4 траўня 2024, Субота, 11:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Другі шок у сяброўкі здарыўся праз каталіцкія храмы»

186
«Другі шок у сяброўкі здарыўся праз каталіцкія храмы»

Журналісты пагутарылі з расейцамі, якія сталі часцей ездзіць у Беларусь па набыткі.

Сярод расейцаў новы трэнд: адпачываць у Беларусі. Павелічэнню падобнага турызму спрыяюць санкцыі, сыход з Расеі сусветных брэндаў, немагчымасць падарожнічаць у многія еўрапейскія краіны і нават жаданне з'есці Бургер з «Макдональдса».

Журналісты zerkalo.io пагутарылі з расейкамі, якія паехалі адпачываць у Беларусь – пра кошты, матывацыю і ўражанні ад паездкі.

«Кошты ў супермаркетах, на рынках, у рэстаранах, на таксі разы ў паўтара ніжэйшыя за маскоўскія»

Наталлі 46 гадоў, жанчына жыве ў Маскве. Да гэтай паездкі ўжо была ў Менску некалькі разоў: там жывуць сябры сям'і і там жа працаваў грамадзянскі муж суразмоўцы.

– Ён скончыў працаваць з 1 жніўня, і мы пастанавілі крыху пракаціцца па Беларусі. Былі ў Гародні, Берасці, Віцебску і Нясвіжы. У Берасці спадабалася найбольш пасля Менска. Цэнтральная вуліца, ліхтарыкі, утульна! – апісвае Наталля. – Па крамах хадзіла, вядома ж. Inditex жа сышоў з Расеі. Так што ў кожны візіт у Беларусь я прысвячала паўдня «Зары», мімаходзь забягала ў Stradivarius, «Бершку».

– Агульнае ўражанне: у Беларусі вельмі спакойна, ніхто нікуды не спяшаецца, у адрозненне ад нас, масквічоў. І зусім выдатна тое, што няма затораў! За 20 хвілінаў можна дабрацца на машыне ў любы раён Менска, – захоплена адзначае расейка. – Яшчэ мне вельмі падабаюцца паркі Менска: Пераможцаў, Дразды. У папярэднія візіты, некалькі гадоў таму, мне ўвогуле не падабаўся гэты горад: вельмі шмат савецкай архітэктуры, пачварных будынкаў. Але ў апошні час я ацаніла.

Праблемаў з беларусамі, зазначае расейка, у пары не ўзнікала. А вось на пытанне пра кошт паездкі па краіне жанчына адказвае проста:

– Гэтага я нават і не ведаю. Муж займаецца грашовымі пытаннямі, я гэтым галаву стараюся не забіваць. Але кошты ў Беларусі ў супермаркетах, на рынках, у рэстаранах, на таксі разы ў паўтара ніжэйшыя за маскоўскія.

У канцы Наталля ўпэўнена гаворыць, што дакладна прыедзе яшчэ не адзін раз. І дадае, пацвярджаючы тэндэнцыю ператварэння Беларусі ў папулярны для расейцаў курорт:

– Дарэчы, мая сяброўка з Масквы ў найбліжэйшыя выходныя таксама збіраецца прыехаць у Менск, пагуляць і «пашопіцца».

«Другі шок у сяброўкі здарыўся праз каталіцкія храмы»

– Да гэтага часу ў Беларусі не была, але вельмі даўно збіралася. Праз сваю дзейнасць у мяне не атрымліваецца знайсці час на вялікі адпачынак. Фармат пяці дзён самы зручны. Беларусь падыходзіла і ў тэрмінах, і ў бюджэце на паездку, – расказвае Марына.

Суразмоўца жыве ў Цверы, працуе галоўнай рэдактаркай «Бізнэс газеты» і выкладніцай інтэрнэт-журналістыкі для школьнікаў. Жанчыне 50 гадоў. У Беларусь ездзіла з сяброўкай і яе 22-гадовым сынам, які вельмі хацеў убачыць Берасцейскую крэпасць.

– У наш тур уваходзілі Менск, Нясвіж, Мір, Берасце. Адпаведна нас павазілі, павадзілі па Менску, замках, Хатыні, Берасцейскай крэпасці. Той выпадак, калі не магу сказаць, што спадабалася болей. Спадабалася ўсё! Я пад вельмі вялікім уражаннем. Моцныя эмоцыі былі ўсюды. У Хатыні ў нас паўгрупы, у тым ліку мужчыны, плакалі. Мая сяброўка пра замак у Нясвіжы сказала: «Я шмат чаго ў гэтым жыцці бачыла, але такое ўпершыню». Другі шок у яе здарыўся праз каталіцкія храмы, якія яна, будучы праваслаўнай, убачыла ўпершыню (мы былі ў Чырвоным касцёле ў Менску і ў касцёле Нясвіжа).

У Менску мы заходзілі толькі ў фірмовую краму «Камунаркі», а ў Берасці былі на цэнтральным рынку. У Расеі ўсе ведаюць, што ў Беларусі самыя якасныя прадукты, якія да гэтага часу выпускаюцца паводле ДАСТу. Таму мы набылі шакалад, цукеркі, каўбасу. У нас, вядома, усё гэта таксама ёсць, але і цэтлік значна вышэйшы.

Аўтобусны тур кампаніі з трох людзей каштаваў 16 тысячаў расейскіх рублёў (680 беларускіх). На выдаткі ў паездцы (прадукты, сувеніры і іншыя дробязі) у Марыны пайшло блізу 6 тысячаў (255 беларускіх рублёў).

– У суме – вельмі камфортны бюджэт. Калі параўноўваць з іншымі летнімі маршрутамі па Расеі, то кошт прымальны. З намі ў групе ехалі пенсіянеры, значыць, яны таксама могуць сабе гэта дазволіць, – рэзюмуе жанчына.

– Беларусы разумелі, што мы не мясцовыя, толькі калі мы пачыналі расплачвацца беларускімі рублямі. Складана разабрацца ў манетках, і людзі на рынках і ў крамах дапамагалі нам. На рынку са словамі «ў вас у Расеі такога няма» нас накармілі і тварагом, і смятанай, і каўбасой. Асабліва хацелася б адзначыць нашу экскурсаводку па Менску, Нясвіжы і Міры. Яна неверагодная! Першы раз сустракаю экскурсаводку, якая з такой любоўю і да драбнюткіх падрабязнасцяў расказвае пра ўсё.

Магу сказаць, што я закахалася ў Беларусь. Фактычна – гэта замежжа. Але замежнага і чужога не адчувалася. Адчуванне, што знаходзішся дома. Камфортна і бяспечна, – упэўненая суразмоўца. – Мы вярнуліся дадому і літаральна на другі дзень пачалі планаваць наступную паездку. Але збіраемся цяпер ехаць самі, без экскурсійнай групы, каб было больш часу пашпацыраваць.

«Вельмі рэкамендую цяпер усім!»

А вось паездка Юліі ў Беларусь была спантаннай. Жанчына даўно хацела паглядзець нашу краіну, але ніяк не знаходзіўся час. Падарожжа нарадзілася само сабой у размове з калегам: абмяркоўвалі, куды б ірвануць на некалькі дзён на найбліжэйшых выходных, і пастанавілі паехаць у Беларусь.

Далей усё было проста: калегі ўбілі ў навігатары маршрут «Падольск – Менск», зразумелі, што ехаць усяго 8 гадзінаў.

– З намі яшчэ дзяўчынка напрасілася і мы рванулі, шчаслівыя! Люблю лёгкіх на ўздым людзей, – расказвае суразмоўца. – Паколькі гэта была спантанная паездка, жыллё і маршрут глядзелі ўжо ў дарозе. Жылі ў Менску, на праспекце Незалежнасці, абышлі горад уздоўж і ўпоперак. 53 кіламетры пешшу за тры дні.

Менск Юлія апісвае так: «Горад цудоўны, усе марудлівыя, спакойныя».

– Жылі побач з вуліцай Зыбіцкай, таму вечары ў нас былі вельмі актыўныя, з вулічнымі музыкамі – усё вельмі атмасферна. Ёсць дзе патанцаваць і смачна паесці, асабліва спадабаліся нацыянальныя стравы. Ежа вельмі парадавала, цэтлікі ў рэстаранах для нас прымальныя, танней чым у Маскве, – дзеліцца расейка.

– Пабывалі ў Нясвіжы, наведалі замак. Цяпер вельмі рэкамендую ўсім! І дзень правялі ў парку Сула – выдатнае месца. Ехаць трэба на цэлы дзень, вельмі прыгожа, – расказвае жанчына.

А вось шопінг заняў нязначную частку выходных:

– Былі толькі ў трыкатажных і прадуктовых крамах. У прадуктовых, калі расплачвацца картай «Мір», атрымліваецца танней, чым у Расеі. Набылі шмат каўбасы. А вось ільняныя рэчы задарагія, узялі няшмат. Але ўсё ж якасць мае значэнне, таму пастанавілі выдаткаваць, – разважае Юлія.

Саму паездку суразмоўца называе «вельмі бюджэтнай». За бензін атрымалася 1500 расейскіх рублёў (64 беларускія) з чалавека, кватэра ў цэнтры – 3300 на чалавека (140 беларускіх рублёў). На кавярні і рэстараны Юлія выдаткавала блізу 5000 тысячаў расейскіх рублёў (212 беларускіх), і столькі ж на сувеніры і ежу, накшталт каўбасы і шакаладу.

На пытанне, ці паедзе ў Беларусь зноў, Юлія ўпэўнена адказвае:

– Адназначна так!

Напісаць каментар 186

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках