26 красавiка 2024, Пятніца, 10:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі трэба ўзмацняць, яны б'юць і па карніках

14
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі трэба ўзмацняць, яны б'юць і па карніках
Наталья Радина

Дзякуючы незалежным журналістам беларускае войска не зайшло ва Украіну.

Галоўная рэдактарка сайту Charter97.org Наталля Радзіна выступіла на Форуме Каліноўскага, які адбыўся 21 чэрвеня ў Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі. Ініцыятарам правядзення канферэнцыі, у якой узялі ўдзел беларускія і еўрапейскія палітыкі, дэпутаты і эксперты, выступілі фракцыя "Еўрапейскія кансэрватары і рэфармісты", а таксама дэпутат Еўрапарламента ад польскай кіроўнай партыі "Права і справядлівасць" Анна Фатыга.

Гаворачы аб сітуацыі ў Беларусі ў кантэксце знішчэння свабоды слова, Наталля Радзіна адзначыла:

- У 2020-21 гадах у Беларусі адбылася чарговая спроба разгрому незалежнай прэсы. Пад арышты і жорсткія катаванні падпалі сотні журналістаў, знішчаныя рэдакцыі апошніх незалежных СМІ, заблакаваныя і прызнаныя экстрэмісцкімі ўсе незалежныя сайты. Нягледзячы на гэта, шмат якія мэдыі змаглі выехаць за мяжу і працуюць далей. Сёння наша праца мае яшчэ большае значэнне ў варунках вайны, распачатай Расеяй супраць Украіны, у варунках, калі напад на Украіну чыніцца з тэрыторыі Беларусі.

Надзвычай важна сёння даносіць да беларусаў рэальную інфармацыю аб тым, што адбываецца ва Украіне, аб злачынствах, якія чыняць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі. Важна супрацьстаяць прамыванню мазгоў беларусаў расейскай прапагандай.

У прынцыпе, мы сваю працу выконваем паспяхова. Думаю, што гэта заслуга беларускіх незалежных журналістаў – тое, што беларускае войска дагэтуль не ўвайшло ва Украіну. Беларусы не хочуць паміраць ні за вар'яцкія расейскія імперскія ідэі, ні за вар'ята Лукашэнку.

Таму, як бы ні было цяжка, мы мусім далей пісаць ды казаць праўду і спадзяемся на салідарнасць і падтрымку.

Якая нам патрэбная дапамога? Рэдакцыям - канкрэтная фінансавая падтрымка. На жаль, ведаю на прыкладзе сайту «Хартыі-97», найстарэйшага незалежнага сайту, які працуе ўжо 24 гады і які быў заблакаваны ў Беларусі першым яшчэ ў 2018 годзе - атрымаць падтрымку не так проста. Чамусьці сёння, калі вайна назвала рэчы сваімі імёнамі, донарам больш падабаюцца мэдыі, якія даюць словы злачынцам.

Важна патрабаваць неадкладнага вызвалення ўсіх затрыманых журналістаў, але важна і не забывацца на блогераў. Сёння ў турмах сядзяць дзясяткі блогераў, якія мелі на сваіх каналах вельмі вялікія аўдыторыі. У тым ліку - дзякуючы іхняй смеласці і вельмі добрай працы ў 2020 годзе адбыліся такія масавыя пратэсты.

Неабходныя і глабальныя дзеянні. Я прачытала даклад Беларускай асацыяцыі журналістаў «Злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі: журналісты». І згодна з ягонай высновай: «У 2020-21 гадах у Беларусі мела месца ўчыненне міжнародных злачынстваў, а менавіта злачынстваў супраць чалавечнасці, якія крыміналізаваныя як міжнародным, так і нацыянальным правам».

Пацярпелі, вядома, не толькі журналісты. Забітыя мірныя дэманстранты (і мы дагэтуль не ведаем дакладную колькасць, паводле пэўнай інфармацыі, гаворка ідзе пра дзясяткі забітых). Тысячы палітычных вязняў сёння знаходзяцца ў турмах. Імёны ўсіх, хто сядзіць у крымінальных справах, не вядомыя. Афіцыйныя органы гавораць аб распачынанні больш як 4000 крымінальных спраў паводле палітычных артыкулаў.

Сітуацыю ў Беларусі пагоршыла вайна супраць Украіны. Лукашэнка - суўдзельнік нападу на Украіну і павінен несці адказнасць роўна з Уладзімірам Пуціным.

Рэакцыя міжнароднай супольнасці на злачынствы супраць чалавечнасці, якія чыняцца рэжымам Лукашэнкі, і ўдзел нелегітымнага рэжыму ў вайне супраць Украіны - мае быць адназначнай. Неабходныя санкцыі, найперш сэктаральныя, бо яны робяць рэальнае ўздзеянне на рэжым.

Так званы прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўжо заявіў, што ў выніку санкцый беларуская эканоміка сёлета не атрымае 18 мільярдаў даляраў. Для разумення маштабу: гадавы бюджэт Беларусі складае 10 мільярдаў даляраў.

У сувязі з гэтым я не выключаю, што сёлета ўвосень эканамічны крызіс у Беларусі ўзмоцніцца, і імаверныя стыхійныя народныя выступы. Не варта забываць, што крызіс закране заробкі не толькі простых беларусаў, але таксама супрацоўнікаў карных структур, якія наўрад будуць з тым жа запалам абараняць самазванца Лукашэнку.

Расея ж змушаная марнаваць велізарныя рэсурсы на вайну, і не ў змозе падтрымліваць у поўнай меры марыянеткавы рэжым.

Таму мы вітаем увядзенне эканамічных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і заклікаем да іх узмацнення і сінхранізацыі з санкцыямі, уведзенымі супраць Расеі.

Акрамя санкцый, якія ўводзіць Еўразвяз і ЗША, неабходнае далучэнне да ціску на беларускую дыктатуру Міжнароднай арганізацыі працы. За знішчэнне незалежных прафзвязаў, арышты працоўных лідэраў і актывістаў, сістэматычнае і паўсюднае парушэнне правоў працоўных трэба ўжыць 33-і параграф МАП і ўвесці гандлёвае эмбарга ў дачыненні да Беларусі.

Неабходна таксама падтрымаць ініцыятыву стварэння Спецыяльнага міжнароднага трыбунала для расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі і прыцягненні да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць чалавечнасці.

ГАЛОЎНАЯ РЭДАКТАРКА САЙТУ CHARTER97.ORG НАТАЛЛЯ РАДЗІНА Ў ЕЎРАПАРЛАМЕНЦЕ
Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках