У Браслаўскім раёне знайшлі незвычайны грыб, кілаграм якога каштуе больш за 100 еўраў
12- 2.10.2023, 16:42
- 17,536

Гэты гатунак з'яўляецца рэдкім для Беларусі.
Імавернае месца вырастання рэдкіх чорных лісіц выявілі ў гідралагічным заказніку "Рычы" ў Браслаўскім раёне, піша газэта "Браслаўская зорка". Поўнай упэўненасці пакуль няма.
Знайшлі незвычайны грыб падчас чарговай выправы для агляду месцаў вырастання рэдкіх тыпаў раслін і з мэтай пошуку новых, расказаў дырэктар заказніка Аляксандр Молакаў.

«Падчас маніторынгу было заўважана некалькі лісіц незвычайнай афарбоўкі — цёмнай. Ужо па-за лесам з дапамогай сучасных тэхналогій высветлілі, што гэты грыб вельмі падобны да ляйкоўца ражкаватага, які з'яўляецца рэдкім для Беларусі», — адзначыў Малакоў.
Цяпер знойдзенае месца ўзятае пад кантроль і будзе далей вывучацца наконт наяўнасці гэтага гатунку.
Ляйковец ражкаваты (лац. Craterellus cornucopioides) — грыб сямейства лісіцавых. Іх сезон — з пачатку ліпеня да канца верасня-кастрычніка. У верасні гэты грыб ужо сустракалі на паўднёвы ўсход ад Браслаўшчыны — у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці.

Згодна з фінскай інструкцыяй аб спажыванні грыбоў, гэты ядомы грыб не патрабуе папярэдняй апрацоўкі. Выкарыстоўваецца ў смажаных, тушаных стравах, супах, падліўках, заправах. Пры варэнні набывае чорны колер. Адрозна ад лісіц грыб добра сушыцца, хоць і становіцца крохкім. Смак пры гэтым крыху ўзмацняецца.
У Еўропе паўкілаграма такога грыба каштуе 55 еўраў. У ЗША амаль такая ж маса каштуе 65 даляраў.