26 красавiка 2024, Пятніца, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У даваенным доме ў цэнтры Менска прадаецца кватэра з дзіўнай ваннай-басейнам

32
У даваенным доме ў цэнтры Менска прадаецца кватэра з дзіўнай ваннай-басейнам

Дом быў пабудаваны ў 1936-м годзе.

Гэты пяціпавярховы дом насупраць Вялікага тэатра оперы і балета быў пабудаваны ў 1936 годзе. Першапачаткова кватэры ў доме на скрыжаванні вуліцаў Багдановіча і Старажоўскай атрымлівалі чырвоныя камандзіры і наменклатурныя працаўнікі. Сёння дом знакаміты не толькі гісторыяй, але і незвычайнымі архітэктурнымі ідэямі. Цяпер тут прадаецца траячка з незвычайнай ваннай-басейнам.Realt апавядае пра дом і кватэру падрабязней.

Падчас вайны з элітным домам адбылася трагедыя – у пабудову патрапіла бомба, ад якой загінула больш за 100 чалавек. Аднак ужо ў 1947 годзе будынак аднавілі палонныя немцы. Кватэры ў адрэстаўраваным доме зноў раздалі прадстаўнікам менскай эліты – кіраўнікам прадпрыемстваў, працаўнікам культуры.

У будынку першапачаткова было пяць пад'ездаў, чатыры з іх засялялі прадстаўнікі наменклатуры, а пяты – прыслуга: кіроўцы і хатнія прыслужніцы, якія абслугоўвалі наменклатуру. Праз гэта ў пад'ездах – розныя планіроўкі кватэраў. У элітных «парадных» можна знайсці прасторныя трох- і чатырохпакаёвыя кватэры, а ў пад'ездзе «для прыслугі» – толькі невялікія двушкі.

Яшчэ адна «славутасць» дома – міні-басейны ў кожнай кватэры. Як кажуць, пры будаўніцтве праектавальнікі не змаглі знайсці чыгунныя ванны, таму пастанавілі зрабіць «купальні» грунтоўнымі – з цэменту і жалезабетонных бэлек, утапіўшы канструкцыю ў падлогу.

У выніку ў кожнай кватэры з'явіліся свае міні-басейны. Для таго каб спусціцца ў ванную, тут прадугледжаная спецыяльная прыступка. Праўда, на паверх вышэй знаходзіцца дакладна такая ж канструкцыя, зверху правісае «басейн» суседа.

Першапачаткова ванны не былі абкладзеныя пліткай. Гэта было зроблена толькі падчас капрамонту ў 70-я гады. Кажуць, карыстацца такімі басейнамі зручна – толькі ваду набіраць даводзіцца доўга.

Цяпер у доме, які з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, прадаецца адна кватэра.

На продаж выстаўленая, напрыклад, трохпакаёвая кватэра плошчай 74 квадратныя метры.

Размяшчаецца жыллё на чацвёртым паверсе. У кватэры – нядрэнны рамонт, высокія столі і вялікія вокны. Міні-басейн тут таксама прысутнічае!

Кошт траячкі побач з Нямігай, Траецкім Прадмесцем і набярэжнай Свіслачы – 150 тысячаў даляраў.

Напісаць каментар 32

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках