26 красавiка 2024, Пятніца, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыслаў Бяроза: Ва Украіне знойдзецца нямала ахвотных узяць за горла вусатага Таракана

15
Барыслаў Бяроза: Ва Украіне знойдзецца нямала ахвотных узяць за горла вусатага Таракана
БАРЫСЛАЎ БЯРОЗА
ФОТА: FACEBOOK

Украінцы дапамогуць сваім беларускім братам стаць вольнымі.

Якія подзвігі здзяйсняюць украінцы на франтах вайны супраць Расеі? Ці з'яўляецца Лукашэнка самастойнай фігурай? Чаму ўкраінскія палітыкі да апошняга не верылі ў напад з тэрыторыі Беларусі?

Пра гэта сайту Charter97.org расказаў сузаснавальнік і былы кіраўнік інфармацыйнага аддзялення партыі «Правы сектар», экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны і сябра ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЕ, палітычны актывіст і баец УСУ Барыслаў Бяроза.

– Барыслаў, вы вядомы ва Украіне чалавек, а цяпер яшчэ і абараняеце сваю краіну са зброяй у руках. Шмат вядомых украінцаў цяпер у шэрагах УСУ?

– Даволі. Прысутнічаюць і адвакаты, і музыкі, і спартоўцы, і палітыкі – усе тыя, каму неабыякавая Украіна. Але трэба не забывацца і пра іншых людзей, якія сёння на сваіх месцах дапамагаюць Украіне: нехта валанцёрыць, нехта працуе на інфармацыйным фронце, нехта плаціць падаткі і гэтым дапамагае Украіне. Гэта ўсё – агульная дапамога. На сёння сіла Украіны – у адзінстве. Менавіта так мы можам перамагчы нашага ворага.

– Кожны дзень украінцы здзяйсняюць сапраўдныя подзвігі. Якія цуды мужнасці вашых суайчыннікаў запомніліся асабіста вам?

– Прыклад подзвігу – калі звычайны супрацоўнік «Укрпошты» збівае за адзін дзень некалькі самалётаў або гелікоптараў пасля таго, як апранае форму і атрымлівае «стынгер» у рукі. Гэта фантастычныя гісторыі, якія нашыя грамадзяне зрабілі рэальнасцю.

Магу сказаць, што калі салдаты ахвяруюць сваім жыццём, каб вывесці таварышаў з-пад абстрэлу расейцаў, – гэта ўжо штодзённасць. Хоць, зноў жа, ва ўсім свеце гэта ўважаецца за подзвігі. Проста ўкраінцы прызвычаіліся жыць сёння здзяйсняючы подзвігі штодня. Для нас гэта робіцца ўжо штодзённасцю.

Калі побач са мной былы галоўны інжынер буйнога прадпрыемства, які з'яўляецца на сёння камандзірам мінамётнай батарэі, асабіста знішчае склад боекамплекту расейскага войска з фактычна неверагоднай адлегласці, то можна сказаць, што гэты цуд. Ён спыняе магчымасць нападу расейцаў, але для яго гэта звычайная праца ў абароне Украіны ад агрэсара. Украінцы сёння мабілізаваныя максімальна, кожны на сваім месцы, кожны здзяйсняе цуды. І гэтыя цуды становяцца рэальнасцю.

Калі нашаму падраздзяленню спатрэбілася машына, я звярнуўся да Ігара Смялянскага, кіраўніка «Укрпошты». Папрасіў даць марку «Расейскі карабель ідзі...» для таго, каб выставіць яе на аўкцыён і з дапамогай сабраных сродкаў атрымаць нейкія грошы для набыцця машыны.

Я не спадзяваўся набыць новую машыну, але за першую гадзіну была прапанаваная сума большая за 150 тысячаў грыўняў, гэта эквівалент амаль 5 тысячаў даляраў. Потым да мяне звярнуліся людзі і прапанавалі абмяняць новы L200 (Mitsubishi L200 – рэд.) з генератарам, з усімі неабходнымі часткамі, на гэтую марку. І гэта абсалютны сімвалізм, таму што марка не каштуе столькі. Яны аддаюць новы джып для фронту.

Гэта паказвае, што ўкраінцы гатовыя мабілізаваць усе свае рэсурсы і магчымасці ў імя перамогі. Ці з'яўляецца гэта подзвігам? Канечне. Але мы жывем у той час, калі подзвіг – гэта звычайная мадэль паводзінаў украінца.

– УСУ больш за 100 дзён трымаюць абарону. Крэмль ужо абламаў зубы ва Украіне?

– Крэмль ужо і рукі абламаў, і зубы абламаў, і сківіцу вывіхнуў. Але, на жаль, гэта вельмі жывучая гадзіна, якая прадаўжае кідаць у мясасечку вайны сваіх грамадзянаў і не шкадуе чужых. Для Крамля сёння гісторыя хутка трансфармуецца. Пачыналася ад «возьмем Кіеў за тры дні», потым «возьмем Данецкую і Луганскую вобласць да 9 траўня», цяпер – «трэба ўзяць Севераданецк да 12 чэрвеня, да дня Расеі». Змяншаюцца мэты, памяншаюцца задачы. І ад амбіцыйных заяваў, што яны возьмуць усё «за сем секундаў», пераходзяць да сітуацыі «паспрабуем узяць хоць што-небудзь з таго, што можам і з таго, што здолеем». А даецца ўсё вельмі кепска.

За адзін дзень, пазаўчора, Расея страціла гелікоптар Ка-52, новы самалёт, генерал-маёра, якога «задзвюхсоцілі» нашы ваяры. І гэта ўсё за адзін дзень.

Амбіцыі ў іх вялікія, але гэта з той серыі, калі «хацелкі» не супадаюць з «магулкамі». На сёння Расея абламалася ва Украіне напоўніцу. Але гэта не кажа пра тое, што яна гатовая цяпер адступаць. Рэч у тым, што сёння Расея – гэта Пуцін. Пуцін у імя сваіх амбіцый, сваіх асабістых інтарэсаў гатовы кінуць у вогнішча вайны не толькі расейцаў, але і беларусаў, і ўкраінцаў, і ўсіх, каго заўгодна. Ён гатовы задзейнічаць усіх, ён гатовы спаліць увесь мір для таго, каб задаволіць свае амбіцыі. Гэта жахлівая матывацыя. Таму адна з галоўных задачаў сёння – гэта адхіленне Пуціна ад улады любым коштам. Ці ён сам памрэ, ці будзе ваенны пераварот, ці які-небудзь іншы пераварот у Расеі. Гэта адна з галоўных задачаў, бо Пуцін не гатовы пакуль спыняць ваенную агрэсію.

– Цяпер шмат гаворыцца наконт працы над памылкамі. Кіраўнік РНБА Украіны Данілаў не раз казаў, што Украіна да апошняга не верыла ў тое, што расейцы пойдуць праз Беларусь. Як так атрымалася?

– Не ведаю, у што верыў Данілаў, але ўсе эксперты папярэджвалі пра рэальнасць гэтага сцэнара. Больш за тое, Данілаў гаворыць, што то ведаў, што будзе вайна, то не ведаў. Таму Данілаву нядрэнна было б самастойна разабрацца, што ён хоча данесці да грамадства, а потым агучваць. А вайсковыя эксперты казалі, што Беларусь 100% стане плацдармам. Але ніхто не думаў пра тое, гэта сапраўды праўда, што з боку Беларусі будзе рэгулярна рабіцца абстрэл ракетамі і вылеты бамбавікоў.

Гэта для большасці было нечаканасцю, таму што думалі, што Лукашэнка пры ўсёй сваёй падступнасці і беспрынцыповасці не апусціцца да такога ўзроўню. Высветлілася, што апусціўся. У імя захавання сваёй улады ён гатовы на ўсё. Нават на вылучэнне тэрыторыі Беларусі як плацдарма, з якога можна атакаваць Украіну рэгулярна.

– Чаму сярод украінскіх палітолагаў стаў папулярны тэзіс, што Лукашэнка – гэта нейкая самастойная фігура і «ён вось-вось выйдзе з-пад кантролю Крамля» і «ці не другі фронт адкрые супраць РФ»?

– Лукашэнка самастойнай фігурай можа быць толькі ў прыбіральні, калі спраўляе сваю патрэбу. Ва ўсіх астатніх выпадках ён абсалютна падкантрольны толькі адной мэце – утрымацца ва ўладзе, захаваць сябе на троне ў Беларусі. Менавіта з гэтай прычыны ён будзе падтакваць Пуціну заўсёды, калі спатрэбіцца. Інакш, калі ён канчаткова перастане выконваць якія-небудзь патрабаванні, яго проста памяняюць. Ён можа тлумачыць Пуціну, што ён не можа ўвайсці паўнавартасна ў вайну, таму што гэта фактычна разарве гэтакую грамадскую дамову, што Беларусь сама асабіста не пасылае вайскоўцаў. Але ж мы ведаем, што асобныя беларускія вайскоўцы бралі ўдзел у вайне. Іх маскавалі пад добраахвотнікаў ці яшчэ неяк.

Лукашэнка добра разумее, што ў выпадку паўнавартаснага ўступлення ў вайну дадому ваякі-беларусы вернуцца ў трунах. А вось гэта ўжо беларускае грамадства можа не дараваць яму. Таму што беларусы жывуць у парадыгме «абы не было вайны». Для расейцаў жа парадыгма абсалютна іншая – «можам паўтарыць», яны прагнуць вайны для таго, каб самазацвердзіцца. А ў беларусаў іншая матывацыя. Таму Лукашэнка не будзе ўступаць у вайну, і ён гэта тлумачыць самому Пуціну. Але ў астатнім Лукашэнка дае Пуціну ўсё, што спатрэбіцца. Патрэбныя танкі – ён аддае танкі, патрэбныя лякарні – калі ласка, трэба заходзіць з тэрыторыі Беларусі – і Лукашэнка сам асабіста высцілае дарожку, па якой ідуць узброеныя сілы Расеі, каб урывацца ва Украіну.

Лукашэнка – звычайны канфарміст і прыстасаванец. Цяпер яму максімальна выгадна быць лаяльным да Расеі, бо інакш ягоны рэжым упадзе. І альбо Пуцін замест яго паставіць іншага чалавека, альбо беларусы абяруць іншага чалавека. Таму ён гуляе на такой вельмі тонкай нітачцы, праходзячы паміж кропелек дажджу. Але калі нехта думае, што ён мае ўласную думку і свабоду волі, якая адрозніваецца ад асноўнай лініі Крамля, то гэтыя людзі памыляюцца.

– Ва Украіне цяпер ваююць байцы Каліноўскага. Сваёй мэтай яны называюць вяртанне ў Беларусь. Ці знойдуцца ва Украіне добраахвотнікі, якія былі б гатовыя дапамагчы беларусам вярнуць свабоду сваёй краіны?

– Мы не забыліся дапамогу беларусаў, якія сталі з намі плячом да пляча для таго, каб супрацьстаяць расейскай акупацыі. Таксама мы не забыліся, адкуль прыляталі ракеты, адкуль прыходзілі расейскія войскі. Мы не забыліся, хто аддаваў каманду. Таму знойдзецца нямала людзей, якія захочуць узяць за горла вусатага Таракана і знесці ягоны дыктатарскі рэжым. Украінцы дапамогуць сваім беларускім братам стаць вольнымі.

– Для вас, праўкраінскага палітыка, які вобраз Беларусі найбольш прымальны?

– Для Украіны выгадны ў стратэгічным плане, вядома ж, праеўрапейскі, абсалютна партнёрскі вобраз Беларусі. Больш за тое, багатыя, шчаслівыя, свабодныя беларусы – гэта залог надзейных партнёрскіх стасункаў з Украінай. Таму мы хочам, каб беларусы рухаліся ў бок прававой, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавы, дзе правы і свабоды грамадзянаў будуць выконвацца на найвышэйшым узроўні, а дабрабыт іх рос бы. Адпаведна гэта дакладна не партнёрства з узурпацыйным рэжымам Лукашэнкі, а гэта развіццё дзяржавы і інтэграцыя яе ў еўрапейскую сям'ю.

– Думаю, што большасць беларусаў таксама мараць пра гэта. Як Украіна магла б дапамагчы Беларусі на гэтым шляху?

– Дапамагчы так, як спатрэбіцца. Як цяпер Польшча дапамагае Украіне, думаю, таксама і Украіна гатова дапамагаць Беларусі, і Польшча гатова дапамагаць Беларусі, і ўсе цывілізаваныя краіны свету гатовыя дапамагаць Беларусі любымі магчымасцямі. Самае галоўнае – гэта жаданне саміх беларусаў, таму што сілком мілы не будзеш. Мой тата часта казаў: «Можна каня прывесці на вадапой, але нельга каня прымусіць напіцца». Тут тая ж самая сітуацыя. Мы можам беларусам дапамагаць, але без іхняга жадання і без іхняга разумення, куды яны хочуць рухацца, сам рух немагчымы.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках