26 красавiка 2024, Пятніца, 6:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Калегава: Гісторыя Мікалая Статкевіча дае мне магчымасць трымацца далей

3
Наталля Калегава: Гісторыя Мікалая Статкевіча дае мне магчымасць трымацца далей
Наталля Калегава

Людзі аб'ядноўваюцца для вызвалення Беларусі.

Многія беларусы, якія трапілі ў Літву пасля пратэстаў 2020-га года, прайшлі праз цэнтр «Дапамога», якім кіруе Наталля Калегава. Разам з сайтам Charter97.org Наталля падвяла вынікі гэтага года.

- Якім гэты год быў для дыяспары ў Літве?

- Складана сказаць за ўсю дыяспару. Магу расказаць пра тую частку, якой я дапамагаю. У асноўным гэта людзі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь у апошні момант, выбіраючы паміж турмой і эміграцыяй. Першая палова года была звязана з прыходам вельмі актыўных людзей, якія жадалі шмат што змяніць, у сувязі з гэтым гэта быў дастаткова актыўны час. Апошнія месяцы былі ўжо, магчыма, звязаныя са стомленасцю, расчараваннямі, якія паўплывалі на беларусаў у Літве. Гэта звязана, скажам так, з адсутнасцю палітычнага руху, але мы па-ранейшаму трымаемся разам.

Цяпер любыя падзеі, звязаныя з Украінай, прывядуць да вяртання беларусаў для таго, каб змагацца за вызваленне радзімы. Літоўская дыяспара, звязаная з нашай арганізацыяй, актыўна займаецца тым, каб падтрымліваць гэты кірунак.

- Якія самыя галоўныя падзеі для Беларусі сёлета вы б вылучылі?

— Колькасць нашых людзей з дыяспары, якая пайшла на фронт, дастаткова істотная, я маю на ўвазе тых беларусаў, якія ваююць зараз ва Украіне. Менавіта гэты ўдзел і ўвогуле падзеі, якія вакол гэтага адбываюцца, аб'ядноўваюць людзей выразнай верай, што іх галоўнай мэтай з'яўляецца вызваленне Беларусі.

Многія перайшлі да больш сур'ёзных дзеянняў - вывучэння беларускай мовы, актыўнай фізічнай падрыхтоўкі для вяртання дадому. Таму ўдзел Лукашэнкі ў вайне толькі спрыяе ягонай гібелі.

- Хто, на вашую думку, галоўныя героі і антыгероі гэтага года?

- Антыгероямі, па-ранейшаму, застаюцца Лукашэнка і Пуцін. Яны нават не антыгероі, для мяне яны сталі такой злой мясцінай і ёсць жаданне, каб гэтая злая мясціна ператварылася ў пустку. Таму нават у такім антыгеройскім сэнсе іх не хацелася б успамінаць.

Калі мы гаворым пра гэты год, для ўсіх стала падзеяй, што Уладзімір Зяленскі стаў чалавекам, які творыць гісторыю. На жаль, існыя так званыя беларускія лідары, якія на волі, не робяць гісторыю, а кладуцца пад яе. І гэта тая розніца паміж двума, так скажам, народнымі лідарамі - Зяленскім і, да прыкладу, Святланай Ціханоўскай. Пры ўсёй павазе да яе, яна не творыць гісторыю.

На сённяшні момант асабіста для мяне адкрыццём стаў Мікола Статкевіч, я цяпер назіраю дастаткова сур'ёзна за ягоным шляхам нават у турме. Для мяне гэта такая гісторыя, якая дае мне магчымасць трымацца далей. Гэта гісторыя Марыны Адамовіч і Мікалая Статкевіча, гэта і гісторыя Паліны Шарэнды-Панасюк і Андрэя Шарэнды. Назіраючы за гэтымі двума гісторыямі, я знаходжу сілы далей дапамагаць людзям.

- Якія прагнозы вы б зрабілі на наступны год?

- Ведаеце, я геапалітыкай не займаюся, але ў мяне ёсць прадчуванне. На сённяшні момант я бачу, што, хутчэй за ўсё, да канца вясны многім краінам стане канчаткова зразумела, што зіму яны перажылі і без Пуціна, без яго газу і не так страшна. Людзі зразумеюць, што больш выгадна ўкладваць сродкі і сілы ў аднаўленне, а не смерці і зброю.

Веру, што ў наступным годзе адбудзецца канчатковы паварот вайны ва Украіне і тады ў Расеі могуць пачацца свае ўнутраныя хваляванні, хаця да іх, вядома, яшчэ далёка. Але гэта мая надзея і вера, што ў пэўных рэгіёнах, менш залежных ад Пуціна, такіх як Петразаводск, Хабараўск ці Іркуцк, пачнуцца такія працэсы.

У Беларусі ж сітуацыя такая, што калі Украіна пачне перамагаць, а Лукашэнка не «пакладзе свой кіпцюр» у гэтую вайну ў выглядзе наступлення з выкарыстаннем беларускага войска, то ён пачне выкручвацца і прасіць прабачэння ў Зяленскага. І вось тут мы, вядома, можам быць расчараваныя, што Зяленскі скажа «разбірайцеся самі». Тут ужо беларусам давядзецца дзейнічаць самім.

Шчыра кажучы, нягледзячы на адсутнасць усіх актыўнасцяў, я назіраю, што людзі ў Беларусі зараз думаюць толькі пра вайну, яны не думаюць ужо ні пра якія пратэсты, ні пра што. Як толькі вайна ў іх адыдзе на другі план, людзі абавязкова прыгадаюць тое, якімі яны былі ў 2020-м. І нагодай будзе не тое, што Украіна нам дапаможа, а што людзі самі захочуць і змогуць сабрацца з адзінай мэтай.

Я ведаю вялікую колькасць такіх людзей. Тут я не на апытанні спадзяюся, а кажу пра сувязі з людзьмі на радзіме. Мяркую, што ў наступным годзе ў галовы беларусаў увойдуць пераможныя думкі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках