26 красавiка 2024, Пятніца, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: Санкцыі даціскаюць рэжым Лукашэнкі пад нуль

1
Эканаміст: Санкцыі даціскаюць рэжым Лукашэнкі пад нуль

Цяпер вельмі важна назіраць за тым, што робіць Еўразвяз, асабліва Нідэрланды.

Кіраўнік праекту "Кошт ураду", эканаміст Уладзімір Кавалкін у інтэрв'ю "Філіну" – пра наступствы санкцый Вялікай Брытаніі і Японіі супраць Беларусі, а таксама пра тое, што будзе ў сёмым пакеце санкцый ЕЗ.

Нагадаем, Японія ўвяла экспартныя санкцыі ў дачыненні да 25 беларускіх арганізацый.

Пад санкцыі трапілі ўнутраныя войскі МУС, спецназ "Альфа" КДБ, завод "Пеленг" і "Электрон", "Агат-Сістэм", "Белтэхэкспарт" і іншыя.

Таксама пачынаючы з 5 ліпеня Вялікая Брытанія ўводзіць новыя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі праз вайну ва Украіне, якія ўключаюць забарону на экспарт прадуктаў нафтаперапрацоўкі, перадавых тэхналогій і прадметаў раскошы.

Акрамя таго, Вялікая Брытанія спыніць імпарт беларускага чыгуну і сталі, а таксама абмяжуе доступ Беларусі да фінансавых паслуг і магчымасцяў для выпуску пазыковых абавязальніцтваў і каштоўных папераў у Лондане.

На думку брытанскага ўраду, "рэжым Лукашэнкі прадаўжае актыўна спрыяць незаконнаму ўварванню Пуціна" ва Украіну, што і прычынілася для новых санкцый.

Як мяркуе суразмоўца "Філіна", гэтыя санкцыі, што называецца, "на дацісканне".

– Санкцыі Вялікай Брытаніі ў дачыненні да Беларусі звязаныя з перапродажам нафтапрадуктаў, металаў і з немагчымасцю перакрэдытавацца і размясціць аблігацыі, – нагадвае Уладзімір Кавалкін. – Пра аблігацыі і магчымасць перакрэдытавацца стала вядома больш за год таму, у пачатку 2021 года.

Плюс Вялікая Брытанія ўвяла санкцыі ў дачыненні да Беларускай нафтавай кампаніі, якая знаходзіцца ў Брытаніі, што вельмі важна, бо на перапродажы нафты рэжым зарабляў дастаткова нядрэнна.

Было відаць, як пасля ўвядзення гэтых санкцый рэзка скараціўся таваразварот з Вялікай Брытаніяй, гэта значыць праз гэтую краіну перасталі ганяць нафту. Уся гэтая плынь пайшла ў Нідэрланды, што таксама было вельмі добра відаць з таваразвароту, хоць засакрэцілі ў Белстаце гэтую інфармацыю пра падсанкцыйную прадукцыю, але тым не менш, з агульнага таваразвароту было відаць, дзе зменшала, дзе прыбыло.

Што тычыцца гэтых санкцый, гэта дацісканне сітуацыі, што называецца, пад нуль, таму што асноўныя праблемы былі створаныя раней.

Калі гаварыць пра Японію, то для нас гэтая краіна даволі далёкая геаграфічна і далёкая ў тым ліку з гледзішча эканамічных стасункаў, таму гэтыя санкцыі, безумоўна, паўплываюць і пагоршаць рэпутацыю нашай краіны, але зноў жа ў кароткатэрміновым перыядзе наўрад ці вельмі моцна нашкодзяць рэжыму, таму што праз Японію мне не вядома, каб нейкія ўгоды вельмі актыўна структураваліся.

Цяпер вельмі важна назіраць за тым, што робіць Еўразвяз, асабліва Нідэрланды. Гэтая краіна з вельмі вялікім задавальненнем гандлявала з рэжымам Лукашэнкі ўвесь 2021 год. І на мой погляд, калі мы гаворым пра санкцыі ў дачыненні да гандлю таварамі, асабліва нафтапрадуктамі, то трэба глядзець у той бок.

– Брытанскія санкцыі таксама закранаюць забарону на экспарт прадметаў раскошы. Што гэта значыць?

– На мой погляд, гэта сімвалічныя санкцыі ў духу "мы вам не будзем прадаваць нешта такое, што вельмі важна для вельмі добрага і прыемнага жыцця Лукашэнкі і ягонага атачэння". Але гэтыя прадметы раскошы вельмі лёгка праз трэція краіны набыць, даслаць якога-небудзь ганца, які што трэба прывязе з трэцяй краіны.

Ну так, будзе непрыемнай немагчымасць набыць Бэнтлі і, хутчэй за ўсё, будуць праблемы з абслугоўваннем гэтага аўтамабіля. Давядзецца перасаджвацца на іншыя машыны, якія прадаюцца ў ЕЗ ці ў Японіі, ці яшчэ недзе.

– ЕЗ мае намер узгадніць сёмы пакет санкцый супраць РФ і Беларусі да канца ліпеня, паведаміў журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк. У пакеце могуць закрыць некаторыя "шчыліны" для абыходу санкцый.

Што яшчэ могуць прыдумаць у дачыненні да Беларусі ў сёмым пакеце?

– Хутчэй за ўсё, будуць сінхранізаваць санкцыі, уведзеныя ў дачыненні да Расеі, для таго, каб не было магчымасці нешта перапрадаваць або працаваць на арбітражы – тое, што ў дачыненні да Беларусі не з'яўляецца падсанкцыйным, а ў дачыненні да Расеі з'яўляецца.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках