Пра блогера беднага…
5- Андрэй Саннікаў
- 14.12.2022, 15:00
- 11,770
Вельмі важна паказаць рэальны маштаб рэпрэсіяў у Беларусі.
На днях Міжнародная федэрацыя журналістаў апублікавала звесткі аб журналістах, якія знаходзяцца за кратамі. Беларусь у гэтым спісе знаходзіцца на 5-м месцы з 33 журналістамі. Перад намі Іран (34), Турцыя (51), М'янма (64), Кітай і Ганконг (па 84).
Насамрэч Беларусь, хутчэй за ўсё, уваходзіць у ганебную тройку.
У Беларусі чамусьці да журналістаў не адносяць блогераў, хаця яны функцыянальна адпавядаюць вызначэнню «сродак масавай інфармацыі», асабліва тыя з іх, хто асвятляе грамадска-палітычныя тэмы.
У іншых краінах з гэтага спісу мяркуецца, што блогер акурат належыць да журналісцкай прафесіі.
Напрыклад, кітайскі блогер Лу Чанпінь, або Эскіндэр Нега з Эфіопіі, якога кідалі за краты больш за 10 разоў, узнагароджаны прэміяй міжнароднага ПЭН, блогер з Савудаўскай Арабіі Раіф Бадаві, іранец Сеед Хасэйн Ранагхі Малек і г.д.
Іх вызвалення патрабуюць як журналістаў, якія выконвалі свой абавязак.
Да гэтай прафесіі ў свеце адносяць нават грамадскіх журналістаў, напрыклад, вядомую Чжан Чжань, якая паведаміла аб каранавірусе ва Ухані, за што яе прысудзілі да 4 гадоў турмы.
У нас жа чамусьці не бачаць у блогерах журналістаў, хаця некаторыя, напрыклад, Ігар Лосік, уключаны ў спіс БАЖ рэпрэсаваных журналістаў. А Эдуард Пальчыс чамусьці не.
На мой погляд, вельмі важна казаць пра блогераў, якіх лукашэнкаўскі рэжым кінуў за краты, як пра журналістаў. Гэта ў мірным жыцці можна спрачацца аб тым, наколькі дарэчы залічваць блогераў да журналістаў, а на вайне, якую з намі вядзе Лукашэнка, неабходна памятаць пра ўсіх ваеннапалонных, дамагацца іх вызвалення ўсімі сродкамі.
Журналісцкая салідарнасць у свеце традыцыйна моцная, і часта дапамагае вызваліць вязняў сумлення. Імёны журналістаў за кратамі звычайна робяцца такімі ж вядомымі ў свеце, як і імёны апазіцыйных палітыкаў. Існуюць моцныя журналісцкія міжнародныя арганізацыі, якія прыцягваюць да рэпрэсаваных журналістаў сусветную ўвагу, дапамагаюць іх сем'ям.
Мы, на жаль, не ведаем імёнаў большасці палітычных зняволеных, а яны ўсе павінны гучаць кожны дзень па ўсіх інфармацыйных каналах. Уключэнне блогераў у спіс журналістаў за кратамі дапаможа хаця б іх імёны вывучыць і прамаўляць.
Да блогераў, дарэчы належаць і Сяргей Ціханоўскі. Шмат хто ведае берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, чулі пра Шэрага Ката і MozgOn. Затое наўрад ці ўспомняць баранавіцкага Дзмітрыя Цімафеева, гарадзенца Вадзіма Ермашука, Дзяніса Барсукова з Рэчыцы, Руслана Лінніка і многіх іншых.
Вось чаму Беларусь, на мой погляд, стаіць вышэй у гэтым ганебным спісе.
Вельмі важна паказваць рэальны маштаб рэпрэсій у Беларусі: тысячы палітвязняў і сярод іх дзясяткі журналістаў.
Добра было б, каб БАЖ перагледзеў спісы журналістаў за кратамі і ўключыў у іх блогераў. Зрабіць гэта нескладана, а карысць можа быць большая.
Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»