – раз на месяц перасякаць мяжу і зноў заязджаць, «абнуляцца». Так жыве там шмат хто. Вось і пастанавілі ехаць туды да вясны. А ў канцы лютага Алег напісаў рапарт аб звальненні і адправіў яго электроннай поштай, ужо не думаючы, з якой фармулёўкай будзе звольнены. З тых часоў так і жывуць – ён займаецца возніцтвам, у сезон зарабляе нядрэнна, а па-за сезонам, вядома, цяжка. Але ні пра што не шкадуе.

– Разумееце, – гаварыў Алег, – я ж не проста працаваў дзеля таго, каб атрымліваць заробак і карміць сям'ю. Я ганарыўся сваёй працай. Калі б вы ведалі, які ў нас там кантынгент: сіроты, цяжкія падлеткі, дзеці са шматдзетных сем'яў, з няшчасных. А ў нас яны на дзяржаўным забеспячэнні, увесь час пад наглядам. Вучацца, трэніруюцца, у цяпле і клопаце. Я думаў, мы робім высакародную справу: вось не трапіў бы той ці іншы хлопец да нас – пачаў бы піць, як бацькі, ці наркаманіць, потым сеў бы ў турму. А мы – нібыта выратавальнікі юных неўмацаваных душаў у складаных абставінах. І раптам высветлілася, што мы не высакародную справу рабілі, а гадавалі гарматнае мяса! Цяпер мне сорамна за ўласную слепату. Я не вярнуся туды.

Такіх, як Алег, – мала: тых, хто зразумеў, хто знайшоў у сабе сілы адмовіцца ад ранейшага камфортнага жыцця, з'ехаць і пачаць новае, вельмі нялёгкае жыццё. Большасць ягоных калегаў ці дагэтуль не зразумелі, што гадуюць гарматнае мяса, а не вольных грамадзянаў, ці зразумелі і сталі ганарыцца яшчэ больш, ці заткнуліся і моўчкі ўсталі ў шыхт пад літарай Z, замбуючы дзяцей ілжывымі ідэямі.

Пакуль мы ехалі, я слухала гісторыю Алега і думала пра беларускіх дзяцей – пра тых, каго адпраўляюць у ваенна-патрыятычныя клубы пад такім самым лозунгам – «гэта лепш, чым у падваротнях гарэлку піць» і «трэба адарваць дзяцей ад вуліцы». Прычым часцей за ўсё ў такія клубы дзяцей запісваюць бацькі. Добраахвотна, не пад катаваннем і не праз судовы вырак. З найлепшых памкненняў. А там дзяцей вучаць словам «змагары» і «бандэраўцы» у якасці лаянкі і апавядаюць, які гэта вялікі гонар – вырасці патрыётам і пайсці паміраць за Пуціна ці за Лукашэнку. Прычым іх, Лукашэнку з Пуціным, Маскву з Менскам, нават не падзяляюць – быццам гэта дзве галавы аднаго цмока. Хто яго ведае, за якую з галоваў давядзецца паміраць гэтым дзецям – на ўсялякі выпадак няхай шануюць абедзве.

Лукашэнка нездарма падпісаў указ «Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў» у траўні 2022 года, калі ўжо тры месяцы ішла вайна ва Украіне і стала зразумела, што гарматнае мяса – адзінае, на што багатае расейскае войска. Мясам на ўсялякі выпадак трэба абзавесціся і дома, зрабіць запасы на зіму. Закваска і засолка дзеля ўсушкі і ўтрускі. А сёлетняй вясной дзяржаўныя медыя з гонарам пісалі, што пры МУС і Міністэрстве абароны функцыянуюць 29 ваенна-патрыятычных клубаў, у якіх знаходзяцца дзве тысячы дзяцей. І гэта яшчэ без уліку праваслаўных ваенна-патрыятычных клубаў пры епархіях – усіх гэтых «Перасветаў», «Славянаў» ды іншых «Віцязяў». Там усё тое самае, толькі яшчэ і моляцца ў даважак. І яшчэ 755 школьных ваенна-патрыятычных гурткоў, у якіх 11 тысячаў дзяцей. А ў агульнай колькасці атрымліваецца памер дывізіі. Уяўляеце сабе дывізію падлеткаў, якім удзяўбці ў галовы, што яны павінны памерці за дыктатара? І гэта ў найлепшым выпадку. А ў горшым – забіць за дыктатара.

Не, лепш ужо гарэлка ў падваротні.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках