СМІ: Вайсковы лётчык РФ здаўся ў пасольстве ЗША
15- 2.10.2023, 18:20
- 30,530

Мужчына накіраваўся нібыта на адпачынак у ААЭ, а там ужо звязаўся з амерыканскімі дыпламатамі.
З Расеі ўцёк лётчык Расгвардыі. Адправіўшыся ў адпачынак з сям'ёй у ААЭ, ён ужо на месцы здаўся прадстаўнікам амерыканскага пасольства. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на тэлеграм-канал «Дасье шпіёна».
Вайсковец авіяцыйнай эскадрыллі Расгвардыі старшы лейтэнант на прозвішча Гаўрычэнка з пазыўным «Гаўр» у канцы верасня атрымаў адпачынак і паехаў адпачываць у Дубай. Там ён прыйшоў у амбасаду ЗША і заявіў, што гатовы супрацоўнічаць, бо ваяваць супраць Украіны ён не жадае.
Са звестак згаданага тэлеграм-канала, падгаварыць да ўцёкаў лётчыка мог яго таварыш з курсанцкім мінулым Антон Васільеў, які служыў у 610-м цэнтры баявога выкарыстання і перавучвання лётнага складу ў горадзе Іванаве. У самым пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Васільеў пакінуў Расею і перабраўся ў Лос-Анжэлес. Цяпер ён нібыта займаецца арганізацыяй збораў для ўкраінскага войска і дапамагае амерыканскай выведцы.
Цяпер ФСБ высвятляе абставіны уцёкаў Гаўрычэнкі праз ААЭ: яго таварышаў са службы дапытваюць, у іх праводзяць ператрусы. ФСБ мяркуе, што менавіта Антон Васільеў пераканаў Гаўрычэнку ў неабходнасці ўцёкаў.
Вайсковыя лётчыкі ўцякаюць з Расеі
Са звестак згаданага пабліка «Дасье шпіёна», Гаўрычэнка і Васільеў - далёка не адзіныя расейскія лётчыкі, якія ўцяклі ад пуцінскага «антыфашызму». Паблік згадвае лётчыка 15-й брыгады вайсковай авіяцыі лейтэнанта Дзмітрыя Мішова, які ўцёк у Літву.
Таксама шырокую вядомасць атрымаў эпізод з лётчыкам 319-га асобнага гелікаптэрнага палка капітанам Максімам Кузьмінавым, які скраў гелікаптэр Мі-8АМТШ, прычым разам з экіпажам, і на ўзгадненне з ГУВ МАУ пасадзіў яго на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Украіны. За гэта ён атрымаў узнагароду сумай 500 000 даляраў ЗША.