4 траўня 2024, Субота, 21:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Бедуіны нашага стагоддзя

16
Бедуіны нашага стагоддзя
Ірына Халіп

Беларусы становяцца новым вандроўным народам.

Днямі ў адной еўрапейскай краіне, у адным прыгожым месце прайшоў канцэрт аднаго беларускага гурта. А больш нічога я, напэўна, і сказаць не магу: падчас таго канцэрта дырэктар пляцоўкі здымаў на тэлефон залу. І некалькі гледачоў падышлі і папрасілі: калі ласка, не здымайце, мы не эмігранты, нам яшчэ ў Беларусь ехаць, і хто яго ведае, чым прысутнасць на гэтым канцэрце можа для нас абярнуцца на радзіме. «Дык гэта ж я для сябе!» — казаў дырэктар. І тым не менш, казалі яму, тым не менш…

У іншай еўрапейскай краіне, якая не ўваходзіць у склад Еўразвязу, я надоечы размаўляла з прадстаўнікамі беларускай дыяспары – мы гаварылі пра наступствы «пашпартнага ўказу» для іх: гэта не Польшча і не Літва, падарожныя дакументы замежніка яна не выдае, так што сітуацыя ў нашых суайчыннікаў кепская, пагатоў, як на тое ліха, менавіта пасля падпісання ўказа выявілася, што ў шмат каго з іх тэрмін дзеяння пашпарта заканчваецца ўжо налета. Я слухала іхнія гісторыі, а яны расказвалі, як вымушаны былі з'ехаць, як лік ішоў на гадзіны, і не было часу чакаць гуманітарную візу, як потым уцякалі, да прыкладу, з ваеннай Украіны і вось нарэшце, здавалася б, у бяспецы, дык жа не — спрабуюць здагнаць хоць пашпартам. Я запісвала і абяцала: прозвішчы вашыя, дарагія суайчыннікі, я называць не буду. А суайчыннікі раптоўна папрасілі, каб я і імёны іхнія змяніла.

- Але які ў гэтым сэнс, — пыталася я, — навошта змяняць Уладзіміра на Васіля, калі я ўсё адно не буду падаваць прозвішчы?

- А які Вам сэнс у падсвятленні асоб, — адказвалі мне, — калі важныя менавіта гісторыі? Чым яны будуць больш пераканаўчымі, калі мы застанёмся Уладзімірамі? Важна тое, што адбываецца з намі, а не тое, як нас зваць. А прыцягваць увагу менавіта да сябе, а не да праблемы — нам гэта не трэба.

- Але ж вы ў бяспецы!

- Сёння ў бяспецы, а што з намі будзе заўтра?

У трэцяй еўрапейскай краіне беларусы вельмі хочуць зарэгістраваць дыяспару як НКА, бо ў той краіне вельмі любяць пячаткі і паперы. Але зарэгістраваць не могуць, бо ніхто не хоча ўзяць на сябе адказнасць дэ-юрэ ўзначаліць грамадскую арганізацыю і паставіць подпіс. Не таму, што баяцца адказнасці або не жадаюць чапацца з бюракратыяй, а таму, што ўсе, як выявілася, «на куфрах»: адна ў чаканні канадскай візы, другі думае пра Ізраіль, трэці наогул на птушыных правах і кожны раз баіцца, што пры пераходзе мяжы яго ўжо не пусцяць.

Мы просім закасоўваць нашы твары на фатаграфіях з пратэстаў. Мы чысцім стужкі сацыяльных сетак так, што ўжо і не зразумееш, былі мы там наогул калі-небудзь або гэта толькі прыснілася. Мы хаваем нашы імёны, мяняем біяграфіі, вымыкаем геалакацыю і распускаемся ў прасторы. Мы не ведаем, дзе будзем заўтра і ці будзем увогуле. Мы абвыкаем жыць як бэкпекеры – людзі, якія вандруюць па свеце з адным заплечнікам і не абрастаюць начыннем, мэбляй, фікусамі і геранямі. Мы не пускаем карані.

Беларусы становяцца новым вандроўным народам. Намады, брэндэі, бедуіны дваццаць першага стагоддзя. Пашпарт, жыць якому засталося некалькі месяцаў, у задняй кішэні. Пара футболак, швэдар і запасныя джынсы ў заплечніку. Тэлефон сцёрты да непазнавальнасці на ўсялякі выпадак. У рахунках, створаных знарок на выпадак вяртання ў Беларусь, можна заблытацца. Бел-чырвона-белы сцяжок абавязкова ў кішэні, без яго горш. Прагноз надвор'я, расклад рэйсаў, блаблакары; а куды можна паляцець лаўкостэрам сёння і якая краіна наогул яшчэ прымае і выдае дакумент замежніка; новыя красоўкі куплю потым, гэтыя яшчэ цалкам ніштаватыя, а грошы трэба ашчаджаць. Куды-небудзь ды прыткнёмся. Галоўнае — жывыя і на волі. А як нас завуць, якімі нас памятаюць, чым мы жылі яшчэ некалькі гадоў таму — якая, уласна, розніца. Поле, калі яно паміж краінамі, перайсці іншы раз цяжэй, чым жыццё пражыць.

Але нават калі мы забудзем пра свае імёны і біяграфіі, свае месты і дамы, свае слёзы і смех, мы ўсё адно будзем пазнаваць адзін аднаго. Праз бел-чырвона-белую стужку на заплечніку, праз кепку з «Пагоняй», праз рынгтон «Перамен!». У кожным пункце свету, на кожным кантыненце мы, убачыўшы або пачуўшы гэта, успомнім усё. Бо можна забыць нават імя сваё. Забыцца немагчыма толькі адно —- тое, што мы беларусы. Гэта мацнейшае за нас.

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках