26 красавiка 2024, Пятніца, 13:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка ў роспачы

8
Лукашэнка ў роспачы
ФОТА: ТАСС

Правадыры Расеі і Беларусі жывуць ва ўяўленнях класічнай геапалітыкі першай паловы ХХ стагоддзя.

Чым у большай міжнароднай ізаляцыі апынаюцца Беларусь і Расея, тым часцей сустракаюцца іх афіцыйныя лідары. У гэтым годзе ўжо пяты раз. Перамовы Лукашэнкі з Пуціным - гэта такі сурагат, імітацыя замежнай палітыкі, піша ў калонцы для «Радыё Свабода» палітолаг Валер Карбалевіч.

Лукашэнка напярэдадні візіту ў Сочы казаў, што едзе да Пуціна, каб абмеркаваць пытанні імпартазамяшчэння. Аднак прэзідэнт РФ у пачатку перамоў назваў крыху іншы парадак дня. Паводле ягоных слоў, будзе абмеркавана "ўсё, што звязана з пытаннямі бяспекі ў рэгіёне, бяспекі нашых краін, але і тое, што звязана з эканомікай".

Гэта значыць, на першым месцы - бяспека, а эканоміка - другасная тэма. І гэта зразумела, Пуцін не любіць займацца эканомікай, гэта для яго - дробязь, руціна, не царская справа. Таму, як можна меркаваць, гаварылі ў асноўным пра вайну ва Украіне і яе наступствы для Беларусі і Расеі.

Лукашэнка ўжо які раз паўтарае мантру аб тым, што Польшча пры падтрымцы NАТО імкнецца захапіць Заходнюю Украіну. Чамусьці гэты прапагандысцкі ўкід, зроблены кіраўніком Службы замежнай выведкі РФ Сяргеем Нарышкіным 28 красавіка для апраўдання расейскай агрэсіі, вельмі спадабаўся Лукашэнку. Гэтая версія нібы дазваляе Беларусі і Расеі выступіць у якасці абаронцаў Украіны ад вераломнага Захаду, накідае алюзію на падзел Польшчы 1939 года, які ў расейскай гістарыяграфіі ацэньваецца са знакам плюс. А таксама пацвярджае старыя міфалагемы Лукашэнкі аб намеры Польшчы захапіць заходнюю Беларусь.

Правадыры Расеі і Беларусі жывуць ва ўяўленнях класічнай геапалітыкі першай паловы ХХ стагоддзя. Тады захоп чужых тэрыторый лічыўся эфектыўным спосабам атрымання эканамічных, палітычных дывідэндаў. Ужо ў другой палове ХХ стагоддзя, з крахам каланіяльнай сістэмы, гэтыя ўяўленні састарэлі. Але для афіцыйных Масквы і Менска час спыніўся.

Увогуле, гэтыя частыя сустрэчы Лукашэнкі з Пуціным нагадваюць сеансы ўзаемнай псіхатэрапіі. Цікава глядзець, як яны ва ўнісон спрабуюць даказаць, што чорнае - гэта белае. Толькі прэзідэнт Расеі паспеў заўважыць, што “расейская эканоміка вельмі годна вытрымлівае санкцыйны ўдар”, як Лукашэнка падхапіў і творча развіў гэтую думку. Паводле яго слоў, "эканоміка ў Расеі і наогул у нас у саюзе не проста ўмацоўваецца, а нечакана інтэнсіўна ўмацоўваецца", "падае ўзровень беспрацоўя", "рубель умацоўваецца шалёнымі тэмпамі" і імпартазамяшчэнне магчымае за "смешныя грошы". Гэта значыць, санкцыі толькі на карысць.

Здаецца, што тут мы маем не толькі танны піяр, імкненне зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні. Ствараецца ўражанне, што і Пуцін, і Лукашэнка самі вераць у гэтыя прапагандысцкія лозунгі насуперак усім фактам і логіцы. Магчыма, такую інфармацыю яны атрымліваюць ад памагатых, ці патрабуюць менавіта такой інфармацыі. Ім камфортна жыць у нерэальным свеце.

Звяртае на сябе ўвагу тое, што Лукашэнка падчас усіх апошніх сустрэч з Пуціным дэманструе цуды прапагандысцкай эквілібрыстыкі, каб дагадзіць Пуціну, падыграць яму, паказаць сваю звышлаяльнасць. І робіць гэта публічна, нават на грані ўласнай добрай якасці. Дзеля чаго? Ёсць відавочны матыў: каб атрымаць ад Расеі эканамічную падтрымку. Але, здаецца, не толькі. Магчыма, такая дэманстратыўная лаяльнасць - для таго, каб адбіцца ад патрабаванняў Пуціна больш актыўна ўдзельнічаць у вайне ва Украіне.

Тут цікава, што якраз у дзень сустрэчы ў Сочы БелТА друкуе пасланне Лукашэнкі генеральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, перададзенае 18 траўня. У гэтым дакуменце Менск аспрэчвае свой удзел у вайне ва Украіне і ўсяляк дэманструе свае намаганні дасягнуць міру ў суседняй краіне. А Пуціну, нагадаю, Лукашэнка кажа: «Справа нашая справядлівая, і рана ці позна мы ўсё адно пераможам».

Гэтыя дзве паралельныя лініі ў замежнай палітыцы Беларусі, якія паміж сабой не перасякаюцца, адлюстроўваюць адчуванне пэўнай роспачы, у якой апынулася кіраўніцтва дзяржавы.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках