Мікалая Аўтуховіча ўтрымліваюць у нечалавечых умовах
4- 27.09.2022, 14:19
- 8,176

На палітвязня цісне адміністрацыя турмы.
Чым бліжэй заканчэнне суда над Мікалаем Аўтуховічам і іншымі фігурантамі справы, з якіх спрабуюць зляпіць «групу», тым мацней ціснуць на ўдзельнікаў працэсу і асабліва на яго асабіста.
У мінулы панядзелак, 19 верасня, стала вядома, што Мікалая Аўтуховіча адправілі ў карцэр на 10 дзён.
Пра гэта піша ягоная дачка Кацярына ў «Фэйсбуку»:
- Прычына спагнання - у яго сукамерніка знайшлі забаронены прадмет у дзень дзяжурства Мікалая. Таксама з панядзелка ў карцэры знаходзіцца Уладзімір Гундар.
Учора стала вядома, што Мікалая 29 верасня з карцэра не выпусцяць, бо чакаюцца новыя спагнанні. На колькі падоўжаць утрыманне ў карцэры - невядома. Гэта значыць, што адміністрацыя турмы пакідае чалавека без лістоў нават ад сваёй маці, без пасылак, перадач і магчымасці набыць неабходнае ў турэмнай краме (нават пітную ваду), без шпацыраў.
Адміністрацыя спецыяльна ўскладняе знаходжанне бацькі ў турме да вынясення прысуду.
На самім працэсе Мікалай утрымоўваецца ў клетцы плошчай блізу 1 м², пасяджэнні праходзяць да 18, часам да 19 вечара. У выніку ўдзельнікі працэсу часам застаюцца без вячэры.
Такія ўмовы нельга назваць інакш, як катаваннямі. Нядаўна суд перавялі ў закрыты рэжым, адвакаты цяпер нават родным не могуць нічога расказваць аб ходзе працэсу.
Адзінае, што мы ведаем пра Мікалая - ён трымаецца і пераносіць усе гэтыя выпрабаванні з дзіўнай устойлівасцю і з годнасцю.
Чарговы раз спрабуем дагрукацца да беларускіх і замежных праваабаронцаў. Мікалай Аўтуховіч і ўсе, хто праходзіць паводле ягонай справы, павінны быць прызнаныя палітвязнямі.