Беларусь упала да рэкордна нізкага ўзроўню ў рэйтынгу эканамічнай свабоды
3- 2.10.2023, 17:39
- 3,674

Горш за ўсё ў нас справы з прававой сістэмай і абаронай уласнасці.
Беларусь апусцілася ў рэйтынгу Эканамічнай свабоды краін свету і заняла па выніках 2021 года 109 месца. Усяго ў ім 165 пазіцыяў. Рэйтынг складае канадскі аналітычны цэнтр у пытаннях дзяржаўнай палітыкі Fraser Institute, паведаміў праект Thinktanks.
У мінулым рэйтынгу паводле вынікаў 2020 года краіна мела 97 месца. Аднак да найгоршага выніку мы яшчэ не адкаціліся - ён быў зафіксаваны ў 2015 годзе - 152 месца.
На думку даследчыкаў, зараз горш за ўсё ў нас ідуць справы з прававой сістэмай і абаронай уласнасці. А больш за ўсё балаў Беларусь набрала па такой катэгорыі як "Надзейныя грошы", дзе адлюстроўваецца эфектыўнасць манетарнай палітыкі і ўзровень інфляцыі.
У рэйтынгу ўсе 165 краін свету былі падзеленыя на 4 групы - ад самых свабодных да абсалютна несвабодных. Беларусь была ў трэцяй групе.
Для параўнання: Расея заняла 104 месца, Кітай - 111.
З краін былой савецкай прасторы самымі эканамічна свабоднымі з'яўляюцца Эстонія і Літва - яны размясціліся на парозе першай дзясяткі (12 і 13 месца). Грузія і Арменія таксама занялі высокія месцы: 25 і 33 адпаведна.
У апошняй чацвёртай групе размясціліся ў асноўным афрыканскія краіны, а таксама сярэднеазіяцкія рэгіёны з палітычнай нестабільнасцю. Лідары ў эканамічнай свабодзе Сінгапур, Ганконг і Швайцарыя.
Нагадаем, ёсць і іншыя рэйтынгі, у якія ўключалі Беларусь. Напрыклад, у рэйтынгу краін у выдатках грамадзян на ежу наша краіна знаходзіцца на 77-м месцы сярод 105 краін: на прадукты харчавання і безалкагольныя напіткі ў нашых грамадзян прыпадае 32,1 адсотка ад расходаў на спажывецкія тавары і паслугі. Падобныя вынікі ў Гандураса (31,9%), Індыі (32,1%) і Грузіі (32,3%).