Двое беларусаў спрабавалі завезці ў Польшчу тысячу пачкаў кантрабандных цыгарэтаў
6- 18.05.2022, 18:44
- 6,618
Фотафакт.
Беларусы спрабавалі на двух аўтамабілях правезці амаль тысячу пачкаў кантрабандных цыгарэтаў у Польшчу. Ім пагражаюць крымінальныя артыкулы і вялікія штрафы. Пра гэта паведаміла Падляшская мытна-падатковая служба.
Супрацоўнікі Падляшскай мытна-падатковай службы непадалёк ад польска-беларускай мяжы спынілі два аўтамабілі для праверкі. Машыны былі з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі. Падчас дэталёвага агляду аўто высветлілася, што ў іх знаходзіцца дзясятак схованак з кантрабанднымі цыгарэтамі.
У машыне Opel, якой кіраваў 33-гадовы беларус, кантрабанду схавалі ў багажніку, пад заднімі сядзеннямі і ў тунэлі вагара пераключэння перадачаў.
42-гадовы кіроўца Mercedes схаваў кантрабандныя цыгарэты пад бамперам, у алейным паддоне і калектары рухавіка.
Усяго ў дзвюх машынах супрацоўнікі Падляшскай мытна-падатковай службы знайшлі амаль 1000 пачкаў беларускіх цыгарэтаў. У адносінах да кіроўцаў распачалі крымінальныя справы. Тавар быў выняты, кантрабандыстам пагражаюць вялікія штрафы.