7 снежня 2022, Серада, 13:39
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Forbes: Ліман стаў месцам, дзе ніводзін жаўнер Расеі не хацеў бы цяпер апынуцца

6
Forbes: Ліман стаў месцам, дзе ніводзін жаўнер Расеі не хацеў бы цяпер апынуцца

Цэлы расейскі гарнізон рызыкуе апынуцца ў аблозе УСУ.

Рака Аскол цячэ з поўначы на поўдзень ад Расеі да Данца на ўсходзе Украіны. Яна можа служыць натуральным абарончым бар'ерам. Таму зразумела, чаму расейцы адступілі за гэтую раку, калі дзясятак украінскіх брыгад прарвалі расейскую лінію абароны ў Харкаўскай вобласці ў першы тыдзень верасня.

Калі б войска Расеі не было знясіленае за сем месяцаў бітваў з усё больш вынаходлівым і рашучым ворагам і калі б Крэмль не адправіў падраздзяленні з усходу для ўмацавання пазіцый на поўдні, дзе прадаўжаецца ўкраінскі наступ, лінія абароны на ўзбярэжжы ракі Аскол магла б вытрымаць. Але гэтага не адбылося, прыводзіць артыкул Forbes «Зеркало недели. Украина».

Цяпер расейская лінія забеспячэння, якая праходзіць праз горад Ліман, таксама пад пагрозай. Пасля пераправы праз Аскол украінскія войскі працягнулі наступ. Сёння яны ўтрымліваюць не менш як пяць плацдармаў на правым беразе ракі. Крэмль абвясціў аб пачатку мабілізацыі і пачаў хаатычна зацягваць на службу ў войска мужчын, спрабуючы атрымаць такім чынам 300 тысяч жаўнераў.

«Не, гэтыя прызыўнікі не прыбудуць на фронт своечасова, каб выратаваць расейскія пазіцыі на ўсход ад Аскола. Ці ім не выстарчыць падрыхтоўкі для гэтага, у кожным выпадку», - піша выданне.

Гэта будзе мець моцныя наступствы для расейскіх пазіцый у паўночнай частцы Луганскай вобласці, якая з 2014 года знаходзіцца пад расейскім кантролем і дзе цяпер Масква праводзіць фальшывы «рэферэндум», каб абвясціць вобласць «часткай Расеі». Украінскае войска наступае па ўсім усходзе. Тры восі наступлення гатовыя ачапіць і адрэзаць расейскі гарнізон у Лімане. Горад стаў важным чыгуначным вузлом, праз які праходзіць значная частка забеспячэння расейскіх войскаў на ўсходзе Украіны.

Расейскія сілы адыходзяць у Харкаўскай вобласці на новую абарончую лінію, якая цягнецца ад горада Сватава на поўначы праз даліну да Крамянной, размешчанай у 40 кіламетрах на поўдзень. Даліну, акружаную з усіх бакоў вышынямі, нельга назваць добрым месцам для абароны. Расейскія ВПС у апошнія дні павялічвалі колькасць вылетаў на ўсходзе, адчайна спрабуючы выратаваць расейскія наземныя падраздзяленні, якія патрапілі ў аблогу. Але жорсткая ўкраінская супрацьпаветраная абарона прытупіла ўплыў гэтых паветраных аперацый. Forbes нагадвае, што толькі ў суботу ўкраінскія вайскоўцы збілі чатыры расейскія самалёты.

Таму пытанне цяпер не ў тым, ці вызваліць Украіна Ліман, а калі менавіта гэта адбудзецца. Украінскі наступ з поўначы можа стацца асабліва катастрафічным для Расіі. Паколькі яго лінія дастаткова шырокая, каб адрэзаць тысячы варожых жаўнераў ад іншых расейскіх сіл у рэгіёне. А калі Крэмль адправіць сюды дадатковае падмацаванне, у ачапленне патрапіць яшчэ больш расейскіх жаўнераў.

Навуковы супрацоўнік кафедры вайсковых даследаванняў Каралеўскага каледжа Лондана Майк Марцін мяркуе, што хутчэй за ўсё адбудзецца другое.

«Ліман падобны на старую пастку. Спачатку можна націснуць з паўночнага і ўсходняга фланга ад Лімана, прымусіўшы расейцаў умацаваць абарону гэтага крытычнага чыгуначнага вузла. А потым пашырыць аблогу, каб загнаць у пастку яшчэ больш варожых сіл», - напісаў экспэрт у Twitter.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».