У Расеі заявілі пра ўцёкі акупантаў з Такмака
5- 1.10.2023, 12:21
- 23,786

Агучаны план кіраўніка Генштаба РФ Валерыя Герасімава.
У найбліжэйшы месяц акупацыйнае войска РФ, магчыма, зробіць «крок добрай волі» на Запарожскім кірунку, збегшы з Такмака, паведамляе dialog.ua.
Расейскі тэлеграм-канал «Крамлёўская табакерка» запэўнівае, што за гэты сцэнар нібыта выступае кіраўнік Генштаба УС РФ Валеры Герасімаў.
Пост пра гэта расейскі рэсурс абнародаваў 1 кастрычніка. Паводле ягоных звестак, у Генштабе РФ не ўсе падтрымліваюць адвод войскаў ад Такмака, да якога набліжаюцца ўкраінскія войскі.
Аднак Герасімаў нібыта мяркуе, што ўжо ў найбліжэйшыя тыдні гэтыя людзі зменяць сваю пазіцыю праз вялізныя страты, якія войска РФ нясе ў спробе ўтрымаць гэты населены пункт.

«У Генштабе прадаўжаецца канфлікт вакол таго, ці адводзіць нашыя войскі з Такмака. На гэты момант, паводле інфармацыі трох крыніцаў у Генштабе, перамагаюць ворагі такой пастановы. А Валеры Герасімаў гатовы “часова змірыцца” з тым, што горад мы пакуль не пакінем», – піша тэлеграм-канал, спасылаючыся на крыніцы ў расейскім Генштабе.
Паводле ягоных звестак, Герасімаў нібыта мае намер вярнуцца да гэтага пытання праз 2-3 тыдні, калі вялікія страты расейскага войска на гэтым адрэзку фронту прымусяць перадумаць тых генералаў, якія цяпер пярэчаць адступленню.
«Прагнозы кіраўніка Генштаба наконт абароны Такмака “застаюцца змрочнымі”. Герасімаў у нядаўняй размове з некалькімі паплечнікамі сказаў, што генералы, якія не хочуць адступаць, хутчэй за ўсё, “апамятаюцца”, калі ў нас будзе 10 тысячаў мёртвых і бязногіх вайскоўцаў», – гаворыцца ў паведамленні.
«Пасля гэтага, на думку кіраўніка Генштаба РФ, з Такмака ўсё роўна давядзецца адступаць, але захаваць Мелітопаль і яшчэ некалькі важных гарадоў будзе ўжо складаней», – піша расейскі рэсурс.
Паводле ягоных звестак, заява пра 10-тысячныя страты – гэта не фігура маўлення і не перабольшанне.
«Вораг сабраў такія сілы, што мы можам і больш людзей страціць. Прычым літаральна за тры тыдні – месяц», – піша канал.
Цяпер украінскія войскі знаходзяцца прыкладна за 20 км ад горада.