Момант выбуху каля МУС Турцыі ў Анкары патрапіў на камеры назірання
1- 1.10.2023, 13:24
- 5,094

Невядомыя пад'ехалі на легкавым камерцыйным аўтамабілі шэрага колеру.
Выбух, учынены тэрарыстам-смяротнікам у сталіцы Турцыі Анкары 1 кастрычніка, зняла камера відэаназірання. Інцыдэнт здарыўся перад будынкам Галоўнай управы бяспекі МУС краіны.
Адзін са злачынцаў актываваў выбухоўку, якую пранёс на сабе. Другі быў нейтралізаваны сіламі бяспекі, паведамляе Hürriyet.
Ролік быў зняты камерай вонкавага назірання блізу 9:30. На кадрах зафіксаваны момант дэтанацыі. Людзі, якія ішлі па бульвары Атацюрка, пасля выбуху пачалі ўцякаць далей ад месца надзвычайнага здарэння. У раёне таксама было чуваць гукі страляніны.

Турэцкія праваахоўнікі паведамілі, што двое зламыснікаў пад'ехалі да ўязной брамы дзяржаўнай установы на легкавым камерцыйным аўтамабілі шэрага колеру.
Яны былі ўзброеныя. Адзін загінуў праз выбух, другога застрэлілі паліцыянты. На другім таксама была бомба, якую тэрарыст актываваць не паспеў. Заяўляецца, што сапёры могуць яе зняць і кантралявана абясшкодзіць.
У выніку здарэння лёгкія траўмы атрымалі двое турэцкіх праваахоўнікаў. Улады краіны асудзілі тэракт і пажадалі пацярпелым найхутчэйшага выздараўлення.
Пасля інцыдэнту ўсе дарогі ў радыусе 500 метраў ад будынка МУС былі часова перакрытыя, а Генеральная пракуратура Анкары пачала расследаванне.
