26 красавiка 2024, Пятніца, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналісты высветлілі асобы расейскіх салдат, якія забівалі мірнае насельніцтва ў Кіеўскай вобласці

8
Журналісты высветлілі асобы расейскіх салдат, якія забівалі мірнае насельніцтва ў Кіеўскай вобласці

Адзін з іх ва ўсім прызнаўся.

Журналісцкі праект «Важныя гісторыі» выявіў асобы расейскіх салдат, якія маюць дачыненне да забойстваў мясцовых жыхароў у Кіеўскай вобласці. Адзін вайсковец расказаў карэспандэнтцы выдання аб злачынствах, а таксама назваў імёны камандзіраў, якія аддалі загады.

Журналістам удалося ідэнтыфікаваць расейскіх вайскоўцаў дзякуючы 25 фатаграфіям, зробленым на скрадзены тэлефон жыхара вёскі Андрэеўка. Недарагі смартфон быў адабраны ў 76-гадовага жыхара вёскі Леаніда Удода. Ён і ягоная жонка Таццяна змаглі вярнуць свой гаджэт толькі ў канцы траўня: чужую прыладу сярод сваіх рэчаў знайшла жыхарка Андрэеўкі і прынесла яго ў пункт раздачы гуманітарнай дапамогі.

На фатаграфіях, якія пасля выявіў уладальнік смартфона, чацвёра расейскіх вайскоўцаў пазіруюць са зброяй, з курыльнай трубкай і з медалямі на грудзях.

Са звестак «Важных гісторый», гэта вайскоўцы 64-й мотастралковай брыгады Данііл Фролкін, Дзмітрый Данілаў, Руслан Глотаў і Іван Шапяленка.

Многія жыхары вёскі, з якімі пагаварылі журналісты, пазналі салдат з гэтых здымкаў.

З дома, дзе праходзіла «фотасесія» расейскіх салдат, зніклі медалі, два тэлевізары, мікрахвалёўка, электрычная духоўка і запасы кацінага корму. На столі свайго цаглянага дома гаспадар знайшоў дзіркі ад куль, у хляве - бруднае адзенне, на газоне - стрэляныя гільзы ў вялікай колькасці, а на кухонным стале - клейкі стыкер з надпісам «Мы не хацелі вайны. 14.03».

У чэрвені Офіс генпракурора Украіны абвясціў, што падазрае вайскоўца Данііла Фролкіна ў парушэнні законаў і звычаяў вайны. Са звестак ведамства, ён можа быць вінаваты ў забойстве мірнага жыхара ў Андрэеўцы, крадзяжы аўтамабіля ў іншага жыхара вёскі і крадзяжы ў ветэрана Другой сусветнай вайны савецкіх і ўкраінскіх медалёў.

Сам Фролкін расказаў «Важным гісторыям», што ён выехаў на «вучэнні» ў Беларусь яшчэ 11 студзеня. Паводле ягоных слоў, ніякай спецпадрыхтоўкі вайскоўцы там не праходзілі, а пра тое, што яны адпраўляюцца на вайну ва Украіну, ён даведаўся толькі 23 лютага.

«Сказалі, што зараз на тры дні паедзем для запалохвання, - распавядае Дзмітрый. - Спецаперацыя пачалася, Луганск з Данецкам цяпер прызнаюць народнымі рэспублікамі, іх уключаць у склад РФ, і вы паедзеце адтуль. Вось, дагэтуль выходзім».

Пасля ўварвання, сцвярджае Фролкін, многія яго саслужыўцы спрабавалі звольніцца, але нікому гэта доўга не ўдавалася.

Першапачаткова Фролкін распавёў, што ён і яго таварышы забіралі з дамоў у Андрэеўцы толькі «усякую лухту». Медалі, паводле ягоных слоў, пасля «фотасесіі» паклалі назад.

Праз пару гадзін ён ператэлефанаваў журналістцы выдання і сказаў:

«Я, вайсковец вайсковай часці 51460, гвардыі яфрэйтар, Фролкін Данііл Андрэевіч, прызнаюся ва ўсіх злачынствах, якія я ўчыніў у Андрэеўцы, у расстрэле цывільнага насельніцтва, рабаванні цывільнага насельніцтва, канфіскацыі ў іх тэлефонаў і ў тым, што наша камандаванне не ў што не ставіць нашых байцоў, усю пяхоту, якая б'ецца на перадавой, на лініі фронту. І пасля гэтага я хачу заявіць: прыміце меры да пакарання камандзіраў — Амурбекава Азатбека Асанбековіча, гвардыі палкоўніка, гвардыі падпалкоўніка Дзмітрэнкі, намеснік у тыле нашай брыгады палкоўніка Клабукова, і начальніка выведкі падпалкоўніка Раманенку. Ён кіраваў выведкай, якая кепска праводзіла выведку і вяла нашых людзей на смерць.

Таксама намеснік камандзіра брыгады падпалкоўнік Пракурат даў загад расстрэльваць», - сказаў Фролкін.

Ён расказаў аб расстрэле жыхара вёскі. «Важныя гісторыі» мяркуюць, што гаворка можа ісці пра Руслана Ярамчука.

«Я разумею, што мяне могуць пасадзіць за ўсю гэтую інфармацыю, - кажа ён. — Нават не за тое, што я ўсю вось гэтае паскудства ва Украіне чыніў. А за тую інфармацыю [пра камандаванне].

Я хачу проста прызнацца ва ўсім і растлумачыць тое, што адбываецца ў нашай краіне. Я думаю, што лепш бы гэтай вайны ўвогуле не было», - кажа Фролкін.

Першы месяц вайны некалькі гарадоў і вёсак Кіеўскай вобласці знаходзіліся пад акупацыяй расейскіх вайскоўцаў.

Вёска Андрэеўка была пад кантролем расейскага войска з канца лютага да пачатку красавіка. Акрамя 13 забітых, у Андрэеўцы да гэтага часу лічацца прапаўшымі без вестак больш за 40 чалавек, адзначаюць "Важныя гісторыі".

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках