На Беларускай АЭС адбылося апрамяненне персаналу
40- 28.12.2022, 16:45
- 72,568

Па часе з інцыдэнтам супаў «планава-папераджальны рамонт».
На Беларускай АЭС адбылося апрамяненне персаналу. Гэта адбылося ў красавіку 2022 года. Інфармацыя аб здарэнні трымалася ў сакрэце.
Судзячы па звестках, якія мае рэдакцыя «Еўрарадыё», па ўнутраных каналах аб здарэнні паведамлялася ў прамежку ад 17 да 29 красавіка.
Па часе з інцыдэнтам супаў «планава-папераджальны рамонт», на які ў канцы красавіка быў спынены першы энэргаблок Беларускай АЭС. Планавалася, што ён працягнецца блізу 80 дзён, за якія будзе праведзеная першая ў гісторыі станцыі перагрузка ядзернага паліва.
Аднак, насуперак агучаным планам, рэактар быў заглушаны на паўгода - яго вярнулі ў электрасеткі толькі 9 лістапада.
Як мы даведаліся аб здарэнні
Праз «дзіркі» ў сістэме электронных зваротаў у дзяржорганы, якая працуе ў Беларусі, стаў даступны змест некалькіх тысяч такіх зваротаў. Сярод іх мы знайшлі ліст, дасланы на адрас БелАЭС ад імя ТАА «НафтаХімДыягностыка». У графе «Адрас электроннай пошты заяўніка» мы бачым адрас filipovets@bk.ru. Раман Алегавіч Філіпавец - дырэктар ТАА «НафтаХімДыягностыка».
У тэме звароту пазначана: «Заява - папярэджанне аб апрамяненні персаналу». А ў яго тэксце сказана, што відэа моманту апраменьвання людзей дасланае на электронную пошту belaes@belaes.by. Гэта афіцыйны кантактны мэйл адміністрацыі БелАЭС.

Сістэма зваротаў, аб якой ідзе размова, інтэграваная ў сайты дзяржорганаў. У тым ліку і ў сайт БелАЭС. Каб адправіць зварот, трэба запоўніць вось такую форму:

Цяпер «дзірка» закрытая — доступ да зместу адпраўленых у дзяржорганы зваротаў абмежаваны. Аднак зварот у БелАЭС, пра які ідзе размова, па-ранейшаму можна знайсці ў вэб-архіве.
Чым займаецца «НафтаХімДыягностыка»
Кампанія спецыялізуецца на абслугоўванні тэхналагічнага абсталявання і тэхналагічных установак на небяспечных вытворчых аб'ектах. Яна працуе па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Сярод тыпаў дзейнасці, указаных на сайце «Нафтахімдыягностыкі», — работы па тэхнічным дыягнаставанні тэхналагічнага абсталявання, якое эксплуатуецца на небяспечных і патэнцыйна небяспечных аб'ектах.
Мы не знайшлі наўпроставых сувязей паміж Беларускай АЭС і ТАА «НафтаХімДыягностыка». Аднак супрацоўнікі кампаніі сапраўды маглі выявіць апрамяненне персаналу на атамнай электрастанцыі. На сайце «НафтаХімДыягностыкі» сказана, што яна ў ліку іншага абслугоўвае «Прадпрыемствы энэргетыкі Рэспублікі Беларусь».

Што кажуць на БелАЭС і ў «Нафтахімдыягностыцы»
У інфацэнтры атамнай станцыі нам не змаглі адназначна сказаць, было апраменьванне ці не.
- З запытам працаваў, напэўна, наш цэх радыяцыйнай бяспекі, калі быў такі запыт. Бо я сумняваюся. І якое там апраменьванне магло быць? — Пытаюцца ў нас і прапануюць напісаць афіцыйны запыт па тэме.
Журналісты датэлефанаваліся да дырэктара «НафтаХімДыягностыкі» Рамана Філіпаўца. Пасля нашага пытання аб апраменьванні ён на некаторы час задумаўся. А потым папрасіў звязацца з ім пазней:
- Не зусім зручна мне гаварыць. Вы можаце мне напісаць? А я вам адкажу, калі выйду на сувязь.
Пазней ён прапанаваў нам сустрэцца «пасля НГ і свят», «падрабязна ўсе гэтыя пытанні разабраць», «пагартаць паперы і ўсё абмеркаваць».
Што магло адбыцца
Акрамя відавочнай версіі: надзвычайнае здарэнне ў працы атамнай станцыі - трэба разгледзець і іншыя. Бо са звароту незразумела, аб персанале якой арганізацыі ідзе гаворка. Апраменіцца маглі не толькі супрацоўнікі БелАЭС, але і працаўнікі самой «Нафтахімдыягностыкі». Напрыклад, падчас гама-дэфектаскапіі, каментуе сітуацыю фізік-ядзершчык Андрэй Ажароўскі.
Гама-дэфектаскапія - спосаб пошуку дэфектаў з дапамогай радыеактыўнага выпраменьвання. Такая дыягностыка можа праводзіцца на АЭС. А ў «НафтаХімДыягностыкі» ёсць атэстацыя на радыеграфічную дэфектаскапію.
- Або апрамяненне магло адбыцца пры працы з нафтавымі трубамі - на іх магчымы асадак торыю і ўрану. То бок, гэта не абавязкова звязана з працай АЭС, — дадае Ажароўскі.
Таксама пакуль незразумела, ці звязанае апрамяненне з працяглым рамонтам на Беларускай АЭС.