19 красавiка 2024, Пятніца, 23:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі страчвае апошнія мазгі і працоўныя рукі

28
Рэжым Лукашэнкі страчвае апошнія мазгі і працоўныя рукі

Сітуацыя дайшла да абсурду.

На прадпрыемствах Беларусі запушчаны працэс татальнага скарачэння працоўных. Кожны новы дзень расце колькасць звальненняў як на ініцыятыву працоўных, так і праз спыненне дзеяння кантракта з боку наймальніка. Правёўшы маніторынг і меўшы асабістыя кантакты з працоўнымі некаторых прадпрыемстваў, можна зрабіць выснову, што за працоўныя месцы ўжо амаль ніхто не трымаецца.

Летась была інфармацыя аб так званай «аптымізацыі» прадпрыемства «Гродна Азот», сутнасць якой была ў скарачэнні 1500 чалавек. Відаць, план увайшоў у дзеянне адразу ж пасля яго абвяшчэння.

Цяпер цяжка палічыць колькі канкрэтна чалавек звольнена з тых ці іншых прычын на заводзе. Вядома тое, што калі начальства захоча скараціць, то зробіць гэта абавязкова. Сітуацыя дайшла да абсурду. Да прыкладу, нядаўна дасведчанага інжынера звольнілі за адмову праходзіць паліграф, хоць згодна з заканадаўствам, калі чалавек ні ў чым не абвінавачваецца, адмова ад праверкі на паліграфе не можа пацягнуць для працаўніка ніякіх наступстваў. Гэта значыць, на падставе адмовы работніка прайсці праверку на паліграфе працадаўца не можа прымяніць меры спагнання да работніка, у тым ліку звольніць, а таксама не мае права знізіць суму заробку.

Але частка працоўных не стала чакаць пакуль іх звольняць ці папросяць прайсці праверкі і робяць гэта самі. Людзі проста стаміліся трапаць сабе нервы ў разборках з рэжымам. Хтосьці можа даўно ўжо выйсці на пенсію, а хтосьці яшчэ дастаткова малады, каб асвоіць новую прафесію і пакінуць прадпрыемства. Такая сітуацыя назіраецца і на прадпрыемствах, якія працуюць «напаўсілы», ці зусім з пачаткам крызісу пачалі адпраўляць працоўных на 2/3. Напрыклад, працоўныя «Беларуськалія», які трапіў пад санкцыі, на якім нармальна працуе толькі чацвёртае рудаўпраўленне, па чарзе адпраўляюцца на 2/3 ад тарыфнай стаўкі (акладу) адпачываць дома. Нават кіраўнічы склад са «свечкі» - будынка ў цэнтры Салігорска, дзе сядзіць мэнэджмент прадпрыемства - павінен кожны месяц «адбываць» дома па пяць дзён. Поўным ходам ідзе і так званае «ўскоснае» скарачэнне працоўных месцаў. Алгарытм просты - людзі выходзяць па ўзросце на пенсію або звальняюцца (іх звальняюць) па розных прычынах, а на іх месцы нікога не набіраюць, штат няўхільна скарачаецца. Паводле ацэнак супрацоўнікаў, нягледзячы на двухгадовыя спробы дыверсіфікацыі паставак, экспарт зараз не перавышае 20 працэнтаў ад ранейшых сярэдніх аб'ёмаў.

Але не толькі заводы сутыкаюцца з маштабнымі скарачэннямі. Да пачатку навучальнага 2022/2023 года ў беларускіх школах не хапала 1250 педагогаў, 760 выхавацеляў, 650 настаўнікаў і некалькіх соцень «ваенрукоў». У агульнарэспубліканскай базе вакансій было 654 прапановы для настаўнікаў, датаваныя апошнімі днямі жніўня і 1 верасня.

Асабліва моцна рэжым пужае дэфіцыт медыкаў, які расце з кожным днём. На 8 снежня 2022 года ў краіне меліся 4654 вакансіі для лекараў і 3397 - для медсясцёр. Яшчэ ў пачатку восені мінулага года лічбы былі іншыя: афіцыйна не ставала больш за тры тысячы лекараў і амаль тры тысячы медсясцёр. Для лекараў стала нармальным працаваць на паўтары стаўкі, але сітуацыя пагаршаецца тым, што ў бальніцах шмат лекараў пенсійнага ўзросту, якія з часам ідуць на заслужаны адпачынак.

Паводле прагнозаў аналітыкаў, колькасць міграцыі сёлета можа павялічыцца ўдвая. Праз бесперапынныя рэпрэсіі, падзенне заробкаў і скарачэнне некаторых вакансій паскараецца міграцыя ў Еўропу практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі. А рызыка таго, што Лукашэнка можа паўнавартасна ўступіць у вайну супраць Украіны, выклікала ажыятаж сярод мужчын прызыўнога ўзросту на пераезды ў Польшчу ці Літву. Як правіла, у такім выпадку пераезд адбываецца цэлымі сем'ямі, таму, страчваючы працоўнага «Гродна Азота» ці «Беларуськалія», рэжым аўтаматычна страчвае ягоную жонку ці дачку – лекара, выкладчыка, пісьменнага юрыста ці эканаміста.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для Telegram-канала «Баста!»

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках