19 красавiка 2024, Пятніца, 15:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці зможа сельская гаспадарка кампенсаваць падзенне ВУП Беларусі?

10
Ці зможа сельская гаспадарка кампенсаваць падзенне ВУП Беларусі?

Каментарый экспэрта.

Напярэдадні намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Ярашэвіч наведаў Кобрынскі раён. Падчас паездкі ён заявіў, што тэмп росту ВУП за студзень-ліпень ацэньваецца на ўзроўні блізу 95 адсоткаў.

Пры гэтым ён адзначыў: рэальны сектар прадаўжае адаптавацца да існых умоў і праламленне адмоўнага выніку чакаецца за жнівень.

«Салідарнасць» звярнулася па каментар з гэтай нагоды да эканаміста Льва Марголіна.

- Я б звярнуў увагу на тое, што намеснік міністра кажа аб пераломе адмоўнай тэндэнцыі. Пры гэтым ён адзначае, што на сёння аб'ёмы складаюць 95%, - каментуе сітуацыю экспэрт. - Але Ярашэвіч не кажа, што азначае пералом тэндэнцый. Гэта будзе 96% ці, нарэшце, стане 101%?

Другі момант - ён робіць упор на сельскую гаспадарку, адзначаючы, што сёлета ўборачная кампанія ідзе пазней і што чакаецца больш высокі ўраджай збажыны.

Гэта сапраўды станоўчы фактар, але я б звярнуў увагу на тое, што ён сезонны. Гэта значыць, за кошт росту ўраджайнасці нам, магчыма, удасца крыху прыглушыць гэтую тэндэнцыю скарачэння, а што будзе ў верасні, кастрычніку і гэтак далей?

У прынцыпе, я б прытрымліваўся закліку Ярашэвіча паглядзець на сітуацыю за жнівень. Месяц збору ўраджаю заўсёды пазітыўны, калі толькі няма правалу ў выніку варункаў надвор'я і г.д.

Паглядзім, ці зможа ўвогуле сельская гаспадарка кампенсаваць падзенне, каб за восем месяцаў у нас было не 95 і не 96%, а 100% ВУП. Ці гэта толькі невялікая часцінка: з аднаго боку, адмоўную тэндэнцыю пераламалі, але ці будзе гэты пералом сталым ці мы зноў вернемся да падзення?

І апошні момант. Прэс-служба міністэрства паведамляе, што Ярашэвіч наведаў два прыватныя прадпрыемствы. Ці азначае гэта, што ў міністэрстве эканомікі нарэшце зразумелі, што ў цяжкіх умовах прыватны сектар заўсёды больш устойлівы да неспадзяванак, чым дзяржаўны? Ці гэта проста збег абставінаў? Пра гэта, на жаль, не гаворыцца, але гэта вельмі важны момант.

Наконт заявы аб тым, што рэальны сектар прадаўжае адаптавацца да існых умоў, што суправаджаецца перакройваннем дзелавых сувязей і бізнэс-працэсаў, эканаміст кажа наступнае:

- Я б сказаў, што тут гаворка ідзе аб наладжванні новых лагістычных ланцужкоў. Бо калі ўведзеныя санкцыі супраць беларускай калійнай галіны, то гэта не азначае, што яны распаўсюджваюцца на ўвесь свет.

Бразілія, Індыя і Кітай з задавальненнем будуць купляць беларускія ўгнаенні, тым больш, што яны, хутчэй за ўсё, будуць таннейшыя, у параўнанні з іншымі. Пытанне: як іх даставіць? Акурат гэтым цяпер і займаецца беларуская эканоміка. Цалкам магчыма, што нейкіх поспехаў на гэтай ніве можна будзе дабіцца.

Калі ў выніку збору ўраджаю будуць яго лішкі, то яны будуць экспартавацца. Прычым часцей за ўсё гэта экспарт у абмен на імпарт.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках