7 траўня 2024, aўторак, 15:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фяльшцінскі: Пуцін хоча перакінуць ядзерную зброю ў Беларусь

91
Фяльшцінскі: Пуцін хоча перакінуць ядзерную зброю ў Беларусь

Патэнцыйнымі цэлямі могуць стаць Украіна, Польшча і Літва.

Амэрыканскі гісторык расійскага паходжання Юры Фяльшцінскі мяркуе, што прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін распрацоўвае план нанясення ядзернага ўдару па Еўропе з тэрыторыі Беларусі.

Такое меркаванне ён выказаў у інтэрв'ю галоўнай рэдактарцы інтэрнэт-выдання gordonua.com Алесі Бацман.

"Думаю, што прычына, з якой Беларусь дагэтуль не анэксаваная, не паглынутая Расейскай Федэрацыяй на фармальна-юрыдычным узроўні - Пуцін хоча пакінуць Беларусь фармальна незалежнай дзяржавай, каб перакінуць ядзерную зброю ў Беларусь і пачынаць ядзерную атаку супраць Еўропы з Беларусі ў спадзяванні, што ўдары ў адказ будуць толькі па Беларусі, а не па РФ, альбо што іх наогул будзе вельмі цяжка праводзіць (калі мець на ўвазе тэрмаядзерныя ўдары ў адказ), бо Беларусь занадта ўсё-ткі ўкліньваецца ў Еўропу. Гэтыя ўдары могуць прычыніцца да распаўсюджвання радыяцыі за межы Беларусі", - сказаў Фяльшцінскі.

Журналістка спытала, ці пойдзе на гэта Лукашэнка.

"Думаю, Лукашэнка самастойнай ролі тут не грае і голасу не мае", - сказаў Фяльшцінскі.

На ягоную думку, як толькі Расея пачне перакідваць ядзерную зброю ў Беларусь, NATO ўступіць у вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны.

"Гэтым момантам паводле ўсёй логікі мае стаць дзень, калі стане відавочна, што Расія пачынае перакідванне ядзернай зброі ў Беларусь. Бо калі гэтая зброя будзе перакінутая і ўсталяваная, то рабіць нешта ўжо будзе позна. Пачатак перакідвання ядзернай зброі ў Беларусь - гэта, уласна, апошні момант, калі NATO абавязаная будзе ўваходзіць у гэтую вайну ўсімі сваімі сіламі для прадухілення тэрмаядзернага сцэнару", - сказаў гісторык.

Ён мяркуе, што Расея можа нанесці ўдар па трох еўрапейскіх краінах - Украіне, Польшчы або Літве, пра што сведчаць афіцыйныя заявы з Расеі ды Беларусі.

"6 сакавіка [расейскае дзяржаўнае агенцтва] ТАСС зрабіла заяву, што, паводле наяўнай у расейскага кіраўніцтва інфармацыі, з 2014 года Украіна працуе над вырабам ядзернай зброі. Гэта абсалютная хлусня. Гэта заява была зробленая зусім невыпадкова. Яна падрыхтоўвае глебу для таго, каб, напрыклад, на Данбас перакінуць тактычную ядзерную зброю і рабіць абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі з Данбаса, які ўвогуле таксама з'яўляецца Украінай, і яшчэ мы ў гэтым выпадку пачуем заявы расейскіх кіраўнікоў, што гэта ўкраінцы самі сябе абстрэльваюць, каб скампраметаваць Расею. Прыкладна ў той жа час, па-мойму, праз пару дзён пасля заявы ТАСС, Лукашэнка заявіў, што, паводле наяўнай у яго інфармацыі, NATO плануе размясціць на тэрыторыі Польшчы і Літвы ядзерную зброю, што таксама абсалютная хлусня, але ў выніку нам названыя тры краіны для магчымага. тэрмаядзернага ўдару - гэта Украіна, Польшча і Літва", - сказаў Фяльшцінскі.

Ён уважае, што гэты варыянт "абмежаванай ядзернай вайны" Пуцін разглядае для ціску на Еўропу.

"Напэўна, сцэнар, які бачыць Пуцін, палягае ў тым, што пасля таго, як гэты абстрэл з Беларусі ў бок Еўропы - ужо не ведаю ў які - адбудзецца, еўрапейцы спалохаюцца і вось тут, вядома, аддадуць Пуціну ўсё на свеце. Думаю, гэты сцэнар ёсць у яго галаве. Я шчыра спадзяюся, што яму не дадуць яго рэалізаваць", - падкрэсліў гісторык.

Напісаць каментар 91

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках