26 красавiка 2024, Пятніца, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон аб падаўжэнні віз беларускім дальнабойнікам

8
Прэзідэнт Польшчы падпісаў закон аб падаўжэнні віз беларускім дальнабойнікам

Новаўвядзенні звязаныя з вялікім недахопам кіроўцаў.

Беларускія кіроўцы-дальнабойнікі, якія працуюць у польскіх фірмах, змогуць прадоўжыць дзеянне сваіх віз і дакументаў на знаходжанне, не выязджаючы з Польшчы. Адпаведны закон падпісаў 12 жніўня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, піша zerkalo.io.

Дакумент, сярод іншага, уносіць папраўкі ў закон ад 23 сакавіка 2022 года «Аб асаблівых правілах у сферы транспарту і марской гаспадаркі ў сувязі з узброеным канфліктам на тэрыторыі Украіны». Першапачаткова гэты закон прадугледжваў розныя спрашчэнні працэдур для кіроўцаў з Украіны, якія працуюць у Польшчы. Цяпер у ім з'явіўся і пункт пра беларусаў.

Размова ў ім ідзе аб кіроўцах, якія з'яўляюцца грамадзянамі Беларусі і ажыццяўляюць камерцыйныя або некамерцыйныя аўтамабільныя перавозкі для возніка або прадпрымальніка, які базуецца на тэрыторыі Польшчы.

Калі кіроўца знаходзіцца ў Польшчы з нацыянальнай візай і тэрмін знаходжання з ёй заканчваецца 1 верасня 2022 года або пазней, то тэрмін дзеяння візы і тэрмін знаходжання з ёй прадаўжаюцца да 31 снежня 2022-га (да гэтай даты дзейнічаюць практычна ўсе рэгуляцыі ў першапачатковым законе, уведзеныя праз вайну). Падоўжаная віза будзе даваць права на перасячэнне граніцы ў мэтах аўтамабільных перавозак. У пашпарт будуць ставіць налепку аб падаўжэнні візы, гэтым будзе займацца ваявода па месцы знаходжання кіроўцы.

Калі кіроўца мае дазвол на часовае знаходжанне ў Польшчы, апошні дзень якога выпадае на 1 верасня ці пазней, то яго тэрмін дзеяння таксама прадаўжаецца да 31 снежня.

Калі згодна са сваімі дакументамі кіроўца-беларус павінен быў пасля іх заканчэння выехаць з тэрыторыі Польшчы 1 верасня 2022 года і пазней, гэты тэрмін для яго прадаўжаецца да 24 жніўня 2023 года.

Таксама прадаўжаецца дзеянне выдадзеных кіроўцам-беларусам карт знаходжання, польскіх пасведчанняў асобы іншаземца, дакументаў «згода на часовае знаходжанне» (zgoda na pobyt tolerovany): калі іх апошні дзень дзеяння выпадае на тэрмін ад 1 верасня гэтага года, яны падаўжаюцца да 24 жніўня 2023-га (абменьваць дакументы пры гэтым не будуць).

Пры гэтым з падоўжанымі картамі знаходжання нельга будзе выязджаць за межы Польшчы.

Таксама да 24 жніўня 2023 года будзе ўважацца за легальнае знаходжанне ў Польшчы па шэнгенскіх візах, выдадзеных Польшчай і іншымі краінамі Шэнгена, і па дазволах на жыхарства, выдадзеных у краінах Шэнгена, якія дазваляюць падарожнічаць па Шэнгенскай зоне, - калі апошні дзень тэрміну знаходжання з гэтымі дакументамі на 1 верасня 2022-га і пазней, а само знаходжанне пачалося да 1 верасня.

Як тлумачылі на этапе разгляду закона ў Сейме, такія новаўвядзенні звязаныя з вялікім недахопам кіроўцаў у Польшчы проста цяпер. На гэтым фоне польскія ўлады не жадаюць пазбавіцца ніводнага беларускага кіроўцы.

- Мы хочам, каб увесь гэты працэс адбываўся ў Польшчы, каб кіроўцам не даводзілася вяртацца для атрымання новых віз у Беларусь, бо ў нас няма гарантый, што яны з той Беларусі вернуцца. А дэфіцыт кіроўцаў вельмі вялікі. Таму жадаем такім хуткім спосабам гэтую норму ўвесці. Яна важная для транспартнай бяспекі Польшчы, асабліва цяпер, калі будуць павялічвацца аб'ёмы перавозкі праз Польшчу аўтатранспартам рознай сыравіны і тавараў з Украіны, - тлумачыў у чэрвені намеснік міністра інфраструктуры Польшчы Рафал Вэбер.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках