26 красавiка 2024, Пятніца, 9:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна павінна спыніць гандаль з рэжымам Лукашэнкі

22
Украіна павінна спыніць гандаль з рэжымам Лукашэнкі
Наталля Радзіна

Санкцыі ў дачыненні да гэтага злачынца могуць рэальна змяніць сітуацыю ў Беларусі.

Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна заклікае ўкраінскія ўлады ўвесці эмбарга на гандаль з рэжымам Лукашэнкі, які падаў тэрыторыю Беларусі для расейскай агрэсіі. Пра гэта беларуская журналістка піша ў «Фэйсбуку»:

- На днях стала вядома, што Украіна ўстанаўлівае поўнае эмбарга на гандаль з Расеяй. Са слоў міністра эканомікі Юліі Свірыдэнкі, забарона расейскага імпарту штогод будзе блакаваць валютныя паступленні ў РФ на 6 млрд даляраў.

Дакладная і лагічная ва ўмовах вайны пастанова. Аднак здзівіла, што пры ўвядзенні гандлёвага эмбарга ў дачыненні да Расеі ўкраінскі бок не выказаўся наконт эканамічных стасункаў з галоўным палітычным і вайсковым хаўруснікам Крамля - рэжымам Лукашэнкі.

Чаму ж ні слова не сказана пра гандаль і эканамічныя дачыненні з Беларуссю, з тэрыторыі якой бамбавалі ўкраінскія гарады? Бо гэта ж лагічна ўвесці эмбарга адразу ў дачыненні да дзвюх краін - РФ і РБ, як гэта робяць Еўразвяз, ЗША, Вялікая Брытанія, Японія і Аўстралія. Краіны Захаду справядліва адносяць лукашэнкаўскую Беларусь да ўдзельнікаў агрэсіі ў дачыненні да Украіны і ўводзяць супраць яе эканамічныя санкцыі разам з пуцінскай Расеяй.

Чым небяспечная адсутнасць аналагічных санкцыяў супраць Беларусі? Тым, што ўкраінскае эмбарга будзе дзіравым.

Я добра памятаю, як у 2014 годзе пасля акупацыі Расеяй Крыма і захопу часткі Данбаса, у тым ліку, з падачы ўкраінскага боку дыктатарская Беларусь стала не толькі перамоўнай пляцоўкай наконт Украіны, але і ператварылася ў сапраўдны кантрабандны хаб, дзякуючы якому санкцыі ў дачыненні да Расеі абыходзілі ўсе, каму не лянота. У тым ліку, Украіна, якая атрымлівала з Беларусі расейскія энэргарэсурсы і прамысловую прадукцыю. Расея ж тады практычна не адчула ўдару ад эканамічных абмежаванняў, бо імпартныя тавары бесперашкодна ішлі на яе рынак праз тэрыторыю саюзнай Беларусі.

Да чаго гэта прывяло, мы бачым сёння ў Марыупалі, Валнавасе, Бучы, Барадзянцы і Харкаве.

Вельмі б хацелася, каб хваля справядлівага ўкраінскага гневу ў дачыненні да пуцінскай марыянеткі Лукашэнкі не патанула ў прагнасці асобных палітычных дзеячаў і бізнэсоўцаў, якія, прыкрываючыся эканамічнымі інтарэсамі краіны, будуць набіваць партманэты на гандлі з агрэсарамі.

Што яшчэ не зразумела з Лукашэнкам пасля таго, як ён добраахвотна падаў інфраструктуру краіны для расейскіх ракет, танкаў і авіяцыі; пасля яго заяваў аб «намеры Украіны першай напасці на Беларусь» і адкрыццяў аб «спецаперацыі ангельцаў у Бучы»?

Санкцыі ў дачыненні да гэтага злачынца могуць рэальна змяніць сітуацыю ў Беларусі: большасць прадпрыемстваў краіны сёння мае вялікія цяжкасці з пастаўкамі камплектуючых, сыравіны і збытам прадукцыі. У краіне па факце пачынаецца ўсеагульная забастоўка, якая можа прывесці да доўгачаканых перамен.

Не замінайце дыктатуры падаць, бо час ужо давёў тое, што мы казалі шмат гадоў: толькі свабодная і дэмакратычная Беларусь можа быць гарантам бяспекі Украіны.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках