Куды дрэйфуе Казахстан?
7- 1.10.2023, 16:16
- 7,552

Такаеў пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны дыстанцуецца ад Крамля.
Астана будзе строга прытрымлівацца заходніх санкцый у дачыненні да Расеі і не збіраецца шукаць шляхоў у абыход уведзеным абмежаванням. Пра гэта гэтымі днямі сказаў прэзідэнт Казахстана Касым-Жомарт Такаеў у Бэрліне паводле вынікаў перамоў з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам.
«Казахстан адназначна заявіў, што будзе прытрымлівацца рэжыму санкцый, – сказаў Такаеў. – Мы падтрымліваем кантакты з адпаведнымі арганізацыямі для захавання санкцыйнага рэжыму, і я думаю, што з нямецкага боку не павінна быць ніякіх асцярог з нагоды магчымых дзеянняў, накіраваных на абыход санкцыйнага рэжыму».
На меркаванне шэрагу экспэртаў, Казахстан пасля расейскай агрэсіі супраць Украіны пачаў дыстанцыявацца ад Масквы. Так, між іншым, Астана не прызнала акупаваныя тэрыторыі Украіны часткай Расейскай Федэрацыі, паведамляе «Голас Амерыкі».
У той жа час казахстанскія кампаніі неаднаразова абвінавачваліся ў падачы Расеі розных тавараў, якія знаходзяцца пад санкцыямі Захаду.
Рэагуючы на апошнія заявы прэзідэнта Казахстана, 29 верасня ў МЗС РФ выказалі надзею на тое, што дачыненні Масквы з Астаной усё ж застануцца нязменнымі, адзначыўшы, што расейска-казахстанскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва «прыносіць вялікую выгаду абедзвюм краінам».
Знаходзячыся ў Бэрліне, Касым-Жомарт Такаеў таксама заявіў, што выступае за неадкладнае спыненне вайсковых дзеянняў паміж Расеяй і Украінай і мірныя перамовы на падставе статута ААН. «Трэба спыняць узаемныя абвінавачанні і весці перамовы, каб знайсці варыянты, якія задаволяць абодва бакі», – сказаў Такаеў.
Заява Такаева добра ілюструе тэндэнцыю паслаблення прыцягнення Масквы як цэнтру ўплыву ў Еўразіі, уважае палітолаг Дзмітрый Арэшкін. На ягоную думку, менавіта дзякуючы Пуціну гэты працэс у апошні час прыкметна паскорыўся.
«Расея перастае быць прыцягальным полюсам для навакольных дзяржаў, якія ўтварыліся пасля распаду Савецкага Саюза, – дадаў ён. – Ад Масквы на вачах паслядоўна «адвальваюцца» Грузія, Малдова, Арменія, Казахстан, не кажучы ўжо пра Украіну. Праблема ў тым, што ў Крамля не аказалася мяккай сілы, а ёсць толькі грубая сіла, ды і тая, як высвятляецца, дрэнна працуе».
Казахстан акуратна, стрымана, крок за крокам аддаляецца ад Расеі і ўсё больш займае, як мінімум, пазіцыю ў трохполюсным свеце: з аднаго боку – Кітай, з другога – Расея, з трэцяга – умоўны Захад, канстатаваў Дзмітрый Арэшкін:
«У Нямеччыне Такаеў прадэманстраваў лаяльнасць заходняму свету, і ў гэтым сэнсе для яго складаецца шматпалярная сітуацыя, у якой Маскве застаецца ўсё менш і менш месца. Задамося пытаннем: а чым сённяшняя Расея для Казахстана прывабная? Тэхналогіі краіна можа атрымліваць на Захадзе, інвестыцыі – у Кітаі. Таму Пуцін, які не можа нічога прапанаваць акрамя сілавога рэсурсу, проста для Такаева не надта цікавы. І калі яму трэба выбіраць паміж Захадам і Масквой, ён выбірае Захад».
Як уяўляецца палітолагу, у гэтым праяўляюцца прыкметы доўгатэрміновай стратэгічнай паразы Пуціна. У дадатак да ўсяго ў Масквы зараз практычна няма ніякіх рычагоў ціску на Астану.
«Пуцін, ведама, згодна з традыцыяй можа справакаваць нейкія этнічныя канфлікты ў Казахстане. Але ўвогуле такая палітыка паўсюдна зазнае крах. Таму расейскаму прэзідэнту застаецца толькі з прыкрасцю «пстрыкаць дзюбай» і рабіць выгляд, што нічога асаблівага не адбываецца. Зрэшты, у прапагандысцкіх Z-патрыятычных пабліках ужо з'яўляюцца публікацыі аб тым, што колькасць ворагаў расце, што Захад іх перакупіў і гэтак далей. Але калі ты ва ўсіх кідаешся камянямі і нічога іншага прапанаваць не можаш, то, натуральна, вакол цябе і будуць адны ворагі. Гэта заканамерна», – рэзюмаваў Зміцер Арэшкін.
У сваю чаргу, экспэрт у Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў заўважыў, што нічога новага для сябе са сказанага Такаевым ён не пачуў. З ягоных слоў, усё гэта казахстанскі прэзідэнт гаварыў раней, і не раз.
«Між іншым, што расейска-ўкраінскі канфлікт трэба развязваць мірнымі сродкамі на аснове Статута ААН, – падкрэсліў ён. – Гэта важная фармулёўка. Тут маецца на ўвазе захаванне тэрытарыяльнай цэласнасці (Украіны), гэта значыць улічваецца гэты прынцып. Далей Такаеў сказаў, што Казахстан абяцае прытрымлівацца санкцыйнага рэжыму, накладзенага на Расею Захадам. Ён таксама пра гэта і раней казаў».
Так што ніякіх асабліва новых элементаў аддалення ад Масквы ў бэрлінскай прамове казахстанскага лідара вылучыць нельга, мяркуе Аркадзь Дубноў:
«Наадварот, ён яшчэ раз падкрэсліў, што ў Казахстана з Расеяй дружалюбныя дачыненні, няма праблем з пункту гледжання памежных спрэчак, межы паміж краінамі дэмаркаваныя. Нядаўна праходзілі сустрэчы чатырох прэмʼер-міністраў Расеі, Казахстана, Кыргызстана і Беларусі ў Астане, і там абмяркоўваліся вельмі канкрэтныя пытанні – у першую чаргу ў расейска-казахстанскім ключы ў спробе забяспечыць найбольш аптымальныя варыянты супрацоўніцтва (пры ўмове захавання) санкцыйнага рэжыму».
Астана, натуральна, не жадае патрапіць пад другасныя санкцыі, падсумаваў экспэрт.
У адпаведнасці з 11-м пакетам санкцый ЕЗ імкнецца спыніць рээкспарт тавараў падвойнага прызначэння трэцімі краінамі ў Расею, а акрамя таго, уводзіць меры, накіраваныя на абмежаванне экспарту асобным тыпам тавараў у дзяржавы, якія не падтрымліваюць санкцыі.