Кіраўніца МЗС Нямеччыны: ЕЗ будзе распасцірацца ад Лісабона да Луганску
5- 2.10.2023, 19:25
- 3,840

У Кіеве ўпершыню праходзіць выязное паседжанне міністраў замежных спраў краін Еўразвяза.
Украіна, уключаючы яе тэрыторыі, якія знаходзяцца цяпер у расейскай акупацыі, неўзабаве стане чальцом Еўразвязу. Такую ацэнку выказала міністр замежных спраў Нямеччыны Аналена Бербак (Annalena Baerbock) на сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін - чальцоў ЕЗ у Кіеве ў панядзелак, 2 кастрычніка, піша dw.com.
- Будучыня Украіны - у Еўрапейскім Звязе. У нашай агульнасці свабоды. І хутка яна будзе распасцірацца ад Лісабона да Луганску, - заявіла кіраўніца нямецкай дыпламатыі. Са слоў Бербак, з кожным метрам украінскай тэрыторыі, з кожнай вёскай, вызваленай з расейскай акупацыі «Украіна пракладае сабе дарогу ў ЕЗ».
Бербак: Украіне патрэбная «зімовая абарона»
У той жа час кіраўніца МЗС ФРГ адзначыла, што патрэбнасць Кіева ў дапамозе расце па меры набліжэння халадоў. Таму Украіне неабходная «зімовая абарона», да якой належыць і паветраная абарона, рэзюмавала міністр. Пры гэтым яна дадала, аднак, што ў еўрапейцаў «маецца ўжо не так шмат сістэм, якія можна было б паставіць» Кіеву.
Шлях Украіны ў ЕЗ
У ліпені 2022 года Украіна афіцыйна атрымала статус краіны - кандыдата на ўступленне ў ЕЗ. На думку Бербак, з тых часоў Кіеў уражальным чынам пачаў праводзіць рэформы - як у сферах правасуддзя і СМІ, так і ў плане цяжкай тэмы карупцыі.
Са свайго боку кіраўніца МЗС Францыі Катрын Калона падчас знаходжання ў Кіеве таксама заявіла, што Украіна з'яўляецца часткай еўрапейскай сям'і, а Расеі не варта разлічваць на стомленасць еўрапейцаў.
29 верасня кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЕЗ абмяркоўвалі ў гішпанскай Грэнадзе заклік Кіева яшчэ да канца гэтага года пачаць перамовы аб уступленні Украіны ў ЕЗ. Еўракамісія мае намер даць сваю рэкамендацыю на гэты конт не пазней за пачатак лістапада. Выніковая пастанова павінна быць прынятая на саміце ЕЗ у Брусэлі ў сярэдзіне снежня. Для ўступлення Украіны ў ЕЗ неабходная згода на гэта ўсіх 27 чальцоў Еўразвязу.