3 траўня 2024, Пятніца, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Завод «БелДжы» трапіў у патавую сітуацыю

24
Завод «БелДжы» трапіў у патавую сітуацыю

Вялікае пытанне, ці прадоўжаць кітайцы ва ўмовах санкцый пастаўляць камплектавальнікі ў Беларусь.

Нядаўняе прызнанне міністра прамысловасці акрэсліла патавую сітуацыю, у якую трапіў завод "БелДжы". «Салідарнасць» нагадвае, якія планы на яго былі 5 гадоў таму і чым яны абярнуліся.

Ці выйшаў "БелДжы" на рэнтабельнасць? Сталыя маніпуляцыі лічбамі

Новы завод паміж Жодзінам і Барысавам урачыста адкрыўся восенню 2017 года. Тады Аляксандр Лукашэнка дакладна агучыў задачы развіцця вытворчасці:

– Мы будзем павялічваць магутнасць у два разы. Думаю, што 60 тысячаў аўтамабіляў мы прададзім і пойдзем на 120 тысячаў. Хачу, каб гэтае прадпрыемства было рэнтабельным. У адваротным выпадку атрымаецца цацка, ваша і мая, на якую будзем глядзець, цешыцца і прадаваць 10 тысячаў аўтамабіляў за год, не маючы прыбытку на гэтым прадпрыемстве.

Для выхаду на рэнтабельнасць неабходна рэалізоўваць мінімум 35 тысячаў аўтамабіляў за год.

Калі верыць словам чыноўнікаў, самым удалым для "БелДжы" быў 2021 год, калі было ці зроблена, ці прададзена блізу 30 тысячаў аўтамабіляў. У іншыя гады паказнікі былі прыкметна ніжэйшыя. Калі зыходзіць са словаў Лукашэнкі, то выснова відавочная: прадпрыемства за 5 гадоў на рэнтабельнасць так і не выйшла.

Аднак дырэктар Генадзь Свідзерскі заяўляў журналістам іншае: нібыта рэнтабельнасць завода ў 2019 і 2020 гадах складала блізу 5-6%.

Пры гэтым чыноўнікі маўчаць пра выплаты ў кітайскім крэдыце, выдаткаваным на ўзвядзенне завода. Паводле ацэнкі былога віцэ-прэм'ера Уладзіміра Сямашкі, будаўніцтва "БелДжы" павінна было абысціся на $330 млн. Ацэнка Свідзерскага традыцыйна больш аптымістычная: нібыта $250 млн.

І яшчэ адзін важны момант: паводле словаў прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі ў Беларусі адсотак у крэдыце на аўтамабіль Geely "фактычна ніжэйшы за ўзровень інфляцыі, усё астатняе кампенсуе дзяржава".

Сёлета, як нядаўна прызнаўся міністр прамысловасці Пётр Пархомчык, завод сутыкнуўся з грандыёзнымі праблемамі: праз санкцыі Кітай не хацеў пастаўляць на прадпрыемства машынакамплекты, давялося падключаць Лукашэнку, час быў страчаны, таму ў 2022-м у найлепшым выпадку паспеюць сабраць блізу 9800 аўтамабіляў (нагадаем, кіраўнік заяўляў, што для выхаду на рэнтабельнасць трэба вырабляць 35 тысячаў аўто).

Пра тое, што завод замест прыбытковага бізнэсу стаў цацкай Лукашэнкі, гаворыць і ягонае выстаўленае ў траўні патрабаванне знізіць кошты Geely, якія падаражэлі. Пасля гэтага Дзяржкантроль заявіў, што яны зніжаныя на 15% – "за кошт памяншэння рэнтабельнасці як самога завода, так і прыбытку ягоных збытачных арганізацый-дылераў".

Наколькі "БелДжы" з'яўляецца айчынным аўтамабілем?

На адкрыцці завода Лукашэнка заявіў: "Мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль здзейснілася". Пасля гэтага дзяржСМІ пісалі пра машыны "БелДжы" з фармулёўкай "айчынныя".

Выглядала гэта абсурдна, паколькі аўтамабілі першапачаткова збіралі з машынакамплектаў і камплектавальнікаў, якія прыбывалі з Кітая. Але амаль адразу пасля запуску завода віцэ-прэм'ер Сямашка сцвярджаў, што вытворчасць нібыта выйшла на 50% лакалізацыі. Хоць на той момант было вядома толькі пра беларускія сядзенні і радыятары.

Летась дырэктар Свідзерскі зноў аптымістычна ацаніў узровень лакалізацыі на 50%:

– І гэта дзякуючы таму, што побач з "БелДжы" з'явіліся новыя заводы – у вытворчасці сілавых агрэгатаў, радыятараў, сядзенняў. "Белшына" пастаўляе шыны. Акумулятары беларускай і расейскай вытворчасці. З Кітая атрымліваем палову камплектавальнікаў.

Аднак з нядаўняй заявы міністра Пархомчыка становіцца відавочным, што сітуацыя з лакалізацыяй зусім не такая радасная. Мабыць, упершыню было заяўлена, што як ні дзіўна, але ў гэтым аўтамабілі вельмі шмат камплектавальнікаў, якія пастаўляюцца з еўрапейскіх краінаў. Адсюль негатыўны ўплыў санкцыяў канкрэтна на “БелДжы”.

У іншым каментары той самы Пархомчык фактычна закрыў тэму пра "Белджы" як пра "айчынны аўтамабіль".

Праз 5 гадоў пасля запуску "БелДжы" і словаў Лукашэнкі пра выкананне ягонай мары, высветлілася, што ўлады Беларусі і Расеі думаюць… пра стварэнне "свайго ўласнага легкавога аўтамабіля".

– Патрэбныя свае масты, свая скрынка, свой рухавік. Але выпушчаны час. Увесь свет жыве міжнароднай кааперацыяй, цяпер даводзіцца ствараць свой аўтамабіль. Мы абмяркоўваем гэтую праблему, ёсць даручэнне прэзідэнта… (Расейцы) цяпер шукаюць платформу, на якой будуць вырабляць новы аўтамабіль. Прыкладна тым самым займаемся і мы, паралельна ажыццяўляючы працу ў зборцы аўтамабіляў на "БелДжы", – сказаў Пархомчык.

Пра ўзровень лакалізацыі 50% міністр чамусьці ўжо не ўспамінаў. Але сёння, безумоўна, гэта не галоўная праблема. Вялікае пытанне, ці прадоўжаць кітайцы ва ўмовах санкцый пастаўляць машынакамплекты і камплектавальнікі ў Беларусь у наступным годзе.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках