Якія электрамабілі з прабегам можна набыць у Беларусі да $8 тысячаў
9- 2.10.2023, 18:10
- 10,328

На дарогах з'яўляецца ўсё больш «электрычак».
На дарогах Беларусі з'яўляецца ўсё больш электрамабіляў. «Люстэрка» паглядзела, якія «электрычкі» на хаду можна набыць. Умова – цэтлік не павінен перавышаць 8000 даляраў (блізу 26,3 тыс. рублёў).
З недарагіх варыянтаў электрычак ёсць пяцідзверны хэтчбэк Mitsubishi i-MiEV, выпушчаны ў 2010 годзе. Машына з прабегам 98 000 км. Прадавец адзначыў, што запас ходу Mitsubishi – 90 км, аўто на хаду, стан – «прыстойны».

У машыне прадугледжаныя два парты зарадкі – хуткі і павольны, ёсць зарадны кабель, а таксама зараднае ад разеткі 220 вольтаў.
Машына на новай летняй гуме, ёсць зімовыя шыны без дыскаў, іх выкарыстоўвалі адзін сезон.
За машыну просяць 20696 рублёў, або 6300 даляраў. Тым, хто зацікавіўся транспартам і хоча больш уважліва паглядзець «электрычку», прадавец гатовы прапанаваць для гэтага гараж.
Трохдзверны хэтчбэк Zotye E200 2018 года выпуску прадаюць у сталіцы. Электрамабіль – з прабегам 50 939 км. На лакафарбавым пакрыцці ёсць сколы і драпіны.


Машыну прадаюць за 21 168 рублёў, ці 6444 даляры.
У продажы таксама ёсць рэстайлінгавы трохдзверны хэтчбэк Smart Fortwo II 2015 года выпуску, прабег у яго – 49 890 км. Пры поўнай зарадцы запас ходу машыны – 80 км.

Прадавец адзначыў, што ў аўто ёсць непаладкі з BMS-блокам (сістэма кіравання батарэі), а пры рэзкім тармажэнні машына глухне.
Прадаюць машыну за 22 667 рублёў, ці 6900 даляраў, але гаспадар гатовы да абмену.
Ёсць Fiat 500е, выпушчаны ў 2015 годзе. Ягоны прабег – 50000 км. На адной зарадцы машына прабягае блізу 100 км.
Кошт «электрычкі» – 22 831 рублёў, або 6950 даляраў.

У Гомелі прадаюць седан Renault Fluence Z.E. 2012 года выпуску. Машына прабегла 52000 км, мае запас ходу 100 км.
Кошт машыны складае 22 992 рублі, або 6999 даляраў.

У Слоніме прадаюць рэстайлінгавы Smart Fortwo II 2014 года выпуску. Машына мае прабег 72 000 км, запас ходу на поўным зарадзе батарэі – 120 км.

Прадавец адзначыў, што машына поўнасцю абслужаная, кожны дзень яна знаходзіцца на хаду. Падвеска ў яе ў парадку, устаноўленыя новыя тармазы, акумулятар і гума. Кузаў аблеплены рэкламай кампаніі, як толькі будзе рэальны пакупнік, то гаспадар здыме налепкі.
За «электрычку» хочуць атрымаць 23 981 рубель, ці 7300 даляраў.
У Маладзечне выставілі на продаж пяцідзверны хэтчбэк Nissan Leaf I, выпушчаны ў 2011 годзе. Машына мае прабег 90 000 км, запас ходу – 110 км.

Гаспадар паведаміў, што «электрычку» ён выкарыстоўвае кожны дзень, яна ў добрым стане. Разам з машынай ён гатовы прадаць зімовыя колы, але за іх трэба будзе даплаціць.
Кошт – 24 211 рублёў, або 7370 даляраў.